Людзі спрадвеку аддаюць целы памерлых чатыром стыхіям. Закопваюць, спальваюць, пускаюць па вадзе ці расьсейваюць прах ветрам. Для нябожчыкаў у Беларусі дзьве традыцыйныя «хованкі»: зямля і агонь. Са здохлымі катамі і сабакамі ўсё складана.
Традыцыйныя рэлігіі прадугледжваюць для памерлых людзей на «тым сьвеце» рай, пекла ці чысьцец. Для катоў і сабак пакуль не прыдумалі нічога лепшага, чым скандынавы, у эпасе якіх верныя сябры чакаюць сваіх гаспадароў на «мосьце вясёлкі». Але шлях туды для свойскіх жывёлаў у Беларусі пакручасты.
Свабода даведалася пра сытуацыю з пахаваньнем катоў і сабак на прыкладзе Гомля, паўмільённага абласнога цэнтру на паўднёвым усходзе краіны.
Стыхійныя пахаваньні: незаконныя, але папулярныя
Паводле інфармацыі Гомельскай гарадзкой жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, на 1 студзеня ў Гомлі зарэгістравана 5272 сабакі і 2078 катоў. За год «прырост» сабак склаў 601 «галаву», катоў стала больш на 185. Гэтыя афіцыйныя лічбы не адлюстроўваюць рэальную колькасьць хатніх гадаванцаў. Многія людзі проста не рэгіструюць іх. Іншая жыўнасьць, кшталту шыншыл, трусоў, папугаяў і рыбак, наогул ніяк ня лічыцца. Але ўсе яны рана ці позна пакінуць гэты сьвет.
Большасьць беларусаў пасьля сьмерці сваіх жывёлак закопвае парэшткі «пад яблынькай» у вёсцы ці вязе ў лес. І аўтаматычна становяцца правапарушальнікамі. За такое парушэньне вэтэрынарна-санітарных правілаў прадугледжаны штраф — да 540 рублёў. Людзі пазьбягаюць штрафаў толькі таму, што іх не злавілі за руку.
На прадпрыемстве «Спэцкамунтрас» кажуць, што стыхійныя пахаваньні свойскіх жывёлаў могуць быць небясьпечнымі. Невядома, ад якой інфэкцыі памер сабака ці кот. Трупны яд можа трапіць у грунтавыя воды.
Тым ня менш за гарадамі ў патайных месцах разрастаюцца стыхійныя могілкі хатніх гадаванцаў.
У Гомлі існуе некалькі такіх могілак. Усе яны незаконныя. Найбольш вядомыя — пляцоўкі каля людзкіх могілак «Асаўцы» і за вёскай Пакалюбічы. Стыхійныя могілкі жывёлаў з помнікамі паўсталі і ва ўрочышчы Семень пад Гомлем. Тэрыторыю, дзе ў 1941 годзе праходзіла лінія абароны гораду і дзе ў баях загінулі каля 2 тысяч чалавек, ахоўвае дзяржава. Ваенна-патрыятычныя клюбы зрабілі ва ўрочышчы невялікі мэмарыял памяці герояў абароны.
І тут жа на горцы жыхары Гомля хавалі сваіх катоў і сабак, таксама ўшаноўваючы іх памяць помнікамі, вянкамі і кветкамі. Супрацьстаяньне патрыётаў і «сабачнікаў» скончылася перамогай першых — сабачыя надмагільлі зруйнавалі.
Цяпер гомельцы хаваюць сваіх улюбёнцаў за некалькі кілямэтраў далей ад мэмарыялу, пад соснамі на высокай горцы. Але гэтыя землі неўзабаве перададуць у выкарыстаньне фэрмэру, якія плянуе зрабіць тут месца для адпачынку. Пакуль ня ведае, што рабіць з помнікамі сабакам і катам.
Як законна пахаваць ката ці сабаку. Ці цывілізавана гэта?
Законна пахаваць Пушка, Дружка ці Найду — значыць здаць цела на спэцыялізаванае камунальнае прадпрыемства «Спэцкамунтранс». Раней яно перадавала пухнатых на ўтыльзавод — для вытворчасьці мяса-касьцявой мукі. Цяпер утыльзавод адмовіўся прымаць мёртвых жывёлаў. «Спэцкамунтранс» спальвае трупы за горадам, у агульнай яме.
Трупы жывёлаў прымаюць толькі па аўторках і чацьвяргах, да 12-й гадзіны. Паслуга платная. Нам палічылі, што за 30-кіляграмовага сабаку мы мусім выплаціць прыкладна 35 рублёў. Мы пацікавіліся на прадпрыемстве далейшым лёсам цела гадаванца, які, паводле легенды, здох.
— Што будзе з маім сабакам, калі я вам яго здам?
— Якая вам розьніца, што зь ім будзе?
— Нам ёсьць розьніца.
— Яго спаляць.
— А прах ягоны вы нам можаце аддаць?
— Гэта немагчыма. Там паліцца адразу 250 кіляграмаў, там жа ня толькі ваш сабака.
— Тады ці можам мы самі яго недзе закапаць?
— Нельга закопваць. Можна толькі спальваць. І толькі праз нас.
На прадпрыемстве зазначылі, што ў вэтэрынарнай службе ў нас возьмуць толькі за эўтаназію 30 рублёў. А «Спэцкамунтранс» сам можа правесьці ўсыпленьне — ад гэтага цана за «ўтылізацыю» не павялічыцца, мусім сплаціць тыя самыя 35 рублёў.
— Што рабіць, калі сабака здохне ў пятніцу, а вы прымаеце іх толькі ў аўторак?
— У вэтэрынарных клініках ёсьць маразільныя камэры.
Да чаго грамадзтва яшчэ не сасьпела
Пэрспэктыва, што сябры чалавека скончаць свой зямны шлях у полымі ў агульнай яме, кідае ў дрыжыкі гаспадароў. У «Спэцкамунтрансе» зазначылі, што праблему вырашыў бы закон, які рэглямэнтаваў бы «вось гэта ўсё». Каб можна было аформіць адвядзеньне зямлі пад «сабачыя» могілкі, напрыклад. Так робіцца ў іншых краінах.
Спэцыялісты кажуць, што да адмысловых могілак і цывілізаванага пахаваньня сабак і катоў павінна, у першую чаргу, «сасьпець грамадзтва».
«Да нас зьвяртаюцца, можа, 20 чалавек за год, якія хочуць законна пахаваць сабак ці катоў. Астатнім пляваць», — дадалі на прадпрыемстве. Яны ня супраць ні могілак для сабак, ні іншых цывілізаваных спосабаў пахаваньня.
Пахаваць па-людзку: з сабакі ці ката можа вырасьці сад
Прыватны крэматорый для катоў і сабак доўгі час быў толькі ў Менску. У сьнежні 2019 падобныя паслугі пачалі аказваць і ў Гомлі.
«Здаваць на ўтыльзавод ці ў агульную яму праз „Спэцкамунтранс“ ня вельмі прыгожа. У маёй маці сабака памёр ад раку. Ён быў, лічы, чальцом сямʼі. Мы вазілі яго на крэмацыю ў Менск. Тады і я задумаўся пра такую паслугу», — тлумачыць кіраўнік сэрвісу «Зоарытуал» Андрэй Анюшкевіч.
Менскі прадпрымальнік дапамог яму з парадамі — расказаў, што трэба для адкрыцьця такога сэрвісу. Андрэй з кампаньёнамі закупіў спэцыяльныя печы, прайшоў усе ўзгадненьні — і фірма запрацавала. Ён кажа, што шмат працы як у Менску, так і ў Гомлі менавіта зімой.
«Везьці сабаку ці ката, або нават хамяка, у лес, дзяўбці мёрзлую зямлю? Мы прыяжджаем на дом, забіраем цела, ёсьць і агульная, і індывідуальная крэмацыя. Пры агульнай прах не аддаецца, пры індывідуальнай мы аддаём прах у адмысловай керамічнай ці плястыкавай ці экалягічнай урне. Прапаноўваем і розныя прылады для захаваньня праху», — кажа прадпрымальнік.
Андрэй кажа, што большасьць гаспадароў цяжка пераносяць разьвітаньне з гадаванцамі. Таму разьлічвае, што сэрвіс крэмацыі будзе запатрабаваны.
Для ахвочых ён дае справаздачу на відэа — што менавіта ваш гадаванец быў спалены ў печы і менавіта яго прах вяртаюць у адмысловай урне. Ад 4-кіляграмовага ката застаецца каля 100 грамаў праху.
«Гэта арганіка. Можна закапаць ці захоўваць ўва ўрне», — кажа прадпрымальнік.
Кіраўнік рытуальнага сэрвісу сам сабачнік. Таму, кажа, для яго важна, якім чынам хатнія гадаванцы трапяць «на вясёлку».
Агульная крэмацыя для жывёлы да 1 кіляграму каштуе з выездам на дом 40 рублёў, індывідуальная (калі аддаюць прах ва ўрне) — 80 рублёў.
У плянах сэрвісу — экалягічныя і эстэтычныя пахаваньні жывёлак. Напрыклад, класьці прах у адмысловыя мяшэчкі з насеньнем. Так можна пасадзіць дрэва. Прах хатняга гадаванца будзе арганікай для пасадкі. На Захадзе такая паслуга распаўсюджаная, ёсьць нават сады, «угнаеньнем» для якіх сталі свойскія жывёлы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паставіла крыж на сваім жыцьці». Як жанчына пад Браславам даглядае хворых коней ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэнтабэльнасьць 100 адсоткаў. Як настаўнік біялёгіі зарабляе на мурашках