Паводле папярэдніх кансультацый, заявак ад партый, рухаў ды іншых арганізацый колькасьць удзельнікаў Кангрэсу можа скласьці больш за 1000 чалавек. Аднак большасьць сяброў Аргкамітэта арыентуецца на колькасьць каля 500 дэлегатаў, гаворыцца ў прэс-рэлізе Аргкамітэт Кангрэсу за незалежнасьць.
Рыхтуецца таксама рэзэрвовы плян правядзеньня Кангрэсу ў Вільні, калі «мясцовая ўлада стане ганебна перашкаджаць правядзеньню ўсебеларускага форуму», гаворыцца ў паведамленьні. Дапускаецца таксама правядзеньне Кангрэсу ў фармаце мітынгу на плошчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апазыцыя заклікала ЭЗ увесьці санкцыі супраць групы чыноўнікаў і судзьдзяўСтала вядома, што правядзеньне Кангрэсу ўхваліла Рада БНР. Аркамітэт інфармуе, што вельмі шмат беларусаў з усяго сьвету выказалі цікавасьць прыняць удзел у працы Кангрэсу.
Да Аргкамітэту далучыліся новыя арганізацыі: Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, Грамадзкая дырэкцыя народнага мэмарыялу Курапаты. Шэраг іншых партый, грамадзкіх структур прымуць рашэньне аб уваходзе ў склад суарганізатараў Кангрэсу ў бліжэйшыя дні.
Усебеларускі кангрэс за незалежнасьць плянуецца правесьці 15 сакавіка 2020 года, у дзень прыняцьця Канстытуцыі 1994 года. Паводле арганізатараў, на кангрэсе не плянуецца намінацыя прэтэндэнтаў на ўдзел у «прэзыдэнцкай кампаніі». Арганізатары бачаць Кангрэс форумам, які прадставіць інтарэсы дэмакратычнай апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці.