Кампанія «Гомельтранснафта Дружба» завяршыла рамонт участку нафтаправоду з Мазыра да Берасьця, піша «Інтэрфакс». Цяпер расейская нафта ідзе ў Польшчу ў поўным аб’ёме.
Рамонт пачалі 14 студзеня і меркавалі праводзіць да 17-га, замяніць сэкцыі трубаправоду сумарнай працягласьцю 40 мэтраў, бо на небясьпечных участках выявілі «значнае скопішча аднародных дэфэктаў». Падчас рамонту транзыт расейскай нафты на захад не спыняўся, але ішоў у меншых аб’ёмах.
У расейскай кампаніі «Транснефть» казалі, што беларусы папярэдзілі пра рамонт і такія работы праходзяць рэгулярна, але звычайна не анансуюцца. У польскай кампаніі PERN пацьвердзілі, што перапампоўка расейскай нафты празь Беларусь ідзе паводле графіку.
Рамонт супаў па часе са спрэчкамі Беларусі і Расеі пра пастаўкі нафты. Але «Транснефть» была ўпэўненая, што Беларусь ня стане спыняць транзыту нафты, бо атрымлівае за гэта немалыя грошы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Расея прыпынілі перамовы пра транзыт нафты, — «Коммерсантъ»