Зяленскі не прыняў адстаўку прэм'ер-міністра Ўкраіны

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ня стаў прымаць адстаўку прэм'ер-міністра Аляксея Ганчарука.

Кіраўнік Украіны заявіў, што вырашыў даць шанец на чале ўраду і яго калегам, калі яны «вырашаць некаторыя задачы, якія сёньня вельмі важныя і вельмі хвалююць грамадзтва». Пра гэта паведамляецца на сайце прэзыдэнта Украіны. Зяленскі дадаў, што цяпер ня той час, каб «расхістваць дзяржаву эканамічна і палітычна».

Раней сёньня Зяленскі запатрабаваў ад праваахоўных органаў за два тыдні выявіць усіх датычных да праслухоўкі і публікацыі запісу размоваў прэмʼер-міністра, міністраў і прадстаўнікоў Нацыянальнага банку Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбылося ва Ўкраіне і ці будзе там новы ўрад?

15 студзеня ва ўкраінскім інтэрнэце зьявіўся аўдыёзапіс, сапраўднасьць якога пакуль не пацьверджана. На ім некалькі чалавек абмяркоўваюць падрыхтоўку дакладу па эканамічнай палітыцы прэзыдэнта, а таксама прычыны і наступствы павышэньня курсу грыўні. Акрамя таго, у запісе, чалавек з голасам, падобным на прэмʼера, кажа пра сваю «некампэтэнтнасьць» у эканамічных пытаньнях. Паводле некаторых дадзеных, запіс мог быць зроблены 16 сьнежня, а ў нарадзе нібыта ўдзельнічалі, акрамя Ганчарука, намесьніца старшыні Нацбанку Кацярына Ражкова, намесьніца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Юлія Кузьняцова ды іншыя.

Ганчарук па выніках гэтага скандалу 17 студзеня напісаў заяву аб адстаўцы.