Першы чэмпіянат Эўропы па роварным спорце заплянавалі правесьці ў Менску 1–15 жніўня 2021 году, паведамляе сайт Эўрапейскага роварнага зьвязу.
Чакаецца, што чэмпіянат Эўропы ў шасьці дысцыплінах будзе праходзіць на працягу двух тыдняў у Менску і Менскай вобласьці. Ён будзе ўключаць элітныя чэмпіянаты Эўропы па алімпійскіх дысцыплінах, гонкі на дарожных, горных (MTB), трэкавых і кросавых (BMX) роварах, а таксама BMX-фрыстайл і масавую 120-кілямэтровую гонку Gran Fondo.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску 223 км роварных дарожак. Гэта амаль як даехаць да ПолацкуНадалей чэмпіянат плянуюць праводзіць кожныя чатыры гады. Чакаецца ўдзел каля 5 тысяч спартоўцаў з 50 краін.
Дамову аб намерах правесьці чэмпіянат у Менску падпісалі 17 студзеня прэзыдэнт Эўрапейскага роварнага зьвязу Рока Катанэо і старшыня Беларускай фэдэрацыі роварнага спорту Натальля Цылінская, канчатковае пагадненьне плянуюць падпісаць у бліжэйшыя некалькі тыдняў.
«У Менску практычна ўсё гатова для правядзеньня маштабнага велафоруму. Створаная выдатная інфраструктура. Неабходна будзе толькі дапрацаваць трасы для правядзеньня спаборніцтваў у горных дысцыплінах. Але мы не сумняёмся, што беларускі бок пасьпяхова справіцца з гэтай задачай», — сказаў Рока Катанэо, камэнтуючы падпісаньне кантракту, піша БелТА.