Кітайскія ўлады спрабуюць стрымаць распаўсюд небясьпечнага вірусу 2019-nCoV, ад якога ўжо загінулі 17 чалавек. Новым каронавірусам заразіліся прынамсі 500 чалавек. Выпадкі вірусу пацьверджаныя ўжо ў сямі краінах.
Улады Кітаю ўвялі карантын ужо ў трох гарадах. Днём 22 студзеня карантын увялі ў горадзе Ўхань, дзе былі зафіксаваныя першыя выпадкі захворваньня на вірус. Сёньня карантын увялі яшчэ ў двух гарадах правінцыі Хубэй — Хуанган і Эчжоў. Ва Ўхані жыве каля 11 мільёнаў чалавек, у Хуангане — больш за 7 мільёнаў, а ў Эчжоў — больш за мільён.
У ноч на пятніцу ў Хуангане будуць прыпыненыя ўсе аўтобусныя і чыгуначныя маршруты. Гарадзкія кафэ, рэстарацыі і кінатэатры таксама будуць зачыненыя.
Жыхары Ўханю, якім напярэдадні было загадана не выяжджаць з гораду, у сацыяльных сетках выказваюць занепакоенасьць магчымым недахопам прадуктаў, а таксама скардзяцца на рэзкае падвышэньне цэнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска ў эпіцэнтры каранавірусу: «Трое сутак не выходжу з дома»Паведамляецца, што насельніцтва Ўханю масава скупае ежу. Гараджане таксама скупляюць мэдычныя маскі, нашэньне якіх стала абавязковым.
З сёньняшняга дня адмененыя ўсе авіярэйсы з Уханю. Гэта буйны горад, зь яго лётаюць прамыя авіярэйсы ў Лёндан, Парыж, Дубай і многія іншыя гарады.
У сталіцы — Пэкіне — адмененыя ўсе масавыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да сьвяткаваньня Новага году па кітайскім календары, які адзначаецца 25 студзеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як засьцерагчыся ад кітайскага каранавірусу. АДНОЙ КАРЦІНКАЙКрыніцай новага вірусу, як лічаць улады, стаў рынак ва Ўхані, дзе прадаваліся морапрадукты, птушкі, зьмеі і іншыя жывёлы. Забарона на продаж жывой птушкі і іншых жывёлаў ужо ўведзеная.
«Нам ужо вядома, што хвароба прыйшла з рынку, на якім ішла незаконны гандаль дзікімі жывёламі. Магчыма, носьбітам віруса было жывёла, а затым ён перайшоў да чалавека», — паведамляў напярэдадні дырэктар Цэнтра па кантролі і прафілактыцы хвароб Гао Фу.
Што вядома пра новы вірус
Вірус 2019-nCoV — варыянт каронавірусу, які да гэтага часу не перадаваўся людзям.
Каронавірусы — сямейства вірусаў, якое ўключае 38 відаў вірусаў, толькі 6 зь якіх (а з новым вірусам — сем) небясьпечныя для чалавека.
У вірусаў гэтага сямейства ад абалонкі адыходзяць шыпавідныя атожылкі, якія нагадваюць карону, адсюль і назва.
Дасьледнікі лічаць, што, хутчэй за ўсё, вірус 2019-nCoV можа быць гібрыдам вірусаў кажаноў і зьмеяў. Пра гэта гаворыцца ў дасьледаваньні, апублікаваным у часопісе Journal of Medical Virology.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Папярэдні дыягназ — грып». Мінздароўя пра дзяўчыну, шпіталізаваную з падазрэньнем на кітайскі каранавірусКітайскія навукоўцы вызначылі, што 2019-nCoV — гэта гібрыд двух каронавірусаў, адзін зь якіх раней знаходзілі ў арганізьме кажаноў. Другі вірус навукоўцы раней ня знаходзілі, аднак сам гібрыд, хутчэй за ўсё, зьявіўся каля 2 гадоў таму ў арганізьме зьмеяў.
Носьбіты вірусу былі ўжо зафіксаваныя ў ЗША, Тайляндзе, Паўднёвай Карэі, Віетнаме, Саудаўскай Арабіі і Японіі.