Boeing новай мадэлі зьдзейсьніў першы выпрабавальны палёт

Boeing 737 MAX 8

У Злучаных Штатах зьдзейсьніў першы выпрабавальны палёт новы самалёт карпарацыі Boeing — Boeing 777X.

Ляйнэр вылецеў з аэрадрома ў горадзе Эвэрэт, дзе разьмешчаны авіябудаўнічы завод Boeing, і праз чатыры гадзіны прызямліўся ў Сіэтле.

Распрацоўка новай мадэлі вядзецца з 2013 году. Чакалася, што першы палёт адбудзецца яшчэ летась, аднак ён быў адкладзены спачатку з прычыны дзьвюх катастрофаў «Боінгаў» іншай мадэлі — 737MAX, а потым праз выяўленыя праблемы з рухавіком.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэты самалёт сканструяваны клоўнамі». Boeing апублікавала перапіску супрацоўнікаў аб самалёце 737 MAX

Boeing 777X — шырокафюзеляжны самалёт, разьлічаны на працяглыя рэйсы. Ён можа памясьціць да 426 пасажыраў. Пры гэтым, у адрозьненьне ад большасьці шырокафюзеляжных самалётаў, у ім толькі два рухавікі, таму ён траціць менш паліва, чым іншыя падобныя самалёты. Гэта самы буйны на сьвеце пасажырскі самалёт з двума рухавікамі.

Эксплюатацыя самалёта, як мяркуецца, пачнецца ў 2021 годзе.