За 4 гады ЗВР Беларусі вырасьлі больш як у два разы. Што ўплывае на рост і чаму гэтыя сродкі пакуль ня трацяць?
У той час як Беларусь мае праблемы з закупам нафты, а ўзровень жыцьця большасьці беларусаў далёкі ад заходнеэўрапейскага, золатавалютныя рэзэрвы Беларусі растуць. 9,3 мільярда даляраў цяпер ёсьць у Беларусі «на чорны дзень». Глядзім, на што і калі трацілі гэтыя сродкі і на што іх можна патраціць.
ЗВР, або золатавалютныя рэзэрвы, — гэта эканамічная падушка бясьпекі краіны. Туды ўваходзяць грошы ў замежнай валюце, каштоўныя мэталы (золата), дзяржаўныя аблігацыі іншых краін, іншыя актывы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У золатавалютныя рэзэрвы паклалі на 2 млрд даляраў больш, чым плянаваў Лукашэнка
Як трацяцца золатавалютныя рэзэрвы Беларусі
Як расходаваць ЗВР Беларусі, вырашаюць органы кіраваньня. Апошні раз сур’ёзныя траты з золатавалютных рэзэрваў Беларусі, па статыстыцы Мінфіну, былі на ўтрыманьне курсу рубля. За 2014 год беларускі рубель дэвальваваўся на 25%, і гэта нават без уліку камісіі ў 30% на куплю замежнай валюты — камісію тады ўводзілі, каб спыніць ажыятаж.
Агулам за 2014 год з ЗВР пайшло каля 1,5 мільярда даляраў, каб «забясьпечыць плаўнае падзеньне курсу нацыянальнай валюты».
Таксама ЗВР Беларусь траціць на пазыкі. І папаўняе за кошт пазык, кажа старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.
«Апошнія гады ў нас на рынку продажы валюты перавышалі яе куплю, таму ЗВР на гэта ня траціліся. Асноўнае прызначэньне ЗВР — гэтыя грошы могуць траціцца на пагашэньне валютнага доўгу. Калі мы бяром новы крэдыт — грошы трапляюць у ЗВР, калі аддаём — сыходзяць».
ЗВР напаўняюцца за кошт:
- крэдытаў;
- апэрацый Нацбанку на валютным рынку;
- зьмены цаны на золата, бо яно ёсьць у складзе ЗВР;
- экспартных пошлін на нафтапрадукты.
Таксама, па зьвестках Мінфіну, грошы з ЗВР могуць траціцца на падтрыманьне інфляцыі на пэўным узроўні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Залаты запас Беларусі за 2019 год вырас на 1 тону. Колькі ён складае цяпер
Калі ЗВР могуць патраціць на іншае
ЗВР — гэта падушка бясьпекі Беларусі на «чорны дзень». Калі раптам ня будзе паступленьня валюты ў краіну, а імпартаваць нешта трэба, то могуць патраціць рэзэрвы.
«Калі будзе нейкі крытычны імпарт, могуць скарыстаць ЗВР. Напрыклад, няма грошай, а трэба імпартаваць нейкія лекі ці энэрганосьбіты», — кажа Іосуб.
Гэты запас складаецца ня толькі з грошай і золата, але і зь дзяржаблігацый разьвітых краін, якія можна прадаць за адзін дзень.
З 2016 году ЗВР Беларусі вырасьлі з 4,1 мільярда даляраў да 9,3 мільярда. На сьнежань мінулага году зьнешні доўг Беларусі складаў 16,5 мільярда даляраў. ЗВР меншы амаль напалову.