20 студзеня суды Партызанскага і Ленінскага раёнаў Менску разглядалі справы лідэра руху салідарнасьці «Разам» Вячаслава Сіўчыка і лідэра «Народнай грамады» Міколы Статкевіча.
У абодвух судах разглядалі абвінавачаньне за «парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства», у абодвух абвясьцілі перапынак.
Абодва палітыкі не прыйшлі на працэсы. Як піша «Прававая ініцыятыва», у справе Статкевіча судзьдзя Аляксей Кісьляк абвясьціў перапынак «для высьвятленьня, дзе Статкевіч» да 10.00 27 студзеня. У справе Сіўчыка ў сувязі зь няяўкай падсуднага абвясьцілі перапынак да 11.00 27 студзеня.
Сіўчыка зьбіраліся судзіць за акцыю супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі 8 студзеня, сьведкі-амапаўцы казалі, што бачылі там палітыка, што ён «выкрыкваў лёзунгі».
Статкевіча цяпер судзілі за мітынг 20 сьнежня (паводле «Прававой ініцыятывы», за ўдзел, але паводле «Вясны» — за заклік на акцыю), дзе ён «выкрыкваў „Жыве Беларусь“», як сьцьвярджалі сьведкі-міліцыянты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасягненьні і паразы апазыцыі за 10 гадоў. Што кажуць самі апазыцыянэрыСіўчык і Статкевіч нячаста зьяўляюцца на адміністратыўных судах над сабой. Паводле падлікаў «Вясны», за сьнежаньскія акцыі пратэсту актывістам ужо прысудзілі звыш 100 тысячаў рублёў штрафаў, 11 чалавек асуджаныя на больш як дзьвесьце сутак арышту. І суды паводле арт. 23.34 КаАП РБ заплянаваныя прынамсі да 27 студзеня.
На аплату штрафаў і «сутак» актывістам кампанія #BY_help сабрала звыш 20 тысячаў даляраў.
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»