Былых дэпутатаў Вярхоўнага Савету Пётру Садоўскага і Лявона Баршчэўскага суд Цэнтральнага раёну Менску сёньня аштрафаваў за ўдзел у акцыі ў супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй, у абарону незалежнасьці Беларусі.
Абодва палітыкі прыйшлі на паседжаньне суду і даводзілі незаконнасьць іх перасьледу, але абодвух па выніках суду пакаралі штрафамі па 810 беларускіх рублёў.
«Гэта была прафанацыя судовага працэсу, сьведкі пайшлі на службовы падлог, непраўдзівыя сьведчаньні. Замест апэратыўных здымак суд выкарыстаў онлайн-трансьляцыі Радыё Свабоды і „Белсату“. У судзе я працытаваў закон аб сродках масавай інфармацыі, даводзіў што гэтыя відэаматэрыялы ня могуць разглядацца як доказы ў судзе, што яны ня маюць права без дазволу карыстацца імі, што не было даты і часу», — сказаў Свабодзе Лявон Баршчэўскі.
Суд над Пётрам Садоўскім таксама прайшоў без уліку довадаў абвінавачанага, у такім самым абвінаваўчым ключы, паведаміў Баршчэўскі.
Былога дэпутата Пётру Садоўскага судзілі за ўдзел у акцыі 7 сьнежня па дапрацаваным пратаколе, разглядала справу судзьдзя Тацяна Акавітая. Садоўскі не прызнаў сваю віну, спасылаўся на Канстытуцыю і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Ён сярод іншага адзначыў, што калі распрацоўвалі Канстытуцыю, ён прадстаўляў гэты Пакт перад Вярхоўным Саветам.
Па яго словах, 7 сьнежня ён на плошчы сьпяваў песьню на словы Янкі Купалы «А ў бары, у бары тры дарожанькі». Ён адзначыў, што міліцыя сфабрыкавала пратакол супраць яго. «Ілжывы экспромт» – так назваў гэты пратакол Садоўскі.
Сьведкамі па справе выступілі міліцыянты Кавальчук і Сьветкін. Апошні сказаў на судзе, што «Садоўскі выступаў пасродкам вымаўленьня прамовы»,– паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Пётра Садоўскі і Лявон Баршчэўскі як дэпутаты галасавалі за незалежнасьць Беларусі.
Цягам сьнежня і пачатку студзеня ў гарадах Беларусі ішлі суды за акцыі пратэсту. Агульная сума штрафаў перавысіла 100 тысяч рублёў, больш за дзясятак чалавек асуджаныя агулам на 240 сутак арышту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: +2430 рублёў штрафаў. У Беларусі аднавіліся суды супраць незалежнікаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аднавіліся суды над удзельнікамі акцый супраць «паглыбленай» інтэграцыі з Расеяй