Усясьветны банк апублікаваў чарговы даклад «Жанчыны, бізнэс і закон», у якім параўноўвае краіны паводле васьмі ключавых індыкатараў правоў жанчын. Беларускам, згодна з World Bank, жывецца прыблізна як кітаянкам і мараканкам — на 75,6 бала са 100.
Што выдатна для жанчын у Беларусі:
- мабільнасьць (100 балаў) — ці можа жанчына выбіраць жытло, вандраваць, атрымліваць пашпарт гэтак жа вольна, як мужчына;
- шлюб (100) — ці няма закону, які патрабуе ад жанчыны падпарадкоўвацца мужу, ці ёсьць адказнасьць за хатні гвалт, ці можа жанчына кіраваць гаспадаркай, як мужчына, і ці можа атрымаць развод і зноў выйсьці замуж, як мужчына;
- маёмасьць (100) — ці роўныя правы на нерухомасьць і спадчыну, ці роўныя правы на маёмасьць мужа і жонкі, ці роўна ацэньваюцца неграшовыя ўнёскі мужчын і жанчын.
Што добра, але не ідэальна:
дзеці (80 балаў) — ці ёсьць аплочаны водпуск па цяжарнасьці прынамсі на 14 тыдняў, ці даюць улады ўсю дапамогу ў дэкрэтным адпачынку, ці ёсьць неаплочаны адпачынак на догляд за дзецьмі і ці можа бацька атрымаць аплочаны адпачынак на догляд за дзецьмі, ці забароненае звальненьне цяжарных.
прадпрымальніцтва (75) — ці забараняе закон дыскрымінацыю доступу да крэдытаў паводле полу, ці можа жанчына падпісваць кантракты, рэгістраваць бізнэс і адкрываць банкаўскі рахунак, як мужчына.
Што сярэдне:
праца (50 балаў) — ці можа жанчына атрымаць працу гэтак жа вольна, як мужчына, ці ёсьць закон супраць полавай дыскрымінацыі і сэксуальнага харасмэнту на працы;
заробак (50) — ці патрабуе закон роўнай аплаты незалежна ад полу, ці могуць жанчыны працаваць у тых жа індустрыях, у начныя зьмены і на небясьпечных працах, як мужчыны.
пэнсія (50) — ці роўны пэнсійны ўзрост мужчын і жанчын, ці роўныя пэнсіі і льготы, ці ўлічваецца ў пэнсійным стажы водпуск на догляд за дзецьмі.
Што ніяк:
рэформы — у асобным разьдзеле Ўсясьветны банк апісвае, як за два гады, зь лета 2017 па восень 2019 году, зьмянілася сытуацыя з правамі жанчын у розных краінах сьвету, і Беларусь у разьдзеле ніяк ня згадваецца.
А як у іншых краінах?
Максымальныя балы паводле правоў жанчын атрымалі Бэльгія, Канада, Данія, Францыя, Ісьляндыя, Латвія, Люксэмбург і Швэцыя — 100 са 100. Сьледам за імі на 9-м месцы Эстонія з 97,5 бала. На апошніх месцах Катар, Іран, Судан, Емэн і часткова прызнаная Палестынская дзяржава.
На 27–32 месцах Літва і Польшча, а таксама Славенія, Сэрбія, Чэхія і Харватыя — ва ўсіх 93,8 бала. Украіна ў групе дзяржаў, што займаюць 92–99 месцы, з 78,8 бала (як Таджыкістан і Азэрбайджан).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Таджыкістане штодзень шэсьць непаўналетніх дзяўчат выходзяць замуж праз рашэньне судуБеларусь жа ў групе краінаў на 107–110 месцах з 75,6 бала — разам з Кітаем, Лесота і Марока.
Расея ніжэй — разам з Анголай, Бурундзі і Ўгандай займае 158–161 месцы з 73,1 бала.
Чаму Беларусі далі 100 балаў за «сям’ю», хоць няма закону супраць хатняга гвалту?
Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Кацярына Шмаціна расказала Свабодзе, што рэйтынг складаўся на падставе пісьмовага апытаньня мясцовых экспэртаў (у ліку якіх была і яна) з загадзя падрыхтаванымі пытаньнямі і магчымасьцю рабіць пазнакі да адказаў.
У пытаньні пра заканадаўства аб хатнім гвалце, кажа яна, улічвалася ня толькі наяўнасьць асобнага закону (у Беларусі такога няма), але і нормаў у іншых актах заканадаўства — як то ў законе аб прафіляктыцы правапарушэньняў.
Асабіста яна ў адказах рабіла пазнакі наконт адмовы дзяржавы прымаць закон супраць хатняга гвалту, маштаб праблемы і ініцыятыву «Маршыруй, дзетка», але такія дэталі не ўвайшлі ў фінальную справаздачу. Шмаціна дадае, што калі праводзіцца параўнальны аналіз 190 краінаў, то не заўжды магчыма ўлічыць спэцыфіку кожнай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як прайшла талака ў кавярні, дзе будуць працаваць пацярпелыя ад хатняга гвалту. ВІДЭА