На месцах інфармацыю аб магчымых затрыманьнях кіраўніцтва не камэнтуюць.
Інфармацыя пра затрыманьне дырэктара Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіла Крыштаповіча зьявілася ў суботу 24 студзеня. Як мяркуецца, ён быў адным з пасажыраў рэйсу «Белавіа» зь Менску ў Мюнхэн, якіх зьнялі з самалёта ў Горадні.
Мяркуецца, разам з Крыштаповічам у самалёце быў таксама ягоны калега, дырэктар Слуцкага цукровага заводу Мікалай Пруднік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самалёт, які ляцеў зь Менску ў Мюнхэн, разьвярнуўся над Уроцлавам і сеў у Горадні. Што здарылася?«Мікалай Паўлавіч зь пятніцы ў адпачынку, — паведамілі Свабодзе ў прыёмнай прадпрыемства. — Званіце праз два тыдні. Ён напісаў заяву на водпуск працягласьцю два тыдні, гэта ўсё, што я магу вам сказаць».
Намесьнік дырэктара па ідалёгіі цукроварафінаднага камбінату ў Слуцку Яўген Шапавалаў сказаў карэспандэнту Свабоду, што ня ведае, дзе цяпер генэральны дырэктар прадпрыемства Мікалай Пруднік.
«Ён у плянавым адпачынку зь пятніцы», — кажа Шапавалаў, але дадае, што на сувязь дырэктар з таго часу не выходзіў. Пра тое, ці працавала на камбінаце сьледчая група і ці выклікалі супрацоўнікаў на допыты, Шапавалаву таксама невядома.
Яўген Шапавалаў выказваецца пра Прудніка як пра вельмі добрага кіраўніка, на якім «тут усё трымаецца». Пруднік працуе дырэктарам заводу з 2004 году, раней быў намесьнікам, прыйшоў на камбінат з пасады кіраўніка нарыхтоўчага пункту.
«Такімі людзьмі нельга раскідвацца», — лічыць Шапавалаў. Пра сувязі з Гарадзейскім і Жабінкаўскім цукровымі заводамі сказаў, што калегі зь іх часта бываюць у Слуцку, дзеляцца досьведам. Работнікі са Слуцку таксама часта езьдзяць на іншыя цукровыя прадпрыемствы.
Работнікі Слуцкага цукровага камбінату, якіх журналіст сустрэў каля прахадной, размаўляць адмовіліся.
«Вельмі добры чалавек, што б пра яго ні сказалі, людзі не павераць», — кажа пра Прудніка жыхарка Слуцку. У горадзе згадваюць, што Слуцкі камбінат быў апошнім, які прымусілі перадаць 70% акцый дзяржаве.
«На камбінаце вельмі моцная сыстэма сацыяльнай абароны. Жанчынам у дэкрэце даплочвае прадпрыемства. Мая дачка ў дэкрэце, як там працавала, атрымлівала да 1000 рублёў», — кажа Жанна са Слуцку.
Людзі кажуць, што заробкі на камбінаце — 700–800 рублёў.
Няма на працоўным месцы ў панядзелак і дырэктара цукровай фабрыкі ў Жабінцы Віктара Міронава. Пра яго затрыманьне паведамляюць мясцовыя СМІ.
«Дырэктара на месцы цяпер няма, — сказалі Свабодзе ў прыёмнай Міронава. — І я ня ведаю, калі ён будзе».
Кіраўніка цукровага заводу ў Скідзелі Дзьмітрыя Ягорава таксама ў панядзелак на працоўным месцы не аказалася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь змагаецца з цукровым дэмпінгам расейскіх вытворцаўУ канцы лета мінулага году сытуацыю ў цукровай галіне раскрытыкаваў кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка.
«Вы мне не пакутуйце, — сказаў Лукашэнка падчас візыту ў Смалявіцкі раён у адрас кіраўніцтва Мінсельгасхарчу і Менскай вобласьці. — Ваша справа — прадаць тое, што вырасьцілі сяляне. Расея не адзіная ў сьвеце. Ужо цяпер трэба варушыцца. Ня толькі і ня столькі ў полі, а шукаць рынкі рэалізацыі. Яны прыбяруць, нарыхтуюць, а нам трэба дапамагчы ім прадаць... Думайце, дзе вы будзеце прадаваць цукар. Зьніжаць вытворчасьць ні ў якім разе нельга. Пажадана захаваць узровень даходнасьці хаця б мінулага году».
Праваахоўныя органы інфармацыю пра затрыманьні кіраўнікоў цукровых заводаў пакуль не камэнтуюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-кіраўнік Магілёўшчыны хоча спагнаць са СМІ 5,2 мільёна эўра