Да раніцы пятніцы, 24 студзеня, колькасьць ахвяраў новага каранавірусу з Кітаю ўзрасла да 26 чалавек, паведамляе CNN.
Улады Кітаю афіцыйна пацьвердзілі ўжо 830 выпадкаў захворваньня грамадзян КНР. Інтэрнэт-супольнасьць лекараў і мэдыцынскіх работнікаў, якая адсочвае сытуацыю ў рэальным часе, паведамляе пра 881 пацьверджаны выпадак захворваньня.
У Кітаі ў дзесяці гарадах правінцыі Хубэй прыпынілі працу грамадзкага транспарту з прычыны пагрозы распаўсюду новага каранавірусу, піша The Guardian са спасылкай на мясцовыя ўлады. Спыненыя транспартныя зносіны з горадам Ухань, закрыты ў тым ліку аэрапорт і чыгуначныя станцыі для выезду. Аналягічныя меры былі прынятыя ў гарадах Эчжоу, Чыбі і Чжыцзяне. У некаторых гарадах перасталі працаваць кінатэатры, інтэрнэт-кавярні і іншыя забаўляльныя ўстановы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як засьцерагчыся ад кітайскага каранавірусу. АДНОЙ КАРЦІНКАЙ
Пакуль няма глябальнай пагрозы
Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ), якая напярэдадні cклікала экстранае паседжаньне, палічыла заўчасным аб’яўляць выбух пнэўманіі ў Кітаі, выкліканай новым тыпам каранавірусу, надзвычайнай сытуацыяй міжнароднага значэньня, заявіў гендырэктар СААЗ Тэдрас Адханом Гебрэйесус. Паводле яго, у арганізацыі пакуль няма дастатковай колькасьці інфармацыі для таго, каб прыняць такое рашэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З намі ляцелі кітайцы, цеплавізарамі не правяралі». Што адбываецца ў менскім аэрапорце ў сувязі з пагрозай вірусу з Кітаю«Гэта надзвычайная сытуацыя для Кітаю, але яна пакуль ня стала надзвычайнай сытуацыяй глябальнага маштабу», — заявіў Тэдрас. Пры гэтым кіраўнік СААЗ прызнаў наяўнасьць рознагалосьсяў у экстраным камітэце, скліканым для ацэнкі сытуацыі з распаўсюдам каранавірусу, абмеркаваньне пытаньня працягнецца 24 студзеня.
Паводле кіраўніка СААЗ, новы тып віруса выклікаў цяжкую хваробу ў чвэрці інфікаваных; большасьць памерлых мелі гіпэртанію, дыябэт ці сардэчна-судзінныя захворваньні, якія аслабілі іх імунітэт. Кіраўнік СААЗ таксама адзначыў адсутнасьць выпадкаў перадачы вірусу ад чалавека да чалавека па-за Кітаем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска ў эпіцэнтры каранавірусу: «Трое сутак не выходжу з дома»
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.