Эўразьвяз ня будзе замарожваць для Беларусі кошт шэнгенскіх віз на цяперашнім узроўні ў 60 эўра да набыцьця сілы візавага пагадненьня, паведамілі БелТА ў прадстаўніцтве Эўразьвязу ў Беларусі.
«Беручы пад увагу абмежаваньні ў часе і працэдурныя патрабаваньні, павышэньне шэнгенскага візавага збору з 2 лютага 2020 году адмяніць (замарозіць) для грамадзян Беларусі немагчыма», — заявілі ў прадстаўніцтве.
З 2 лютага 2020 году пачнуць дзейнічаць новыя правілы выдачы шэнгенскіх візаў для ўсіх краінаў, паводле якіх віза падаражэе да 80 эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз і Беларусь падпісалі пагадненьне, якое дае магчымасьць візаў па 35 эўра. ФОТА, ВІДЭА8 студзеня Беларусь і Эўразьвяз падпісалі пагадненьні аб спрашчэньні візавага рэжыму — зьніжэньні для беларусаў цаны на шэнгенскую візу да 35 эўра і скарачэньні тэрміну выдачы візаў да 10 дзён. Але падпісаньне пагадненьняў — яшчэ не апошні крок за візаў па 35 эўра. Пасьля падпісаньня абодва пагадненьні павінны будуць прайсьці працэдуру ратыфікацыі і ў Нацыянальным сходзе Беларусі, і ў Эўрапарлямэнце.
МЗС Беларусі заклікаў Эўразьвяз «замарозіць» кошт шэнгенскіх візаў на ўзроўні 60 эўра для беларусаў да ўступленьня ў сілу пагадненьня. Эўрапейскія ўлады атрымалі просьбу беларускага боку і пацьвердзілі, што будуць рабіць усё магчымае, каб задаволіць просьбу Беларусі, але толькі ў рамках існага заканадаўства. Пытаньне абмяркоўвалася ў структурах Эўрапейскай камісіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 80 ці 35 эўра за шэнгенскую візу? Залежыць ад хуткасьці падпісаньня і ратыфікацыі дамоваўПагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму набывае моц у першы дзень другога месяца пасьля абмену паведамленьнямі пра выкананьне названых працэдураў. Беларускія парлямэнтары плянуюць ратыфікаваць пагадненьне на веснавой сэсіі ў пачатку красавіка. На сайце Эўразьвязу гаворыцца, што абодва пагадненьні могуць набыць моц сёлета ў чэрвені. Да гэтага часу візы для беларусаў будуць каштаваць 80 эўра.