Пажарнікі, «хуткая», «людзі ў цывільным», зьнікненьне. Як горадзенскі актывіст прыкаваў сябе ў судзе. ФОТА

Актывіст Мікалай Салянік на судзе, 21 студзеня

У Горадзенскім абласным судзе 21 студзеня актывіст Мікалай Салянік абскарджваў вырак раённага суду — штраф за акцыю пратэсту. Падчас суду ён зладзіў пэрфоманс, а пасьля зьнік на ноч, расказвае «Горадзенская Вясна».

Суд Кастрычніцкага раёну Горадні 23 сьнежня мінулага году прысудзіў Мікалаю Саляніку штраф у 1147,5 рубля за акцыю супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі 15 сьнежня (іншых удзельнікаў аштрафавалі раней).

На абскарджаньне прысуду ён:

  • прыйшоў з паголенай «пад краты» галавой;
  • накінуў на плечы бел-чырвона-белы сьцяг;
  • на сьпіну наляпіў партрэт Аляксандра Лукашэнкі;
  • прычапіў сябе ланцугом да стойкі ў зале суду;
  • абвясьціў галадоўку — казаў, што спыніць яе, калі даможацца справядлівага суду.

Акрамя таго, ён прынёс з сабой дакумэнты сваякоў, загінулых у Другую сусьветную вайну. Маўляў, яны загінулі за незалежнасьць сваёй краіны, а цяпер яго судзяць за тое, што ён сам выступіў за незалежнасьць, «выканаўшы тым самым свой канстытуцыйны абавязак».

Судзьдзя Ігар Собалеў, калі даведаўся пра ланцуг, пакінуў залю — вырашыў правесьці разгляд справы без удзелу актывіста. У іншай залі ён пастанавіў не задаволіць скаргу Саляніка.

Тым часам актывіста вывелі з судовай залі разам са стойкай, выклікалі супрацоўнікаў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Але пажарнікі не хацелі заходзіць у будынак суду да закрыцьця — «казалі, што ў іх загад раскаваць Саляніка пасьля 18 гадзінаў».

Але да таго часу Салянік, які мае другую групу інваліднасьці праз хваробу сэрца, адчуў сябе блага. Яму выклікалі хуткую дапамогу, а пажарнікі тым часам перакусілі ланцуг кусачкамі. Мэдыкі хацелі забраць актывіста ў шпіталь. Ён адмовіўся — і яго кудысьці забралі невядомыя «людзі ў цывільным», якія хавалі твары за імправізаванымі маскамі.

Родныя актывіста пазьней паведамілі: у міліцыі ім сказалі па тэлефоне, што Салянік затрыманы праваахоўнікамі, на яго складаюць пратакол за «дробнае хуліганства». Ды калі «мінулі ўсе тэрміны», актывіст не вярнуўся дамоў, і сваякі ня ведалі, дзе ён знаходзіўся ўсю ноч. Паводле апошніх зьвестак, яго пакінулі ў Ленінскім РАУС.

Як паведаміла Hrodna.life 22 студзеня, актывісту прысудзілі 405 рублёў штрафу за непавагу да суда. Таксама абласны суд пакінуў бязь зьменаў рашэньне Кастрычніцкага суда Горадні ад 23 сьнежня, згодна зь якім актывіст мусіць заплаціць штраф у 1147,5 рубля.