Беларусь здабывае ўласную нафту ўжо амаль 60 гадоў. «Беларускі Кувэйт» знаходзіцца на Палесьсі. Свабода сабрала некаторыя факты пра гісторыю і значэньне здабычы «чорнага золата» для Беларусі.
Калі навукоўцы ўпершыню заявілі пра беларускую нафту
Упершыню навукоўцы агучылі думку, што ў Беларусі могуць быць паклады нафты, у 1933 годзе.
Першым у навуковым сьвеце пра гэта заявіў геоляг Аляксандар Розін. Падставай для пошукаў нафты сталі дасьледаваньні акадэміка Герасіма Багамолава, які патлумачыў купалападобныя структуры ў паўднёвай частцы краіны наяўнасьцю нафты. А ўжо ў 1957 годзе ўпершыню было сказана пра нафтаносны раён — беларускае Палесьсе.
Дзе адкрылі першую сьвідравіну
У 1964 годзе ў Беларусі адкрылі першае прамысловае радовішча нафты — яно атрымала назву Рэчыцкае. Першую прамысловую нафту здабылі ўжо праз год брыгады майстроў Валянціна Зайцава і Ўладзімера Галкі. Першапачаткова беларускія нафтавікі здабывалі зь дзьвюх сьвідравінаў за суткі 726 тонаў «чорнага золата».
Рэпрэсіі за адмову здабываць нафту
Падымаць нафтавую «цаліну» ў Беларусі прысылалі людзей з розных куткоў СССР. За адмову ехаць на Палесьсе пагражала нават выключэньне з партыі. Пра гэта сьведчаць успаміны нафтавікоў. Па тых часах выключэньне з партыі было вельмі суровым пакараньнем.
Калі здабылі першы мільён
Першы мільён «чорнага золата» і 2 млн кубамэтраў спадарожнага газу беларускія нафтавікі атрымалі праз 3 гады пасьля пачатку прамысловай здабычы, у 1967 годзе.
Якая здабыча была рэкорднай
У 1975 годзе была зафіксаваная максымальная здабыча за ўсе гады эксплёатацыі беларускіх радовішчаў — 8 млн.
Дарэчы, у Кувэйце за суткі здабываюць 410 тысяч тонаў. То бок беларускую гадавую норму яны атрымліваюць за 4 дні.
Якое самае глыбокае радовішча
У чэрвені 2015 году было завершана сьвідраваньне самага глыбокага радовішча Беларусі. Яго глыбіня — 6 755 мэтраў. Радовішча называецца Перадрэчыцкае.
Агульны эксплюатацыйны фонд у Беларусі складае 809 сьвідравін.
Колькі беларускай нафты здабылі да гэтага часу
Ад пачатку здабычы да нашых дзён у Беларусі здабылі 135 млн тонаў уласнай нафты.
На колькі «палескае чорнае золата» забясьпечвае краіну нафтай
Беларусь купляе ў Расеі 22,5 мільёны, а сама здабывае 1,6 млн. Такім чынам, уласная здабыча складае гэта 7%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст
Здабыча ўласнай нафты расьце ці падае
У 2020 годзе «Беларусьнафта» плянуе здабыць 1,7 мільёна тон нафты. Апошнія два гады здабыча ў сярэднім прырастае на 20 тысяч тон за год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Балта-Чарнаморскі нафтавы калектар: чаму праект БНФ мог пазбавіць залежнасьці ад Расеі
Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася
- 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
- Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
- Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
- 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
- Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
- Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
- Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
- Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
- Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
- Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
- Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
- Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.
Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст
Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі
Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі