У швайцарскім Давосе праходзіць Сусьветны эканамічны форум. На яго 50-й сэсіі сустракаюцца лідэры дзяржаў, прадстаўнікі міжнародных арганізацый і бізнэсу ды наогул вядомыя міжнародныя актывісты.
Форум сабраў каля 3000 удзельнікаў з 117 краін, у тым ліку лідэраў больш за 50 дзяржаў і ўрадаў. Сярод самых багатых бізнэсоўцаў на форуме — Марк Цукербэрг, Джордж Сорас, Біл Гейтс.
На форуме 21 студзеня выступіў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Ён заявіў аб эканамічных дасягненьнях Злучаных Штатаў пад яго кіраўніцтвам, а таксама адзначыў важнасьць нядаўняга падпісаньня часткі гандлёвага пагадненьня з Кітаем.
Адказваючы журналістам на пытаньне, чаму ён вырашыў не заставацца ў Вашынгтоне, дзе працягваецца справа аб яго імпічмэнце, Трамп адзначыў, што форум у Давосе і сустрэча прадстаўнікоў палітыкі і бізнэсу — гэта вельмі важна, а астатняе — «ганьба» і «паляваньне на ведзьмаў».
На форуме, сярод іншых, выступяць яшчэ прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг, генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш.
На форуме ўжо прайшлі выступы маладых экаактывістаў, сярод якіх была і швэдзкая актывістка Грэта Тунбэрг. Яна заклікала сусьветных лідэраў адмовіцца ад інвэстыцый у здабычу выкапнёвых відаў паліва — дзеля барацьбы з глябальным пацяпленьнем.
Тунбэрг зноў ўступіла ў завочную палеміку з Трампам, які ў сваім выступе, падкрэсьліўшы важнасьць экалягічных праблем, раскрытыкаваў актывістаў, якія заклікаюць да актыўных захадаў па барацьбе са зьменамі клімату, за лішні, на яго думку, пэсымізм і параўнаўшы іх са старажытнымі прадракальнікаў. Паводле словаў Тунбэрг, «калі наш дом гарыць, бязьдзейнасьць тых, хто пры ўладзе, толькі разьдзімае полымя».
У рамках Сусьветнага эканамічнага форуму-2020 стартуюць два глябальныя праекты. Гэта адукацыйная праграма, якая ахопіць да аднаго мільярда чалавек, а таксама ініцыятыва па высадцы мільярда дрэваў на плянэце.
Форум у Давосе працягнецца да 24 студзеня ўключна.