У ваўкавыскай сярэдняй школе № 8 па-польску вучацца 287 дзяцей, некаторыя настаўнікі зарабляюць да 1000 рублёў, ёсьць Музэй лесу, і ўжо ў 4-й клясе ўсе вучні ўмеюць танцаваць палянэз. Свабода наведала «польскую» школу і расказвае, як там вучыцца.
Сёлета набралі 36 першакляшак
«Конкурсу ў нас няма, бяром усіх ахвотных», — кажа дырэктарка школы Галіна Булай. — Але ў кожнага з бацькоў я пытаюся, якая ў іх матывацыя аддаць дзіця менавіта ў школу з польскай мовай навучаньня. Ёсьць дзеці зь сем’яў этнічных палякаў, ёсьць са зьмяшаных, дзе адзін з бацькоў паляк, другі беларус. Ёсьць дзеці зь беларускіх сем’яў. Вучыўся Анар Азізаў, у якога бацька азэрбайджанец, а маці полька (цяпер ён намесьнік дырэктара будаўнічай фірмы ў Менску)».
«Я ведаю ўсіх 287 вучняў па імёнах, ведаю ўсіх бацькоў і нават бабуль і дзядуль», — кажа пані Галіна.
Пэдагогаў тут называюць без імёнаў па бацьку: пані Ірэна, пані Таня, пані Гэлена, пані Вольга.
Першаклясьнікі прыходзяць у школу, ня ведаючы нават азоў польскай мовы, бо цяпер у сем’ях па-польску не размаўляюць нават этнічныя палякі, кажа настаўніца 4-й «В» Алена Макавецкая.
«Я стараюся не пераходзіць на расейскую мову, тлумачу на малюнках, прыдумляю нейкія хады, каб здагадаліся, пра што ідзе гаворка. Паступова вучацца, у чацьвёртай клясе большасьць пачынае разумець і размаўляць па-польску», — дадае пані Алена.
Школу пабудавалі замест Польскага дома
У Беларусі дзьве школы з польскай мовай навучаньня — 8-я ў Ваўкавыску і 36-я ў Горадні.
У 1992 годзе ў Ваўкавыску на прапанову жыхароў польскага паходжаньня была адчыненая першая польская кляса. У 1993 годзе Ўправа ваўкавыскага аддзелу Саюзу палякаў зьвярнулася да мясцовых уладаў з прапановай пабудаваць школу на месцы, зацьверджаным для будаўніцтва Польскага дома.
З рашэньнем улады цягнулі, бо трэба было знайсьці грошы і зрабіць праект. Будаўніцтва пачалося ў 1998 годзе. Арыгінальны праект будынку выканаў горадзенскі архітэктар Рышард Кацынэль. Будавалі школу палякі «па бартэры»: беларускія будаўнікі ўзамен узводзілі беларускую школу на Беласточчыне. Але цяпер ваўкавыская «польская» школа цалкам на балянсе раённага ўпраўленьня адукацыі.
Сучасны чатырохпавярховы будынак у цэнтры Ваўкавыску зь цікавымі канструкцыямі арганічна ўпісаўся ў няроўны рэльеф мясцовасьці.
Замест актавай залі — круглы форум з бальконамі і шкляным купалам. Тут праходзяць усе ўрачыстасьці, сьвяты, бацькоўскія сходы.
У школе 16 вучэбных кабінэтаў, 2 кабінэты ангельскай мовы. Усе яны пафарбаваныя ў розныя колеры, многія маюць «няправільную» геамэтрычную форму (звыклых прастакутных і квадратных — адзінкі). Са спартовай заляй і бібліятэкай будынак школы злучаны галерэяй, у якую сьвятло падае праз шкляную столь. Уздоўж сьцен галерэі — гравюры і акварэлі Вітольда Карпызы, выдатнага знаўцы гісторыі Ваўкавышчыны.
Сёлета ў школе навучаюцца 287 дзяцей. Сярэдняя напаўняльнасьць клясаў — 18 чалавек.
«Вучацца тут ня толькі гарадзкія, дзетак прывозяць і з навакольных вёсак. 5 школьнікаў давозяць аўтобусам раённага Ўпраўленьня адукацыі, 13 дабіраюцца самастойна прыгараднымі аўтобусамі, але квіткі ім аплочваюць зь мясцовага бюджэту, адна дзевяціклясьніца па стане здароўя на хатнім навучаньні», — кажа дырэктарка школы Галіна Булай.
Пасьля чацьвёртай клясы дзеці ўжо размаўляюць па-польску
Пані Таня — Тацяна Мазець-Клачко вучылася ў сярэдняй школе № 7 Ваўкавыску, 8-й школы тады яшчэ не было. Паступіла ва Ўроцлаўскі ўнівэрсытэт на польскую філялёгію. Адвучыўшыся, вярнулася на радзіму, 19-ы год выкладае польскую мову.
«Пасьля чацьвёртай клясы дзеці ўжо гавораць па-польску. Часам, праўда, камплексуюць, калі саромеюцца зрабіць памылку ці ня ведаюць нейкага слова. Я спрабую празь беларускую мову патлумачыць, калі ім не хапае слоўнікавага запасу», — кажа пані Таня.
У 11-й клясе дзеці ўжо добра ведаюць польскую мову, свабодна на ёй размаўляюць. «Калі засвоілі школьную праграму», — дадае настаўніца.
Падручнікі польскай мовы ёсьць да 8 клясы ўключна. Яны беларускія, выдадзеныя ў выдавецтве «Народная асьвета», іх аўтарка — Гэлена Захаркевіч. Падручнікі па польскай літаратуры — да 11 клясы, выдавецтва Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
«Дзеці вывучаюць творчасьць клясыкаў польскай літаратуры Міцкевіча, Пруса, Славацкага. Спрачаюцца, чый Мікола Гусоўскі ці Адам Міцкевіч, бо некаторыя тэмы перакрыжоўваюцца зь беларускай літаратурай», — кажа пані Таня.
У школе вялікая бібліятэка — шмат дзіцячых кніг на польскай мове, слоўнікі, дапаможнікі, энцыкляпэдыі.
Настаўніца выказвае незадаволенасьць, што дагэтуль у Беларусі немагчыма прайсьці цэнтралізаванае тэставаньне па польскай мове.
«На ЦТ здаць польскую мову нельга (у адрозьненьне ад кітайскай). Чаму ня даць магчымасьць здаць ЦТ і па польскай мове? У нас жа столькі сумесных беларуска-польскіх прадпрыемстваў, мова запатрабаваная!» — мяркуе яна.
Усе прадметы выкладаюцца па-польску. Акрамя фізыкі
Дырэктарка Галіна Булай прызнаецца, што калі прыйшла ў гэтую школу на працу 20 гадоў таму, ведала па-польску літаральна тры фразы.
«Давялося самастойна вывучыць мову, прычым даволі хутка. Цяпер выкладаю біялёгію па-польску. І выкладаем, і кантактуем мы зь дзецьмі выключна па-польску, стараемся не пераходзіць на іншыя мовы, хіба што зь першакляшкамі.
Адна праблема ў нас — з выкладаньнем фізыкі, яна пакуль на расейскай мове. Але з пэрспэктывай — мы знайшлі маладога настаўніка фізыкі, вельмі талковы малады спэцыяліст, у якога маці таксама настаўніца фізыкі ў сельскай школе. Спадзяёмся, у наступным навучальным годзе будзе ўжо і ён па-польску выкладаць. Накіроўваем яго на ўсе курсы, ён вывучае польскую мову», — кажа дырэктарка школы пані Галіна.
У Горадзенскім абласным інстытуце разьвіцьця адукацыі пастаянна праводзяцца курсы прадметнікаў адмыслова для пэдагогаў дзьвюх школ з польскай мовай навучаньня. Туды запрашаюць адмыслоўцаў з Польшчы.
«Некаторыя пэдагогі з усімі надбаўкамі атрымліваюць да 1000 рублёў»
Кадрамі школа цалкам укамплектаваная — у ёй працуюць 43 пэдагогі.
«Стараемся стварыць усе ўмовы для пэдагогаў. І перш за ўсё — заробкі. Ёсьць настаўнікі вышэйшай катэгорыі, у якіх па 30 гадзін, і з усімі надбаўкамі яны зарабляюць па 1000 рублёў.
Некаторыя атрымліваюць больш за мяне, і я рада — у іх ёсьць стымул працаваць і нармальна ўтрымліваць сям’ю», — кажа дырэктарка Галіна Булай.
На працу настаўнікамі прыходзяць ужо былыя вучні школы. Так, гісторыю выкладае выпускніца гэтай школы 2003 году Марыя Бародзіч.
Больш за ўсё пераможцаў алімпіяд — па ангельскай мове
У школе вывучаюць 4 мовы: польскую, беларускую, ангельскую і расейскую.
Гэлена Краўчук — загадчыца катэдры ангельскай мовы. Працавала ў Польшчы, у гімназіі на Мазурах, там таксама выкладала ангельскую мову.
«З аднаго боку, хацела застацца, але атрымала добрую прапанову тут — працаваць у ваўкавыскай філіі International House. Вярнулася. Выкладала і ў нашым пэдагагічным каледжы: у першым выпуску ў мяне было 12 чалавек з чырвонымі дыплёмамі. Цяпер працую ў гэтай школе. І больш за ўсё пераможцаў алімпіяд сярод нашых школьнікаў — менавіта па ангельскай», — з гонарам кажа пані Гэлена.
Ангельскую дзеці вывучаюць зь першай клясы — па жаданьні, і абавязкова — з трэцяй клясы. 5 урокаў ангельскай мовы ў тыдзень — «од понедзялка до пёнтка», прычым упор робіцца на гутарковую мову, каб дзеці свабодна маглі размаўляць.
Дырэктарка школы пані Галіна жартуе: «Я неяк прысутнічала на адкрытым уроку і пазайздросьціла: нават тыя, хто ў мяне ледзьве гаворыць на біялёгіі, лёгка шпараць 10 хвілін на ангельскай!»
У старэйшых клясах ёсьць профілі з паглыбленым вывучэньнем матэматыкі і ангельскай, біялёгіі і ангельскай.
У школе два кабінэты ангельскай мовы. Нядаўна Ўпраўленьне адукацыі набыло для аднаго кабінэта ангельскай мультыборд (інтэрактыўную дошку новага пакаленьня — дысплэй, кампутар і тэлевізар).
«Многія выпускнікі атрымліваюць адукацыю ў Польшчы і вяртаюцца ў Беларусь»
Натуральна, мы пацікавіліся, колькі выпускнікоў паступаюць у польскія ВНУ, колькі — у беларускія. Дакладнай лічбы не пачулі.
«Большы працэнт паступае ў ВНУ Польшчы, меншы — у беларускія ВНУ. Але пасьля вучобы многія вяртаюцца ў Беларусь. Вось у нас на Дошцы гонару партрэты былых вучняў, якія скончылі нават па дзьве ВНУ ў Польшчы, вярнуліся і арганізавалі тут свой бізнэс. Дый нашы настаўнікі — 6 чалавек — скончылі ўнівэрсытэты ў Польшчы, вярнуліся сюды», — кажа дырэктарка школы пані Галіна Булай.
На пытаньне ў 9-й клясе, ці зьбіраецца хто з вучняў працягваць вучобу ў Польшчы, хлопец з задняй парты прамовіў: «Усе».
Прызнаўся, што сам зьбіраецца паступаць вучыцца ў Беласток на тэхніка-электрыка (там у яго вучыцца брат, які скончыў гэтую ж школу).
А адна з найлепшых вучаніц, выдатніца і пераможца шматлікіх алімпіяд, гонар школы Караліна Макавецкая яшчэ канчаткова ня вызначылася. Яна вучыцца ў 10 клясе.
Летась Караліна пазаймала на абласных алімпіядах другое месца па біялёгіі і па расейскай мове, трэцяе — па ангельскай і першае — па польскай. Сёлета — другія месцы ў раённых алімпіядах па біялёгіі і расейскай мове. Рыхтуецца да абласнога этапу.
«Я дакладна ведаю, што хачу стаць лекарам, але канчаткова — у які мэдунівэрсытэт, яшчэ ня вырашыла. Хачу паступіць на спэцыяльнасьць „лячэбная справа“. З прадметаў мне вельмі падабаюцца біялёгія і хімія», — кажа Караліна.
Тут у размову ўступае дырэктарка школы:
«Прыйшла да мяне Каралінка і просіць: „Пані Галіна, дайце мне якую-небудзь кнігу па біяхіміі, мне так цікава!“ Я знайшла дома таўшчэзны падручнік па біяхіміі для мэдунівэрсытэтаў, па якім вучылася мая сястра. Цяпер яна чытае падручнік запоем, кажа, што гэта вельмі цікава. Маці скардзіцца, што дзяўчына ўстае а 5 раніцы і чытае біяхімію, маўляў, мастацкая літаратура ёй не цікавая. А па прафэсійным навучаньні Каралінка абрала прафэсію швачкі. Строчыць у школьнай швейнай майстэрні па суботах», — расказвае пра захапленьні Караліны пані Галіна.
Музэй лесу, дзе «ўключаюцца» ўсе пяць пачуцьцяў
А яшчэ ў школе ёсьць Музэй лесу — адзіны ў краіне. За 4 гады яго наведалі больш за 9 тысяч чалавек з усяго сьвету. Экскурсіі па музэі школьнікі праводзяць на чатырох мовах — польскай, беларускай, расейскай, ангельскай.
«Сымбалем гораду зьяўляецца воўк, Ваўкавыск акружаны лясамі, і 7 дарог у горад вядуць празь лясы. Мы стварылі гэты музэй агульнымі намаганьнямі. Дапамагаў лясгас, бацькі, пэдагогі, дзеці цягнулі штосьці з дому. Адзін бацька падараваў нам вялізны ствол дуба. Другі зрабіў з гэтага дуба ўнікальную мэблю — доўгі стол і лавы, падстаўкі.
Ідэя музэю — „Пяць пачуцьцяў лесу“. Калі чалавек трапляе сюды, ён павінен разумець лес комплексна: бачыць, чуць, мацаць, адчуваць водар і смак», — кажа загадчыца музэю Гэлена Пяхоцкая.
Тут сапраўды стаіць своеасаблівы пах драўніны, зёлак. Ёсьць лясная кухня — можна прыгатаваць гарбату зь зёлкамі. Усе музэйныя экспанаты можна памацаць. Самы стары экспанат — інструмэнт разводзіць зубы пілы. На ручцы гравіроўка: Нью-Ёрк, ЗША, 1907 год.
У 4-й клясе ўсе вучні павінны ўмець танцаваць палянэз і вальс
Школа летась адзначыла 20-годзьдзе, але ўжо мае шмат традыцый. Да прыкладу, сьвята «Стоднювкі» — 100 дзён да выпускнога балю — прыйшло з польскіх школ. Звычайна яно ладзіцца ў лютым. Гэта сапраўдны баль, кожны раз з новай тэмай: летась «Оскар», пазалетась «Брадвэй». Дзяўчаты ў доўгіх бальных сукенках. Усе — і вучні, і настаўнікі, і дырэктарка — абавязкова танцуюць палянэз і вальс. Дарэчы, палянэз усе дзеці павінны ўмець танцаваць ужо ў 4-й клясе. І пажадана — кракавяк.
«Палова нашых дзяцей вучацца яшчэ і ў музычнай школе, і менавіта гэтым я тлумачу тое, што яны ведаюць ангельскую і маюць добрае вымаўленьне. Усё ўзаемазьвязана», — перакананая дырэктарка школы Галіна Булай.
Ёсьць сьвята сям’і «Фаміліяда», на якое прыходзяць з бацькамі, бабулямі, дзядулямі, братамі і сёстрамі.
Сябруюць школьнікі з польскімі гарадамі-пабрацімамі: Сэдльцам, Міхаловам, Гданьскам, Лембаргам, а таксама з Гусевым Калінінградзкай вобласьці, з малдаванамі. Езьдзяць у госьці.
«Асяродзьдзе ў нас полікультурнае, мы стараемся выхаваць павагу да ўсіх народаў», — кажа дырэктарка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Фізрукі ўратуюць гэтую краіну!» Як настаўнік адзінай беларускамоўнай школы раёну не дае яе ціха закрыцьГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як выглядае беларуская гімназія, якой 402 гады