«Двое трымаюцца, двое сарваліся». Як у Менску былых зьняволеных прывучаюць хадзіць на працу

Швейная майстэрня, дзе працуюць былыя зьняволеныя і наркаспажыўцы

Працоўны графік, абсталяваньне, заробак — усё амаль па-сапраўднаму ў швейнай майстэрні, якую арганізавала грамадзкае аб’яднаньне «Пазытыўны рух». Толькі тут былыя зьняволеныя і нарказалежныя вучацца дысцыпліне і ўменьню кантактаваць зь людзьмі.

Усё гэта дапаможа ім хутчэй працаўладкавацца і вярнуцца да нармальнага жыцьця. Бо самая цяжкая праблема для тых, хто выйшаў на свабоду, — знайсьці працу. І гэта часта не ўдаецца нават людзям, якія маюць высокую кваліфікацыю, кажа старшыня праўленьня «Пазытыўнага руху» Ірына Статкевіч. Праект майстэрні падтрымаў Глябальны фонд.

«Рэанімацыя ня страшная. Страшна выжыць»

46-гадовая Ганна 25 гадоў ужывала наркотыкі. Усяго мае 9 судзімасьцяў — «хіміі», абмежаваньні волі, зьняволеньні.

Ганна расказвае, што на пачатку 1990-х на наркотыкі яе падсадзіў малады чалавек, які вельмі хутка памёр ад перадазаваньня. Сама яна пачынала з опіюму. Паступова перапрабавала ўсе віды наркотыкаў — ад макавай саломкі да гераіну і какаіну.

«Калі я пачынала, на пачатку 1990-х, наркаманы езьдзілі на шыкоўных машынах, усе ўвешаныя золатам. Я была маладая, мне здавалася, што гэта крута.

Тады нас было мала, мы адзін аднаго ведалі, а дастаць наркотыкі не праблема ва ўсе часы. Езьдзілі па вёсках, зьбіралі мак, варылі. Раней трэба было ведаць пэўных людзей, а цяпер толькі зайдзі ў інтэрнэт — і ўсё даступна. І вельмі страшныя наркотыкі, спайсы», — кажа Ганна.

У свае 46 гадоў Ганна мае поўны букет хваробаў, на якія хварэюць нарказалежныя: усе віды гепатыту, а таксама ВІЧ. Кажа, што 7 разоў трапляла ў рэанімацыю пасьля перадозаў.

46-гадовая Ганна

«А колькі разоў мяне пад кустамі знаходзілі і ратавалі! Я выжыла насуперак усяму. Усе мае аднагодкі, з кім пачынала, ужо ў магіле. Я пахавала двух мужоў і брата, якія памерлі таксама ад наркотыкаў. Я прайшла 3 сэансы мэтадонавай тэрапіі ад нарказалежнасьці, 7 рэанімацый ад перадазаваньня. Былі спробы пайсьці з жыцьця.

Рэанімацыя ня страшная. Страшна выжыць. А паміраць ад хваробаў мы будзем доўга і пакутліва. Таму што любіш езьдзіць — любі і саначкі цягаць», — па-філязофску разважае Ганна.

Апавядаючы пра сваё жыцьцё, яна часам змахвае сьлязу, але не перастае страчыць. Кажа, што шыць навучылася ў зоне, — там усе жанчыны шыюць. Але з судзімасьцю цяжка ўладкавацца, нягледзячы на запатрабаванасьць швачак на рынку працы.

5 гадоў таму яе пасадзілі на паўтара года — зьмянілі рэжым з хатняй хіміі на пазбаўленьне волі. «Падчас адседкі ў мяне памерла мама. Я яе нават не пахавала. Вярнулася дадому, і ўсё, мяне рэзка адвярнула. Тым больш што дома мяне чакала дачка».

Цяпер дачцэ Ганны 21 год. Маці ёй вельмі ганарыцца. Дзяўчына мае дзьве адукацыі, працуе тавараведам. Сёлета будзе паступаць у эканамічны ўнівэрсытэт на завочнае аддзяленьне.

«Мяне ніколі не пазбаўлялі бацькоўскіх правоў. Калі я сядзела, дзяўчынка была ў СПЦ (сацыяльна-пэдагагічны цэнтар. — Рэд.). Яна бачыла мае праблемы і не ўжывае наркотыкаў. Я за яе змагалася, а цяпер яна змагаецца за мяне. Я баюся яе страціць — гэта адзіны родны чалавек на сьвеце, які застаўся ў мяне».

У «Пазытыўны рух» Ганна прыйшла 3 гады таму, пасьля апошняй адседкі.

«Тут цябе ўспрымаюць такой, якая ты ёсьць. Ты не хаваеш свае хваробы. Цяпер я бягу на працу — раней ніколі такога не было», — прызнаецца жанчына.

Кажа, што ёй дапамагае псыхоляг, яна наладзіла стасункі з дачкой, а дома трымае кошку і сабаку-лябрадора.

«Усё быццам бы добра. Вядома, ёсьць праблемы: у мяне вялікая запазычанасьць за электрычнасьць, бо 10 гадоў не плацілі. Трэба пагасіць, потым заняцца рамонтам кватэры. Я ўжо мару — увесну пайду ў спартовую залю, у цырульню, пачну фарбавацца — прывяду сябе ў парадак. А для гэтага трэба зарабляць», — разважае Ганна.

Дзяржава хоча спагнаць грошы, наймальнікі ня хочуць браць на працу

«Яны ня могуць прымусіць сябе своечасова прыходзіць на працу, пастаянна спазьняюцца, — расказвае пра „падапечных“ Ірына Статкевіч. — Ня ўмеюць адпрасіцца, патэлефанаваць і патлумачыць, напрыклад, што ім трэба ў паліклініку. Проста не выходзяць на працу, а потым кажуць, што ў іх жа важная прычына — паліклініка. Яны ня ведаюць, што, калі захварэў, трэба браць бальнічны. Яны могуць палову зьмены піць гарбату і не разумеюць, што гэта рабіць можна толькі ў перапынак. Перавыхоўваем, тлумачым, што так нельга».

Так і нарадзілася ідэя зрабіць «праграму працоўнай актывацыі» — абсталявалі швейную майстэрню сучаснымі машынкамі, закупілі тканіны, далі на дапамогу дызайнэра.

Жанчыны шыюць у майстэрні эка-торбы

За паўгода ў такіх умовах былыя нарказалежныя і зьняволеныя могуць адаптавацца да звычайнага жыцьця і навучыцца, як паводзіць сябе на працы.

З жанчынамі працуюць псыхолягі, сацыяльныя работнікі, тлумачаць, што яны павінны прыходзіць у адэкватным стане, працаваць 4 гадзіны на дзень.

«Спачатку мы меркавалі, што ў нас будзе 3 чалавекі, але калі пачалі праект, які падтрымаў Глябальны фонд, зразумелі, што ёсьць вялікі попыт, — кажа Ірына Статкевіч. — Узялі чатырох, і ёсьць яшчэ рэзэрв».

Але дзьвюх удзельніц ад працы ўжо «часова адхілілі».

«Яны сарваліся, — тлумачыць Ірына. — Прыйшлі ў майстэрню, мякка кажучы, не зусім у адэкватным стане. Папярэдняя ўмова была жорсткая — не ўжываць наркатычных сродкаў, прыходзіць цьвярозымі».

Ірына кажа, што пасьля адседкі ў гомельскай і рэчыцкай калёніях жанчыны выходзяць на свабоду прафэсійнымі швачкамі 5-6 разрадаў. Але на працу іх браць ніхто ня хоча.

«Большасьць мае запазычанасьці на ўтрыманьне дзяцей, якія знаходзяцца ў дзіцячых дамах ці апякунскіх сем’ях, — тлумачыць Статкевіч. — Калі наймальнік бярэ такіх людзей на працу, то разарваць кантракт зь імі амаль немагчыма, бо дзяржаве трэба спагнаць зь іх грошы».

Часта «на рукі» такія работнікі атрымліваюць сымбалічныя сумы, бо 70% ад усіх заробкаў яны павінны аддаваць на ўтрыманьне дзяцей да іх паўналецьця. Былі выпадкі, што бабка, якая аформіла апякунства над унукамі, прасіла, каб з шалапутнай дачкі не вылічвалі такіх сумаў, маўляў, бабуля бярэ на сваё забесьпячэньне дзіця; ці наагул, бабка давала грошы той самай дачцэ, каб яна пагасіла запазычанасьць паводле дэкрэту № 18.

«Прычым з усіх даходаў вылічваюць да 70%, нават калі жанчына круціцца і падпрацоўвае ў некалькіх месцах. А як ёй самой жыць?», — пытаецца Статкевіч.

Пакуль камэрцыйных мэтаў праект ня мае. Перад Новым годам пашылі падушкі і бялізну для псыханэўралягічнага інтэрнату. Бывае, супрацоўнікі цэнтру штосьці купяць для сябе, каб падтрымаць сваіх падапечных.

«Ён мяне пакрыўдзіў, я яго схапіла за шыю і прыдушыла»

33-гадовая Наста 8 з паловай гадоў правяла за кратамі. Цяпер яна цяжарная пятым дзіцем, але пры гэтым пазбаўлена бацькоўскіх правоў на ўсіх чатырох раней народжаных дзяцей.

33-гадовая Наста

Першы раз за краты трапіла ў 17 з паловай гадоў — за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў сабутэльніку. Той памёр.

«Гэта было па п’янцы. Ён мяне пакрыўдзіў, і я яго схапіла за шыю і прыдушыла, ён празь некаторы час памёр. Атрымала няшмат — 2 з паловай гады, бо ў мяне ўжо было дзіця. Адседзела яшчэ менш — падпала пад амністыю, вызвалілася. Трапіла ў дрэнную кампанію, пакаштавала наркотыкаў — і маку, і марыхуаны, і больш сур’ёзных. Натуральна, грошай не было, кралі, рабавалі крамы. Атрымала яшчэ некалькі тэрмінаў. У перапынках паміж адседкамі нараджала дзяцей. Падхапіла ВІЧ», — апавядае Наста.

Трох яе сыноў — 15, 10 і 8 гадоў — выхоўвае маці, якія аформіла апякунства над унукамі. Наста нават ня ведае, дзе яны цяпер жывуць. Дачку даўно ўдачарылі чужыя людзі.

«Сыноў я вельмі даўно ня бачыла. Толькі на фатаздымках, якія дасылае мне праз сацыяльныя сеткі сваячка. Маці са мной не кантактуе, неяк напісала: „Ты для мяне памерла 12 гадоў таму“. Я ведаю, што ёй цяжка з трыма хлопцамі», — прызнаецца жанчына.

Наста кажа, што ў перапынках паміж адседкамі дзе толькі ні працавала: і ў парніках у Давід-Гарадку, і пастухом у Белавескай пушчы, і швачкай на Баранавіцкай швейнай фабрыцы, і дворнікам. Плацілі мала, пацягнула ў сталіцу. Цяпер жыве з сужыцелем у ягонай кватэры. У сакавіку плянуе нарадзіць пятае дзіця.

«Бацька дзіцяці ня ўпэўнены, што гэта ягонае. Але я ўжо мару, як буду заплятаць дачцэ коскі — дактары сказалі, што нараджу дзяўчынку», — кажа яна.

Сацыяльным работнікам з «Пазытыўнага руху» Наста вельмі ўдзячная. Ёй дапамаглі аднавіць пашпарт, узялі ў майстэрню.

«Замкнутае кола: калі яны не працаўладкоўваюцца, іх зноў саджаюць»

Сацыяльная работніца Юлія, якая працуе з жанчынамі ў майстэрні, сама 12 гадоў ужывала наркотыкі. Пачынала ў 16 гадоў з гераіну, у 22 «падсела» на амфэтамін, потым былі спайсы. Але дзякуючы «Пазытыўнаму руху» здолела спыніцца. Прайшла некалькі курсаў рэабілітацыі. Цяпер дапамагае іншым жанчынам сацыялізавацца.

«Яны гатовыя мяняцца, але за імі цягнецца „шлейф“: наркаўлік, ВІЧ, адседка, 18-ы дэкрэт — і дзяцей вярнуць нельга, і вялікую частку заробку — 70% — забіраюць на іх утрыманьне. Іх ня хочуць браць на працу. Калі яны не працаўладкоўваюцца, іх зноў саджаюць. Калі накасячылі, шанцаў на выпраўленьне амаль няма. Атрымліваецца замкнутае кола. Двое пакуль трымаюцца, а двое сарваліся», — скрушна зазначае Юлія.

Сацыяльная работніца Юлія

Але на сваім прыкладзе жанчына ведае, як шмат праца значыць на шляху вяртаньня да нармальнага жыцьця.

«Калі чалавек атрымлівае працу, ён пачынае ганарыцца, што ён патрэбен. Гэта я ведаю па сабе. Нашы дзяўчаты ўмеюць выдатна шыць, яны профі, яны малайцы! І наш праект — своеасаблівы старт для „былых“. Мы кажам, што даём ім шанец, магчымасьць навучыцца працаваць, навучыцца быць адказнымі. Але гэта не назаўсёды. Ім самім давядзецца далей уладкоўваць сваё жыцьцё», — тлумачыць сацыяльная работніца Юлія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Беларусі жывуць кліенты замяшчальнай тэрапіі мэтадонам