Украіна хоча перадаць чыгунку ў кіраваньне нямецкай Deutsche Bahn на 10 гадоў

Аляксей Ганчарук

Украіна хоча «аддаць» чыгунку ў кіраваньне нямецкай Deutsche Bahn на 10 гадоў, паведаміў прэм’ер-міністар Аляксей Ганчарук на ўкраінскім сьняданку на палях Міжнароднага эканамічнага форуму ў швайцарскім Давосе.

«Учора быў падпісаны мэмарандум з Deutsche Bahn. Так, мы хочам аддаць немцам на 10 гадоў ва ўпраўленьне чыгунку. Мы зьвязваем з гэтым вельмі важным рашэньнем ня толькі лёс інфраструктурнай адзінкі. Гэта экасыстэмнае рашэньне, якое павінна паказаць, што Украіна беспрэцэдэнтна адкрытая», — сказаў Ганчарук.

22 студзеня прэмʼер тлумачыў, што нямецкія спэцыялісты рэфармуюць мэханізмы ўпраўленьня «Укрзалізниці». Пры гэтым Украіна цалкам захавае за сабой кантроль над прадпрыемствам.

«Укрзалізниця» зьяўляецца нацыянальным перавозчыкам грузаў і пасажыраў.