Брытанская паліцыя выключыла трызубец, які прысутнічае на гербе Ўкраіны, са сьпісу экстрэмісцкай сымболікі, паведаміла ўкраінскае пасольства ў Брытаніі.
«У адказ на шматлікія звароты ўкраінцаў і ў выніку працы ўкраінскіх дыпляматаў брытанская паліцыя вырашыла выдаліць Дзяржаўны герб Украіны з антытэрарыстычнага дапаможніка», — гаворыцца ў паведамленьні пасольства.
Брытанская антытэрарыстычная паліцыя, са свайго боку, патлумачыла, што, хоць гэтым сымбалем злоўжывалі правыя радыкалы і таму ён быў першапачаткова ўключаны ў антытэрарыстычны дапаможнік, пасьля кансультацый з украінскім бокам украінскі герб вырашылі выключыць са сьпісу.
«У нас шчыльныя працоўныя адносіны з украінскімі партнэрамі, і мы не хацелі б іх абражаць», — гаворыцца ў паведамленьні брытанскай паліцыі.