Піліп Шаўроў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна, паведаміў у фэйсбуку лідэр БХД Павал Севярынец.
Лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч паведаміў Свабодзе, што Піліпа Шаўрова затрымалі 19 студзеня ў ягонай кватэры ў Менску. Актывіст пасьпеў сказаць, што ў ягонай кватэры вядзецца вобшук.
Шаўрова вінавацяць у палітычных графіці і нанясеньні шкоды помніку Аляксандру Пушкіну. «Сказаў, што завялі справу па артыкуле аб нанясеньні шкоды помніку, гэта 339-ы артыкул» — паведаміў Урбановіч.
Паводле Ўрбановіча, на допыт у сувязі са справай аб помніку Пушкіна выклікалі і жонку Шаўрова.
З афіцыйнага паведамленьня прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай вынікае, што Шаўроў сам прыйшоў у міліцыю і прызнаўся ў тым, што гэта менавіта ён размаляваў помнік.
Што здарылася
17 студзеня ў Менску нехта пафарбаваў у чырвонае рукі помніка Аляксандру Пушкіну ў сквэры каля гатэлю «Беларусь». Відавочцы выклікалі міліцыю.
Празь некалі гадзінаў на здарэньне адрэагавала расейская амбасада ў Беларусі, заявіўшы, што адсочвае сытуацыю і што «ўчынак людзей у дачыненьні памяці паэта, чыё жыцьцё і творчасьць былі шчыльна зьвязаныя зь Беларусьсю, выклікае велізарнае шкадаваньне і зьбянтэжанасьць».
Хто такі Піліп Шаўроў
Удзельнік курапацкай варты
1 верасьня 2018 году быў затрыманы каля рэстарана «Поедем поедим». Атрымаў штраф 20 базавых.
Быў затрыманы ў красавіку 2019-га падчас крыжалому ў Курапатах.
Узначальваў вайскова-патрыятычны клюб «Ваяр»
Узначальваў вайскова-патрыятычны клюб «Ваяр» пры «Маладым Фронце». Паводле Дзяніса Ўрбановіча, у арганізацыі Піліп з 2016 году. Браў удзел у шматлікіх акцыях салідарнасьці з палітвязьнямі.
Шаўроў таксам зьяўляецца актывістам руху «Дзея», напісаў Свабодзе Ігар Случак.
Спрабаваў дэмантаваць бетонную скульптуру Леніна
Паводле Паўла Севярынца, Шаўроў яшчэ студэнтам спрабаваў разьбіць бэтонную фігуру Леніна на вуліцы Караткевіча ў Менску. Нібыта атрымаў за гэта ўмоўнае пакараньне тэрмінам на 1 год.
Скончыў юрыдычны факультэт БДУ
Паводле інфармацыі «Нашай нівы», Шаўрову 25 гадоў. Ён скончыў юрыдычны факультэт БДУ і працаваў у адным з банкаў Менску. Мае жонку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра Пушкіна і «русафоба» Гілевіча