Каб уратаваць каштаны ў Горадні, гораду дадуць 400 тысяч даляраў. Чаму грошы могуць быць патрачаныя марна і як сапраўды трэба абараняць дрэвы, Свабодзе патлумачыў горадзенскі краязнаўца і біёляг Ігар Лапеха.
У Горадні засталося каля 20 старых каштанаў
Горадня атрымае 368 552 эўра на тое, каб абараніць конскія каштаны ад шкоднай молі-«мінэра», паведамляе «Гродзенскі зялёны партал». Грошы на абарону 2 тысяч горадзенскіх дрэваў выдзеляць у рамках трансьмежнага праекту Эўразьвязу «Латвія, Літва, Беларусь». Адначасна ратаваць каштаны будуць у літоўскіх Друскеніках.
З тым, што ў Горадні каштаны ў кепскім становішчы, пагаджаецца біёляг Ігар Лапеха. Але ён абвяргае, што неўзабаве гэты род дрэваў з прычыны хваробаў можа зьнікнуць з гарадзкіх вуліц.
«Горадня і цяпер застаецца каштанавым горадам. Нават у большай ступені, чым Кіеў. У Горадні каштаны зьявіліся ў канцы XVIII стагодзьдзя, у Кіеве — у сярэдзіне XIX», — кажа навуковец.
Праўда, некалі для гэтых дрэваў былі лепшыя часы. Іх пачалі саджаць пры горадзенскім старасту Антонію Тызенгаўзу і запрошаным ім з Францыі батаніку Жану Жылібэру. У адным са спальных раёнаў гораду, на вуліцы Рэпіна, каштаны пражылі каля 250 гадоў. У іх там быў «таўшчэзны ствол», густая, круглая крона.
Лапеха паказвае рукамі таўшчыню тых дрэваў і называе іх унікальным ляндшафтным аб’ектам. Аднак апошнія экзэмпляры на Рэпіна высеклі на пачатку 2000-х гадоў.
Цяпер некалькі самых старых каштанаў у горадзе можна знайсьці ў парку Жылібэра, паблізу — у даліне ручая Юрыздыкі каля вуліцы Міцкевіча, а таксама ў сквэры побач з Савецкай плошчай — сафіёўскія каштаны, якія саджалі абапал Сафійскага на той час сабору, або Фары Вітаўта.
Агулам каштанаў дасавецкай эпохі ў Горадні засталося каля дваццаці. Усяго — каля 2 тысяч.
Каштан, які памятаў Элізу Ажэшку, на вуліцы яе імя, сьпілавалі ў 2016 годзе, бо калі там паклалі плітку, ён засох.
Каштаны распаўсюджваюць грыбок на іншыя дрэвы
Цяпер улетку каштаны выглядаюць хворымі: у іх жоўтае, жухлае, сухое лісьце. Аднак прычына ня толькі ў шкодных матыльках.
«Давайце пагаворым пра фізіялёгію молі-„мінёра“», — запрашае на імправізаваную вулічную лекцыю Ігар Лапеха.
Гэты матылёк мае «рост» усяго 6 мілімэтраў. Зімуе ў апалым лісьці. У траўні вылятае і адкладае яйкі на дрэвах каштанаў. Размнажаецца за сэзон пяць разоў.
Моль шкодзіць лісьце мэханічным спосабам — прагрызае ў ім дзіры. Абірае менавіта каштан, бо ягонае лісьце вельмі тоўстае і сакавітае.
Гэта перашкаджае харчаваньню дрэва, запавольвае ягоны рост, аслабляе імунітэт. Таму на дрэва чапляецца грыбок, празь які лісьце ўжо сохне і жаўцее.
«Такім чынам каштаны становяцца каталізатарам інфэкцыі, бо распаўсюджваюць грыбок на іншыя дрэвы», — тлумачыць спэцыяліст.
Як змагацца з мольлю-«мінёрам»
- Прыбіраць увосень апалае лісьце. Разам зь ім загіне значная колькасьць молі.
- Паліваць улетку крону вадой са шлянга. Так рабіць можна на прыватных падворках зь невысокімі дрэвамі. Спосаб ня вельмі эфэктыўны, але дазваляе зьбіць з дрэва частку молі.
- Фэрамонавыя пасткі. На дрэва вешаюць ёмістасьць з пахучым алеем, які прываблівае насякомых, у тым ліку моль. Яны лятуць на водар і гінуць у алеі. Гэта спосаб досыць дарагі. Лямпкі з алеем трэба рэгулярна абнаўляць, калі водар выветрыцца або калі вадкасьць засьмеціцца. «Да таго ж алей з насякомымі потым трэба некуды выліваць», — пералічвае праблемы Лапеха.
- Абпырскваць дрэва хімічным сродкам. Паўтараць гэта трэба 5 разоў на сэзон. Прычым варта злавіць момант перад тым, як матылёк зьбіраецца адкласьці лічынкі. У людзей абпырскваньне можа выклікаць алергію.
- Увесьці хімічны сродак шляхам іньекцыі пад кару дрэва.
Гэта найбольш эфэктыўны спосаб з малымі затратамі. Адной іньекцыі хапае на цэлы сэзон. Лічынкі грызуць лісьце, труцяцца і паміраюць.
Як паведамляў раней «Горадзенскі зялёны партал», у рамках трансьмежнага праекту плянуюць выкарыстоўваць два спосабы: зьбіраць і вывозіць апалае лісьце, а таксама вешаць фэрамонавыя пасткі. Паводле Лапехі, гэта ня самыя эфэктыўныя спосабы барацьбы са шкоднікамі.
«Што мяне найбольш зьдзівіла — пасадка 80 новых каштанаў за гэтыя грошы. Калі яны ў вас хварэюць, навошта садзіць каштаны? Няўжо іншых дрэваў няма, якія не хварэюць, якія прасьцей даглядаць?» — абураецца біёляг.
Ігар Лапеха заўважыў, што шмат каштанаў расьце на ўскрайку Горадні ў раёне Крэйдавых гор. Ён думае, што гэтыя дрэвы трэба сьпілоўваць, бо іх наўрад ці будуць апрацоўваць ад молі, а шкоднае насякомае будзе выжываць дзякуючы гэтым насаджэньням.
«Варта штогод выдзяляць пэўныя сродкі на барацьбу са шкоднікамі на кантраляваную колькасьць каштанаў, а ня толькі калі ёсьць грант. Мы павінны ўсьведамляць свае магчымасьці, пакінуць у горадзе столькі каштанаў, колькі мы можам уратаваць, а ўсё астатняе высекчы», — мяркуе Лапеха.
За дрэвы ў Горадні змагаліся цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў
Пра тое, што дрэвы трэба ратаваць ад молі і грыбка, адмыслоўцы казалі даўно. Прыкладам, у 2012 годзе ладзілася грамадзкая акцыя, у якой удзельнічалі і Ігар Лапеха, і выкладчыкі горадзенскіх унівэрсытэтаў. Яны маніторылі ўсе дрэвы ў горадзе, у тым ліку каштаны. Стваралі мапы з пазначэньнем здаровых і засохлых дрэваў. Правялі круглы стол з гарадзкімі ўладамі пра тое, як захаваць Горадню зялёнай.
«Калі горад гэтым не займаецца, варта асэнсаваць аб’ём, асэнсаваць задачы і прапанаваць альгарытм, каб нешта зрабіць з гэтай сытуацыяй, каб было больш-менш стабільна», — пракамэнтаваў Лапеха.
У выніку гэтай кампаніі распрацавалі рэкамэндацыі:
- асьвятляць праблемы гарадзкіх дрэваў у СМІ;
- унесьці зьмены ў гадавы бюджэтны плян: больш траціць грошай на санітарныя высечкі і кампэнсацыйныя пасадкі, менш — на пакосы травы;
- правесьці санітарныя высечкі дрэваў па пералічаных адрасах;
- на іх месцы зрабіць кампэнсацыйныя пасадкі;
- правесьці хімічную апрацоўку дрэваў па шэрагу адрасоў;
- увесьці пры гарвыканкаме пасаду фітапатоляга, які б не ўваходзіў у іншыя арганізацыі.
Канчаткова мэтады барацьбы з мольлю ў Горадні яшчэ не абралі
Як патлумачыў галоўны інжынэр «Гродназелянбуду» Аляксандар Русак, мэтады барацьбы з мольлю-«мінёрам» у межах транспамежнага праекту Эўразьвязу яшчэ да канца ня вызначаныя. Папярэдне — гэта збор і зьнішчэньне апалага лісьця, дзе зімуе моль (мэханічны мэтад), а таксама фэрамонавыя пасткі (біялягічны мэтад). Варыянт, каб рабіць дрэвам хімічныя іньекцыі, таксама разглядаўся.
Цяпер супрацоўнікі «Гродназелянбуду» разам з навукоўцамі Горадзенскага аграрнага ўнівэрсытэту будуць шукаць найбольш эфэктыўныя спосабы барацьбы з насякомым-шкоднікам. Аналягічнае абмеркаваньне паралельна будуць весьці спэцыялісты ў Друскеніках.
«Задача такая, каб вызначыць, якім мэтадам найбольш правільна і эфэктыўна працаваць. Сёньня я вам не гатовы адказаць [пра канчатковыя мэтады]... Мэтодыка яшчэ не адпрацаваная», — сказаў галоўны інжынэр «Гродназелянбуду».
Аляксандар Русак удакладніў, што раней у Горадні не змагаліся з мольлю-«мінёрам».
«Пакуль масавасьці не было, то моцна і не змагаліся [з мольлю]. Нават баімся чапаць гэтыя каштаны, бо яны самі па сабе сохнуць», — сказаў спэцыяліст.
Ён дадаў, што трансьмежны праект па абароне каштанаў рыхтавалі амаль два гады.
Што яшчэ шкодзіць дрэвам у горадзе
Ігар Лапеха мяркуе, што дрэвы паступова забівае дзейнасьць чалавека. Самае небясьпечнае — класьці плітку або асфальт блізка да ствала ўжо дарослага дрэва. Тады яму перакрываюць сілкаваньне, і за некалькі гадоў расьліна засыхае. Так адбылося, прыкладам, з шэрагам ясеняў у парку Жылібэра пасьля рэканструкцыі сьцежак, зь ліпамі і каштанамі на вуліцы Горкага, з гэтай жа прычыны засох каштан Ажэшкі.
Абрэзка галінаў, паводле экспэрта, не вырашае праблемаў, а нішчыць дрэвы. Гэта, кажа ён, усё роўна як чалавеку адсекчы рукі. Прыкладам, у дуба галіны пасьля абрэзкі не аднаўляюцца.
На думку Лапехі, лепей маладое дрэва садзіць адразу ў невялікую прастору, чым потым яго абмяжоўваць. Гэтаксама і крону лепш пачынаць фармаваць у маладога дрэва, чым рабіць голы пень з дарослага.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вечна жывому» Леніну з дрэваў на Берасьцейшчыне пагражае караед і ўсыханьне. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта агульная перамога». Асіповіцкі райвыканкам не дазволіў «Віталюру» будаваць супэрмаркет у гарадзкім парку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Будаўнікі ў цемры ставяць плот вакол Грушаўскага сквэру. Жыхары выклікаюць міліцыю. ФОТА