Расейскае выданьне «Коммерсантъ» паведаміла пра спыненьне перамоваў наконт транзыту празь Беларусь расейскай нафты. Што гэта значыць для Беларусі і як можа адбіцца на эканоміцы?
Расейскае выданьне «Коммерсантъ» са спасылкай на ўласныя крыніцы сьцьвярджае, што Масква і Менск фактычна прыпынілі перамовы пра транзыт расейскай нафты празь Беларусь, а калі і працягнуць сустрэчы, дык тыя будуць толькі «намінальнымі».
Асноўная прычына зацягваньня перамоваў, піша «Коммерсантъ», — «пакуль невядомыя дакладныя аб’ёмы, які пойдуць праз рэспубліку». А таму, маўляў, і абмяркоўваць цэны на транзыт бессэнсоўна.
У прэс-службе «Белнафтахіму» Свабодзе адказалі, што «перамоўныя працэсы ідуць». Напісанае газэтай «Коммерсантъ» не пацьвердзілі.
Пазьней зьявілася інфармацыя, што Беларусь і Расея дамовіліся пра «мэтодыку кампэнсацыі» за забруджаную нафту, якую летась на беларускі НПЗ паставіў расейскі бок. Дэталі і падрабязнасьці гэтай дамоўленасьці пакуль не паведамляюцца.
Што адбываецца з нафтай
Паміж Расеяй і Беларусьсю на сёньня няма дамоўленасьці наконт паставак расейскай нафты, хоць пра гэта не аднойчы размаўлялі асабіста Пуцін з Лукашэнкам. Сёньня нафту на беларускія НПЗ пастаўляе група прыватных кампаній Міхаіла Гуцэрыева. Але аб’ёмы невялікія.
Беларусь набывае расейскую нафту для перапрацоўкі і продажу ў ЭЗ і Ўкраіну нафтапрадуктаў. Таксама празь Беларусь транзытам расейская нафта паступае ў Эўропу. Раней беларускі бок патрабаваў падвышэньня тарыфу на транзыт нафты на 2020 год адразу на 16,6% у сувязі з інцыдэнтам з бруднай расейскай нафтай.
Таксама Беларусь плянуе ўвесьці экалягічны падатак для нафтавых кампаній.
«Цана на транзыт вызначаецца шляхам пагадненьня двух бакоў: беларускага і расейскага. Было жаданьне беларускага боку падняць цану транзыту, у тым ліку і праз экалягічны падатак. Пакуль пра гэта не дамовіліся, значыць, дзейнічаюць мінулыя тарыфы. Бо ў аднабаковым парадку падняць цану немагчыма», — тлумачыць старшы фінансавы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.
«Спыненьне перамоваў — гэта не спыненьне транзыту»
Расейская нафта празь беларускі трубаправод паступае ў краіны ЭЗ, але нават калі перамовы спыненыя — гэта не спыненьне ўласна паставак. На гэта зьвяртае ўвагу Вадзім Іосуб.
«Транзыт ня спынены. Ён як ішоў, так і ідзе. А спыненьне перамоваў, калі гэта так, значыць, што дзейнічаюць старыя тарыфы, беларускаму боку не ўдалося праціснуць новыя тарыфы. Маглі быць разавыя спыненьні з прычыны рамонту нафтаправоду», — кажа Вадзім Іосуб.
Наколькі важны транзыт расейскай нафты
Асноўны прыбытак Беларусі ад расейскай нафты — гэта яе перапрацоўка і продаж нафтапрадуктаў за мяжу. Транзыт нафты прыносіць менш сродкаў, але ад яго спыненьня, калі гэта адбудзецца, пацерпяць ня толькі Беларусь і Расея.
«Гэта адчувальнае пытаньне для краін Захаду, якія набываюць расейскую нафту. Аднабаковае спыненьне транзыту выкліча абурэньне ня толькі расейскага боку, але і пакупнікоў расейскай нафты на Захадзе. Падобная гісторыя была з газам ва Ўкраіне: калі там спынілі транзыт газу, былі пытаньні ў пакупнікоў гэтага газу на Захадзе. Таму рэзкіх крокаў беларускі бок тут рабіць, мяркую, ня будзе», — прыводзіць прыклад Вадзім Іосуб.
Цяпер экспарт нафтапрадуктаў зь Беларусі прыпынены, НПЗ забясьпечваюць патрэбы ўнутранага рынку і працуюць на мінімальных загрузках.
Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася
- 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
- Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
- Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
- 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
- Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
- Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
- Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
- Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
- Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
- Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
- Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
- Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.
Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст
Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі
Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Расея дамовіліся аб кампэнсацыі за брудную нафту ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нафтаправод «Дружба» адрамантавалі, пастаўкі расейскай нафты ў Польшчу аднавілі