У часе размовы са старшынём Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што ў 2020 годзе мае прайсьці Ўсебеларускі народны сход.
Лукашэнка сказаў Орду, што хоча ўзяць асабісты ўдзел у будучым зьезьдзе ФПБ:
«Тым больш, такі палітычна важны год: прэзыдэнцкія выбары, зьезд народу Беларусі — Усебеларускі народны сход, які выпрацуе стратэгію на пэрспэктыву. Прафсаюзы тут павінны выканаць сваю ролю», — перадае словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба.
Калі менавіта пройдзе сход, невядома. Але трэці і чацьвёрты сходы (усяго іх было пяць) праходзілі за два тыдні да выбараў. Самы першы Ўсебеларускі сход прайшоў у 1996 годзе за месяц да рэфэрэндуму, на які выносілася пытаньне пашырэньня паўнамоцтваў Лукашэнкі. Другі — за чатыры месяцы да прэзыдэнцкіх выбараў, а пяты — ажно праз восем месяцаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
Апошнія чатыры сходы праходзілі ў менскім Палацы рэспублікі. Чатыры зь пяці сходаў (акрамя другога) працягваліся два дні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ім падарылі планшэты, а яны выносілі з буфэту бабруйскі зэфірНа такіх сходах, дзе прадстаўленыя ўрад, парлямэнт, кіраўнікі органаў мясцовай улады, Лукашэнка фактычна зацьвярджае сваю перадвыбарчую праграму і праграму разьвіцьця Беларусі на пяць гадоў.