На саміце ў Бэрліне 19 студзеня, прысьвечаным канфлікту ў Лібіі, ўдалося дасягнуць прагрэсу ў пытаньні поўнамаштабнага спыненьня агню, заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо.
Пампэо выказаў надзею, што такое разьвіцьцё падзей прывядзе да аднаўленьня працы нафтавай інфраструктуры Лібіі, заблякаванай з прычыны канфлікту.
Паводле канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель, прыхільнікі варагуючых бакоў пагадзіліся, што замірэньне, узгодненае ў Трыпалі на мінулым тыдні, павінна быць пераўтворана ў пастаянны рэжым спыненьня агню. Спэцыяльны камітэт, у які ўвойдуць пяцёра вайскоўцаў ад кожнага з бакоў, будзе маніторыць перамірʼе.
Замежныя сілы, актыўныя ў Лібіі, у сваю чаргу абавязаліся на саміце выконваць дзейнае эмбарга ААН на пастаўкі зброі і спыніць пастаўкі ўзбраеньняў. Дакумэнт падпісалі прадстаўнікі 16 краінаў і арганізацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэрал Хафтар пакінуў Маскву, не падпісаўшы пагадненьня аб перамір’і ў ЛібііНа саміце ў Бэрліне, прысьвечаным канфлікту ў Лібіі, былі прэзыдэнты Расеі Ўладзімір Пуцін, Турэччыны — Рэджэп Эрдаган, Францыі — Эманюэль Макрон, італьянскі і брытанскі прэмʼеры Джузэпэ Контэ і Борыс Джонсан, дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо, а таксама кіраўнік ААН Антонію Гутэрыш і высокапастаўленыя прадстаўнікі Эўразьвязу, Афрыканскага зьвязу і Лігі арабскіх дзяржаў.
Галоўнымі мэтамі саміту былі:
- Пераканаць урады дзяржаваў, якія падтрымліваюць варагуючыя бакі ў Лібіі, адмовіцца ад паставак ім зброі, ад фінансавай падтрымкі і ад наданьня дапамогі войскамі.
- Забясьпечыць замірэньне паміж урадам у Трыпалі, які карыстаецца падтрымкай ААН, і ўзброенымі атрадамі паўстанцкай арміі пад камандаваньнем генэрала Халіфы Хафтара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лібіі аб'явілі перамір'е. Абодва бакі адразу ж заявілі аб парушэньнях
- У 2011 годзе ў Лібіі быў зрынуты дыктатар Муамар Кадафі. Ён кіраваў краінай больш за 40 гадоў. Пасьля падзеньня рэжыму Кадафі ў краіне пачалася барацьба за ўладу паміж рознымі групоўкамі. Гэты канфлікт прывёў да грамадзянскай вайны, якая працягваецца да гэтага часу.
- Цяпер захад краіны і сталіцу Трыпалі кантралюе ўрад нацыянальнага адзінства. Яго падтрымліваюць ААН, заходнія краіны, Турэччына і Катар.
- Расея, паводле некаторых паведамленьняў, накіроўвае наймітаў у падтрымку генэрала Халіфы Хафтара, лідэра апазыцыйнага да ўраду Лібійскай нацыянальнай арміі. Масква афіцыйна адмаўляе гэтую падтрымку. Таксама сілы Хафтара падтрымліваюць Эгіпет і Абʼяднаныя Арабскія Эміраты. ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін пра расейскіх наймітаў у Лібіі: «Не прадстаўляюць інтарэсы Расеі і грошай ад яе не атрымліваюць»
- У 2019 годзе Хафтар абвясьціў аб пачатку аблогі Трыпалі. СМІ неаднаразова паведамлялі пра тое, што лібійскі генэрал карыстаецца падтрымкай Расеі. Расейскія ўлады афіцыйна гэтага не пацьвярджаюць. Паводле прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана, на баку Хафтара ваююць больш за дзьве тысячы наймітаў расейскай «прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера», якую зьвязваюць з прадпрымальнікам Яўгенам Прыгожыным.
- У ноч на 12 студзеня ў Лібіі было абвешчана перамірʼе паміж урадавымі войскамі і арміяй генэрала Халіфы Хафтара. Аднак ужо празь некалькі гадзін пасьля пачатку рэжыму спыненьня агню бакі канфлікту абвінавацілі адзін аднаго ў парушэньні дамоўленасьцяў.