Аблічча гэтага чалавека зрабілася сымбалем беларускіх пратэстаў. А ўлады нядаўна далі яму за гэта штраф у 800 рублёў. Чытайце гісторыю 83-гадовага Яна Грыба, які ўсё жыцьцё гаворыць па-беларуску і нічога не баіцца.
Калі табе за 80, ты выгадаваў дзьвюх дачок, маеш дзьвюх унучак, напісаў кнігу вершаў пра любоў да Бацькаўшчыны, маеш пэнсію і жывеш у асобнай кватэры, завешанай карцінамі ўнучкі, — дык што табе яшчэ трэба?
«Мне патрэбна вольная і незалежная Беларусь, але яна ад гэтага ідэалу ўсё далей. На каго мне спадзявацца? Толькі на сябе», — адказвае мянчук Ян Грыб.
Да спадара Грыба я завітаў у госьці на наступны дзень пасьля суду, на якім яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў двух мітынгах у абарону незалежнасьці. Старога з пэнсіяй у 220 даляраў пакаралі двума штрафамі па 400 даляраў кожны.
Паводле праваабарончых крытэраў Ян Грыб — палітвязень, ахвяра рэжыму, але ахвярай вэтэран дэмакратычнага руху сябе ня лічыць. Ян Грыб кажа, што ўсё жыцьцё адчуваў сябе вольным чалавекам і змагаўся з тымі, хто на ягоныя вольнасьці замахваўся. І што ў яго хапае асабістых перамог.
«Мы таксама здужаем — за намі ж такая гісторыя»
Размову пачынаем з прагляду фатаздымкаў, на якіх Ян Янавіч Грыб зь вядомымі дзеячамі культуры і палітыкі Беларусі. Гэтыя людзі — ягоныя жыцьцёвыя арыентыры, некаторым зь іх ён прысьвяціў вершы, некаторых натхніла на вершы ягоная асоба. Бачу на фатаздымках Васіля Быкава, Генадзя Бураўкіна. А вось Ян Грыб з Уладзімерам Някляевым, Уладзімерам Арловым, Зьмітром Вайцюшкевічам, Вінцуком Вячоркам.
Большасьць здымкаў зробленыя на лецішчы Яна Грыба ў Дзяржынскім раёне, дзе шмат гадоў ён праводзіў гэтак званыя «шляхецкія вечарыны». Адмыслова запрашаў на сустрэчы выбітных асобаў беларускага адраджэньня, якому і сам, кажа, прысьвяціў жыцьцё.
Пытаюся, ці не падаюцца яму цяпер гэтыя намаганьні марнымі. Але Ян Грыб не здаецца: «Такія асілкі, такія людзі — паглядзіце! Можа здацца, што ў нас нічога не атрымліваецца, што зноў усё вісіць на валаску, але я ня толькі на Бога спадзяюся. Мы таксама здужаем — за намі ж такая гісторыя!»
Бацьку хацелі раскулачыць, а ён стаў савецкім актывістам
Сваёй дакладнай даты нараджэньня Ян Янавіч ня ведае, бо ўсе сямейныя дакумэнты згарэлі ў роднай вёсцы з сымбалічнай назвай Пагарэльцы, што паміж Нясьвіжам і Баранавічамі. А ўспаміны пра жыцьцё пачынае са сьмерці бацькі, пра якога ведае зь сямейных паданьняў, бо ў 1941 годзе быў зусім малы, можа трохгадовы.
«Немцы бацьку расстралялі ў самым пачатку акупацыі. Даведаліся, дзе жыве актывіст, зрабілі вобшук, знайшлі патроны і расстралялі. А потым яшчэ і брата ягонага, майго дзядзьку, арыштавалі і таксама застрэлілі. Хаця якім бацька ў пачатку вайны мог быць савецкім актывістам? У 1939 годзе, як да нас прыйшлі саветы, у бацькі была добрая гаспадарка, зямля, коні, каровы-сьвіньні. Савецкі афіцэр, як пачаставаўся нашымі сальцісонамі, дык прызнаўся, што хутка запішуць бацьку ў кулакі ды павязуць усіх у Сібір. А як падпіў хлебнай самагонкі, дык расчуліўся і параіў стаць актывістам, інакш ратунку ня будзе. Бацька паслухаўся, пачаў агітаваць за калгасы. Можа рабіў выгляд, што ляяльны, а можа насамрэч. Але як прышлі немцы, дык яму гэтая агітацыя выйшла бокам — нехта данёс. Добра што маці засталася. Як яна здолела праз усю вайну нас выгадаваць, не магу ўявіць. Цікава, што ад Сібіру асабіста мне ўратунку не атрымалася. Усё роўна давялося туды ехаць, але ўжо самому».
Як Грыб трапіў на Чалябінскі трактарны завод
Гады пасьля вызваленьня ад фашыстаў для Янкі Грыба таксама былі гаротныя. Гаспадарка разбураная, ацалелых сялян сагналі ў калгасы, дзе за працу фактычна нічога не плацілі. На пачатку 1950-х мужыкі і хлопцы зь вёскі пачалі разьбягацца хто куды.
Ян прыпісаў сабе 2 гады ўзросту і паехаў у Чалябінск, куды да мужа-вайскоўца перабралася яго сястра. Там хлопец зь Беларусі спачатку больш за год працаваў конюхам у калгасе, а потым пайшоў працаваць на Чалябінскі трактарны завод. Але спачатку адправілі вучыцца ў мясцовую рамесную вучэльню.
«Чалябінск — гэта ўжо за Ўралам, там Усходні Сібір пачынаецца. На поўдзень цягнуцца стэпы, а тут дрэвы нізкія, ня тое што нашы лясы з соснамі ды ялінамі. І марозна ўжо ад верасьня да траўня», — апісвае прыроду новай для сябе зямлі Ян Грыб.
Паводле суразмоўцы, людзі, якіх ён напаткаў за Ўралам, таксама адрозьніваліся ад беларусаў, і ня ўсе ў лепшы бок.
«Душой трапляліся і добрыя, спагадлівыя, але як вып’юць брагі, дык спыніцца ня могуць, а п’юць усе пагалоўна. І ня толькі мужчыны, жанкі таксама любяць прыкласьціся. І ўсе брыдка лаюцца, інакш як з мацюкамі праз слова ніхто не гаворыць. Спачатку ня мог уцяміць гэткіх парадкаў, нібыта на іншай плянэце апынуўся», — згадвае жыцьцё ў Расеі Ян Грыб.
Там жа і даведаўся, як беларусы могуць трымацца разам.
«У нашай вучэльні ў Чалябінску хапала забіякаў. Прычапіцца маглі з-за любой дробязі, а тым больш да мяне, чужынца і малога — я ж сабе прыпісаў два гады ўзросту. І даводзілася цярпець, бо заступіцца за мяне не было каму. Але неяк я даведаўся, што да нас прыехала вучыцца група хлапчукоў зь Беларусі, і ведаеце — усё цудоўным чынам зьмянілася. Мае землякі хутка паставілі на месца тамтэйшых хуліганаў, бо трымаліся заўсёды разам і ў крыўду сваіх не давалі. Дайшло да таго, што словы „беларусы ідуць“ сталі ў вучэльні сыгналам трывогі. Але як быць мне? Гэтак проста пад іх крыло ісьці мне гонар не дазваляў. І вось у сталоўцы я нібыта выпадкова кажу аднаму зь беларусаў: „Перадай ві-дэ-лец“. „О! Дык ты наш, беларус!“. З таго часу ўсе мае праблемы зь бясьпекай былі вырашаныя. Такі быў урок на ўсё жыцьцё, такая была мая першая перамога».
Пасьля Чалябінску мара пра палёты ў небе занесла Яна Грыба ў Благавешчанск, дзе стаяў ягоны вучэбна-трэніровачны авіяцыйны полк. Навучыўся няблага лятаць, асвоіў Як-12 і Як-13, пачаў навучаньне на МіГ-17. Але неўзабаве ў полк прыехала строгая камісія, якую па паказчыках здароўя Грыб не прайшоў — у яго разьвілася хвароба суставаў ног, ад якой пакутуе дагэтуль. З Благавешчанску Ян Грыб мусіў вярнуцца ў Чалябінск, на той жа ЧТЗ, але назаўсёды там не застаўся.
«Убачыў бусла — і сэрца ледзь не спынілася»
«Як зламалася мая мара пра неба, дык нешта і ўнутры мяне зламалася», — прызнаецца Ян Грыб. Кажа — паглядзеўшы на брудныя дамы і дымныя цэхі Чалябінску, ён спытаў сябе, што тут робіць, і вырашыў вяртацца дамоў, у Беларусь.
Прыехаў на радзіму ў 1960-м і паступіў на вучобу ў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт на фізычны факультэт. У той жа год у ягоным жыцьці адбылася другая кардынальная зьмена, якой таксама не прадбачыў.
«Пачалося з прыроды. Прыяжджаю ў Беларусь і ўпершыню за столькі гадоў бачу, як ляціць бусел. Прыгожа, павольна! У мяне сэрца ледзь не спынілася. Там жа, за Ўралам, адны вароны, а тут такая ганарлівая птушка! Але хутка напаткала і расчараваньне: усяго гадоў 5 адсутнічаў, а нібыта ў іншую краіну вярнуўся».
Ян Грыб згадвае, як балюча ўспрыняў, што ў Менску зь ім ніхто не загаварыў па-беларуску. Ён у Чалябінску гэтак марыў гаварыць на радзіме па-роднаму, а тут — ніхто! Кажа, што адмыслова заходзіў у краму і пытаўся па-беларуску, а яму прадавачка адказвала па-расейску зь беларускім вымаўленьнем, прычым па твары было відаць, што яна ганарыцца сабой. Маўляў, во якая я цяпер гарадзкая!
«Нават на рынку цётка, якая прадае сала, замест „калі ласка“ адказвала „пожалуйста“. Усе стараліся гаварыць па-гарадзкому, а на мяне глядзелі як на неадукаванага калгасьніка. Так мяне гэта абурыла, што калі спачатку я гаварыў па-беларуску даволі выпадкова, дык хутка цалкам перайшоў на мову», — кажа Ян Грыб.
Так з пачатку 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя Ян Грыб гаворыць толькі па-беларуску. І як вучыўся ва ўнівэрсытэце, потым як працаваў на «Інтэграле» майстрам, потым у каледжы, дзе па-беларуску чытаў лекцыі па фізыцы. Зразумела, што і ў 90-я гады, калі заняўся бізнэсам, усе перамовы і ўсё справаводзтва вёў таксама толькі па-беларуску.
«Калі ў канцы 80-х падасьпела перабудова і я ўступіў у БНФ „Адраджэньне“, дык мне і мяняць нічога ў сабе не давялося — я быў цалкам беларускамоўным грамадзянінам. Мае дзеці ўсе па-беларуску гавораць, унучка перавяла на беларускую мову ўсю групу, жонка Ларыса, зь якой разьвёўся, але і яна працягвае гаварыць па-беларуску. Хіба гэта не асабістая перамога?» — усьміхаецца Ян Грыб.
«На вершы няма настрою»
У 2005 годзе Ян Грыб выдаў кніжку вершаў «На сваёй зямлі». Потым надрукаваў яшчэ нямала паэтычных твораў. Але ўжо гады тры нічога ня піша.
«Вершы не пішу, можа, таму, што няма настрою. Цяжка перажываць тое, што адбываецца вакол», — кажа Ян Грыб і тлумачыць, чаму яго агартае расчараваньне. Не ад цяжару гадоў, не ад хваробы ног, а таму, што праз столькі год незалежнасьці ўсё яшчэ даводзіцца за незалежнасьць змагацца, што, як і 60 год таму, беларускай мовы на вуліцах Менску амаль не чуваць. І што даводзіцца людзей падзяляць на тых, хто па-беларуску і хто па-расейску.
«Гэта Лукашэнка зь мяне, нармальнага патрыёта, зрабіў апантанага нацыяналіста», — кажа Ян Янавіч Грыб.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крым расейцы аддадуць Украіне, праз вайну ці самі». Былы падводнік ходзіць на мітынгі за незалежнасьць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бацька быў супраць беларускай мовы, а я хаджу на мітынгі». Гісторыя 89-гадовага ўдзельніка пратэстаў супраць інтэграцыі