Беларусь зьвярнулася да Азэрбайджану, Казахстану, Польшчы, Украіны і краін Балтыі з прапановамі закупіць нафту. Некаторыя краіны заявілі, што гатовыя дапамагчы. Польскі экспэрт Якуб Вех расказаў у інтэрвію Свабодзе, чаму гэтыя пастаўкі ня выратуюць Беларусь і патлумачыў, што можа вырваць беларусаў з энэргетычных сетак Расеі.
Якуб Вех працуе намесьнікам галоўнага рэдактара польcкага парталу energetyka24.com. Займаецца пытаньнямі энэргетычнай і інфармацыйнай бясьпекі.
Некалькі гадоў таму разам з калегам ён быў у цэнтры палітычнага скандалу. Вех стварыў на Твітары фэйкавы профіль экспэрта ў пытаньнях энэргетыкі і разьмяшчаў там допісы, на якія спасыліся журналісты, не правяраючы іх сутнасьці. Справа фэйкавага экспэрта зайшла настолькі далёка, што зь ім скантактаваўся прадстаўнік Канцэлярыі прэм’ера. У выніку партал Energetyka24.com атрымаў закрытую інфармацыю пра газаправод Baltic Pipe. Правакацыя мела на мэце паказаць мэханізм сучаснай інфармацыйнай вайны і неабароненасьць дзяржавы і СМІ ад фальшывак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі Беларусь прайграе гэтую „нафтавую бітву“ — яна прайграе незалежнасьць»«У Польшчы няма столькі сыравіны, каб запоўніць беларускія НПЗ»
— Менск зьвяртаўся да Варшавы з просьбай дапамагчы з пастаўкамі нафты. Ці магчыма гэта?
— Польшча і Беларусь злучаныя трубаправодам «Дружба», таму тэхнічна такая магчымасьць існуе. Гэта пацьвярджае беларускі апэратар, зазначаючы, што пастаўкі магчымыя толькі ў адным кірунку: з усходу на захад або з захаду на ўсход. Але польскі апэратар, кампанія PERN, заяўляе, што ў такім выпадку ў яе былі б праблемы з задавальненьнем патрэбаў сваіх кліентаў.
Праблема яшчэ і ў тым, што Беларусь, як і Польшча, атрымлівае большасьць сваёй нафты з Расеі. Ці хопіць у Польшчы нафты, каб памагчы Беларусі? На жаль, у Варшавы сёньня няма такой магчымасьці імпарту, якая б дазволіла пастаўляць у Беларусь столькі нафты, каб зьменшыць залежнасьць ад Расеі і каб Беларусь магла яе яшчэ і экспартаваць. Каля 70% польскага імпарту нафты — гэта сыравіна з Расеі. Таму такія магчымасьці моцна тэарэтычныя. Чыста гіпатэтычна Польшча магла б падтрымаць Беларусь, але гаворка ідзе пра кароткі адрэзак часу.
Польшча сама глыбока залежная ад паставак расейскай нафты. Наш нафтапорт не валодае такой прапускной здольнасьцю, каб быць аварыйным выхадам для Беларусі, гэта зьвязана з праблемамі з прапампоўкай нафты на ўсход. Пакуль Польшча ня мае такой колькасьці сыравіны, каб запоўніць НПЗ у Мазыры і Наваполацку. Мы ня зможам вырваць Беларусь з энэргетычных сетак Расеі.
«Польшча ня можа пераключыць кірунак у трубе, бо падвядзе сваіх кліентаў»
— У Беларусі кажуць, што пастаўкі з Польшчы маглі б быць у рэвэрсным рэжыме з Польшчы. Але польская кампанія PERN заявіла, што гэта немагчыма. Хто гаворыць праўду?
— Сыстэма трубаправодаў «Дружба» будавалася з думкай аб пастаўках нафты з усходу на захад. Гэта натуральны кірунак для канструкцыі ўсёй гэтай сыстэмы. Таму сапраўды ёсьць праблема з тым, каб пастаўляць нафту з Польшчы ў Беларусь, калі мы самі атрымліваем гэтую нафту з усходу. Нафта па трубе ідзе далей на захад, пастаўкі не спыняюцца ў Польшчы. Таму пераключыць трубу ў такой сытуацыі ў другі бок тэхнічна немагчыма. На гэта можна пайсьці ў нейкіх аварыйных сытуацыях. Напрыклад, летась, калі ў трубаправод «Дружба» трапіла забруджаная нафта, быў спынены забор нафты, каб не сапсаваць тэхніку на НПЗ. PERN валодае тэхналёгіяй пераключэньня трубы ў супрацьлеглым напрамку, але пры пастаўках з усходу на захад, якія не спыняліся, на практыцы гэта нерэальна. PERN ня можа пагадзіцца часова прыпыніць пастаўкі нафты ў Польшчу (а гэта вымагае перапампоўваньня яе ў Беларусь па трубаправодзе «Дружба»), бо гэта ставіць пад пагрозу яе ўласных кліентаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакуль расейская нафта для Беларусі таньнейшая за любую альтэрнатыву. Але гэта зьменіцца ў 2024 годзе», — экспэрт«Наша праблема, што НПЗ у рэгіёне будаваліся для прыёму расейскай нафты»
— Ці магчыма гэтыя пастаўкі з Захаду ажыцьцяўляць пры дапамозе традыцыйнага транспарту?
— Пастаўкі традыцыйным транспартам тэхнічна магчымыя. Ня нафты, але і гатовых пасьля нафтаапрацоўкі прадуктаў. Але зноў жа — пытаньне ў аб’ёмах. Гаворка ў гэтым выпадку вядзецца пра невялікія колькасьці, і датычыць гэта толькі нейкіх крытычных сытуацый. Праблема ўсёй Цэнтральнай Эўропы ў тым, што ў сувязі з гісторыяй нашага рэгіёну НПЗ у нас будаваліся для прыёму нафты тыпу «Урал». Гэта расейская нафта. І таму, калі мы гаворым пра замену нафты, то праблема ня толькі ў пастаўках. Гэтая сыравіна павінна мець канкрэтныя парамэтры, каб яе маглі перапрацоўваць нашыя НПЗ. Гэтую нафту нельга купіць недзе ў іншым месцы. Аднак некаторыя краіны ўжо заявілі, што могуць дапамагчы Беларусі ў магчымых альтэрнатыўных пастаўках — такія заявы зрабілі Літва і Латвія. Сам Менск накіраваў запыт аб гэтым сярод іншага і ў Польшчу.
«Менск нічога ня робіць глябальна. Ён пакуль проста шукае аварыйныя выхады»
— Ці не зьвязаная стрыманая палітыка Польшчы ў пастаўках у Беларусь з палітычнымі поглядамі?
— Сапраўды, у пытаньні імпарту расейскай нафты вялікая палітычная нагрузка. Польшча цудоўна разумее ўсе нюансы паставак з Расеі на прыкладзе паставак прыроднага газу і кантрактаў Варшавы з «Газпромам». Але Польшча ня столькі баіцца Масквы, колькі ня бачыць тэхнічных магчымасьцяў для такіх паставак. І паўтаруся: ў Польшчы проста няма такіх колькасьцяў і тэхнічных магчымасьцяў для бесьперапыннай перадачы. Наша краіна павінна яшчэ клапаціцца пра ўласную энэргетычную бясьпеку. Плянуючы пастаўкі ў Беларусь, Польшча павінна падлічыць, ці хопіць ёй потым самой нафты для ўласных НПЗ.
Напрамак сыравіннай палітыкі, якую Расея выбрала ў Беларусі, адназначна сьведчыць пра тое, што пастаўкі нафты выкарыстоўваюцца як інструмэнт палітычнага ўплыву, «глыбокай інтэграцыі». Моцная залежнасьць Беларусі ад паставак і транзыту расейскай сыравіны выкарыстоўваецца Масквой для накідваньня сваёй волі беларусам. Але Менск з гэтым нічога ня робіць глябальна. Ён пакуль проста шукае аварыйныя выхады.
«Трубу з Польшчы ў Беларусь можна пабудаваць за пару гадоў»
— А што можна было б зрабіць у глябальным сэнсе?
— Дапамагчы Беларусі павялічыць узровень энэргетычнай бясьпекі можа будаўніцтва трывалай перасылачнай інфраструктуры. Выдатным рашэньнем гэтага пытаньня быў бы трубаправод, які б злучаў Беларусь і Польшчу. Пра гэта шмат гаворыцца, але бачных вынікаў няма. Такі праект можна было б рэалізаваць цягам некалькіх гадоў.
Калі мы кажам пра трубу з захаду на ўсход, то дадатковы час пайшоў бы на пошук дарог паставак. Тут два варыянты. Або гэта будзе не расейская сыравіна, або гэта будзе ўсё ж расейская сыравіна, якая прадаецца на эўрапейскім рынку.
Такі манэўр зрабіла Ўкраіна, якая спыніла прымаць газ непасрэдна з Расеі, набываючы яго ў Эўропе па эўрапейскіх цэнах. Пра рэальныя тэрміны цяжка гаварыць. Гэта вельмі вялікая абстракцыя. Захад Эўропы сам залежыць ад паставак нафты з Расеі. Любыя манэўры і так будуць зьвязаныя з перамовы з Расеяй. Праблема з альтэрнатыўнымі пастаўкамі нафты для Беларусі таксама мае фінансавы аспэкт — Расея ў стане прапанаваць нізкія тарыфы на гэтую сыравіну, што Менску трэба для падтрыманьня канкурэнтаздольнасьці ўласнай нафтавай галіны.
«Дывэрсіфікацыя Захаду па факце нябачная»
— Калі не Расея, то што?
— Дывэрсыфікацыя паставак нафты ў нашу частку Эўропы вельмі складаная. Нашыя НПЗ дастасаваныя да расейскай нафты, хаця сыравіна з Саудаўскай Арабіі, Нігерыі ці Нарвэгіі таксама трапляе ў Польшчу. Гэта праблема ўсяго ЭЗ. Сёньня Расея — найбуйнейшы пастаўшчык газу для Эўразвьязу. Будуючы такія праекты, як Nordstream 2, Брусэль ня толькі нічога ня робіць для таго, каб дывэрсіфікаваць свае пастаўкі, а наадварот, сам падстаўляецца пад магчымы палітычны ціск Расеі.
Магчымасьці дывэрсыфікацыі ў Цэнтральнай Эўропе ўсё яшчэ моцна абмежаваныя. Гэта стварае вялікае поле для кампаніяў. Польская фірма Orlen хваліцца, што ўжо толькі 50% іх нафты паходзіць з Расеі, а другая частка дывэрсіфікаваная. Але яшчэ належыць зрабіць вельмі шмат.
Намінальна Захад падтрымлівае дывэрсыфікацыю, асабліва такія краіны як Польшча і Літва, але па факце гэтая дывэрсыфікацыя нябачная. У выніку гэта адбіваецца на такіх краінах, як Беларусь. Беларусь павінна быць ахоплена адмысловай апекай Эўразьвязу, калі для Брусэля сапраўды важная стабільнасьць у Эўропе. Але ў выніку ЭЗ раскрывае суседзкія краіны, пакідаючы сам-насам з агрэсіўнай палітыкай Масквы.
«Кожнае зьмяншэньне энэргетычнай залежнасьці ад Расеі будзе пагрозай для рэалізацыі палітыкі Крамля»
— Беларусь зьвярнулася па дапамогу да Казахстану, Азэрбайджану і краін Балтыі. Ці рэальна гэта ўсё?
— Беларусь ужо спрабавала пастаўляць нафту з Ірану і Вэнэсуэлы. Тэхнічна гэта магчыма. Але пытаньне ў тым, ці Менск выстаіць пад ціскам Масквы. Кожнае зьмяншэньне энэргетычнай залежнасьці ад Расеі будзе пагрозай для рэалізацыі палітыкі Крамля. Беручы пад увагу, як далёка зайшла энэргетычная залежнасьць Беларусі ад Расеі, наколькі моцныя расейскія палітычныя ўплывы Крамля ў Менску і тое, што няма ніякай прапановы з боку Захаду, хаця б у форме нейкіх пазык або больш глыбокай зацікаўленасьці тым, што адбываецца ў Беларусі, можна сказаць, што Менск застаўся сам-насам са сваёй праблемай. Без рашучага ўмяшаньня Захаду беларусы будуць станавіцца яшчэ больш залежнымі ад Масквы.
«Расейскі газ, можа быць, і танны ў далярах, але яго рэальная цана вельмі высокая»
— Ці нафта зь іншых крыніц можа быць таньнейшай?
— Рахунак за нафту, які мы атрымліваем ад Расеі, ня толькі ў валюце. У кожным кантракце з Расеяй трэба аналізаваць яго палітычныя і геапалітычныя наступствы. Былы старшыня польскай нафтагазавай кампаніі PGNiG Пётр Возьняк сказаў нядаўна, што 20-30% таго, што палякі плацяць за газ, ідзе на фінансаваньне расейскай арміі. Расейскі газ можа быць і танны ў далярах, але ягоная рэальная цана можа быць вельмі высокай.
Ужо ад 1973 году, ад эмбарга арабскіх краінах на Захад з прычыны вайны «Ём кіпур», вядома, што за пастаўкамі нафты ідзе вялікі палітычны складнік. Яго нельга пазьбягаць. Таму арганізацыя альтэрнатыўных паставак, нават калі б яны былі трошкі даражэйшыя, чым расейскай нафты, і так патрэбныя. Найперш, для палітычнай стабільнасьці і энэргетычнай бясьпекі.
Беларусь можа быць урокам і прыкладам для Эўропы, што адбываецца з краінай, калі яна пазбаўленая альтэрнатыўных паставак сыравіны і якія за гэтым могуць быць палітычныя наступствы. Я б хацеў, каб Захад зьвярнуў увагу на Беларусь, плянуючы свае крокі, якія яшчэ больш прывязваюць ЭЗ да расейскіх энэргарэсурсаў.
«Зьменшыць расейскі ўплыў можа толькі рашучае палітычнае ўмяшаньне Захаду»
— Якія, на вашу думку, варыянты мае Беларусь?
— Беручы пад увагу палітычную перазагрузку ў Расеі, я маю на ўвазе замену ўраду і зьмены ў Канстытуцыі, Беларусі можа дапамагчы або, хутчэй, зьменшыць расейскі ўплыў, толькі рашучае палітычнае ўмяшаньне Захаду. Вялікую ролю тут адыгрываюць ЗША і Нямеччына, краіны, якія могуць зацікавіцца нашым рэгіёнам.
Перад тым, як пачаць размову пра тэхнічныя магчымасьці, пра пастаўкі сыравіны, павінны быць палітычныя дзеяньні. А іх пакуль няма. Пакуль Захад не зацікавіцца Беларусьсю, немагчыма казаць, што мы можам рэальна дапамагчы беларусам. Адсутнасьць палітычнай волі будзе стрымліваць любыя тэхнічныя рашэньні. Асьцярожныя заявы краін Балтыі пра пастаўкі нафты ня могуць замяніць цьвёрдую рэакцыю на экспансіўную палітыку Крамля ў Беларусі.
Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася
- 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
- Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
- Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
- 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
- Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
- Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
- Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
- Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
- Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
- Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
- Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
- Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.
Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст
Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі
Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі