Пісаў музыку для Лепса, гуляе ў хакей і мае дом на Рублёўцы. Факты пра новага прэм’ера Расеі

Міхаіл Мішусьцін

Дзяржаўная дума РФ ухваліла кандыдатуру Міхаіла Мішусьціна на пасаду прэмʼер-міністра. За яго кандыдатуру прагаласавалі 383 дэпутаты, 41 чалавек — устрымаліся. Неўзабаве ўказ пра прызначэньне яго прэмʼерам падпісаў і Ўладзімір Пуцін.

У сваім выступе да пачатку галасаваньня Мішусьцін паўтарыў тэзісы звароту Пуціна да Савету Фэдэрацыі напярэдадні, а менавіта аб неабходнасьці своечасова прадстаўляць выплаты семʼям, забясьпечыць дзяцей гарачым харчаваньнем у школах, стварэньні новых працоўных месцаў і неабходнасьці рэфармаваньня ўрада.

Мішусьцін паведаміў, што ўнясе зьмены ў склад кабінэта міністраў, але якія менавіта, не ўдакладніў. У ліку сваіх прыярытэтаў ён назваў лічбавую эканоміку і апору на нацыянальныя праекты. Пакуль Мішусьцін ня сфармаваў новы кабінэт, часова выконваць абавязкі міністраў будуць былыя чальцы ўрада Мядзьведзева. Сам Мядзьведзеў указам Пуціна прызначаны часовым выканаўцам абавязкаў прэмʼера.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каб пазьбегнуць рэвалюцыі. Аўтар расейскай Канстытуцыі 1993 году тлумачыць, навошта Пуцін зьмяняе асноўны закон

Хто такі Міхаіл Мішусьцін

1. Міхаіл Мішусьцін з 2010 года займае пасаду кіраўніка Фэдэральнай падатковай службы Расеі. Ён таксама ўваходзіў у склад Рады пры прэзыдэнце РФ па разьвіцьці фінансавага рынку Расеі ў пэрыяд з 2011 па 2018 гады. У сакавіку 2004 года Мішусьцін быў прызначаны кіраўніком Фэдэральнага агенцтва кадастра абʼектаў нерухомасьці — „Роснедвижимость“.

З 2006 па 2008-ы ён займаў пасаду кіраўніка Фэдэральнага агенцтва па ўпрўленьні асаблівымі эканамічнымі зонамі.

Па матэрыялах СМІ і водгуках калегаў, Мішусьціна шануюць у асноўным за яго кіраўнічыя і арганізатарскія здольнасьці. У прыватнасьці, як пісала 16 студзеня «Медуза», Мішусьцін займаўся ўкараненьнем кампутарных сыстэм у постсавецкай бюракратыі, а на пасадзе кіраўніка ФПС дамогся рэкорднай зьбіральнасьці падаткаў.

2. Выданьне «Праект» знайшло ў Мішусьціна нерухомасьць на Рублёўскай шашы ў Маскве, якую ён схаваў — уладальнікам 600-мільённага асабняка, які раней быў запісаны на яго, зараз значыцца «Расейская фэдэрацыя».

3. Апазыцыянэр Аляксей Навальны і заснаваны ім Фонд барацьбы з карупцыяй заклікаў Мішусьціна «неадкладна» раскрыць падрабязнасьці таго, якім чынам яго жонка зарабіла сотні мільёнаў рублёў, якія былі пазначаны ў яе падатковых дэклярацыях.

За апошнія 9 гадоў Уладлена Мішусьціна зарабіла амаль 13 мільёнаў даляраў, вынікае з падатковых дэклярацыяў.

4. Новы прэм’ер актыўна гуляе ў хакей у Начной хакейнай лізе (аматарскай спартыўнай арганізацыі - РС). У 2019 году яму разам з камандай уручаны Кубак Гагарына — ўзнагарода пераможцам плэй-оф Кантынэнтальнай хакейнай лігі. Уваходзіць у склад назіральнага савета хакейнага клуба ЦСКА.

5. Новы прэмʼер-міністар Расіі зьяўляецца аўтарам музыкі для дзьвюх песень папулярнага расейскага выканаўцы Грыгорыя Лепса. Пра гэта паведамляе выданьне «Ведомости» са спасылкай крыніцы ў асяродзьдзі Мішусьціна.

Суаўтар песень Лепса, пісьменьнік і паэт Аляксандр Вулых пацьвердзіў, што новы прэмʼер-міністар напісаў музыку для песьні «Попел» і «Сапраўдная жанчына». Паводле яго слоў, музыка — гэта хобі Мішусьціна, якое ён не афішуе.