Сьледчы аддзел упраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны ў Ровенскай вобласьці расьсьледуе крымінальную справу супрацоўніка апэратыўна-вышуковага аддзелу Пінскага памежнага атраду Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.
Беларуса падазраюць у тым, што ён чыніў перашкоды «законнай дзейнасьці Ўзброеных сілаў Украіны і іншых вайсковых фармаваньняў у асаблівы пэрыяд». Гэтае злачынства, згодна з украінскім заканадаўствам, караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 5 да 8 гадоў.
Справа заведзена ў кастрычніку 2019 году на падставе сьведчаньняў грамадзяніна Ўкраіны, якога беларускі памежнік нібыта завэрбаваў для атрыманьня інфармацыі аб арганізацыі дзейнасьці, узбраеньні і тэхніцы Луцкага атрада памежнікаў, а таксама аб асаблівасьцях аховы ўкраінскай мяжы ў сумежных зь Беларусьсю раёнах Валынскай ды Ровенскай абласьцей.
У ліпені 2018 году ўкраінец добраахвотна зьвярнуўся ва ўпраўленьне Службы бясьпекі з заявай аб «чыстасардэчным прызнаньні ў падрыхтоўцы да ажыцьцяўленьня супрацьпраўнай дзейнасьці». Менавіта дзякуючы гэтаму яму ўдалося пазьбегнуць крымінальнай адказнасьці за здраду і «дапамогу Рэспубліцы Беларусь у правядзеньні падрыўной дзейнасьці супраць Украіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія памежнікі завэрбавалі грамадзяніна Ўкраіны. Пасьля году супрацы ён здаўся СБУУ часе сьледзтва ўкраінец паведаміў, што яго ў кастрычніку 2017 году завэрбаваў падпалкоўнік апэратыўна-вышуковага аддзелу Пінскага памежнага атраду Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі ў беларускім пункце пропуску «Невель» і назваў ягонае прозьвішча. Цяпер сьледзтва вывучае інфармацыю трох украінскіх мабільных апэратараў, нумарамі якіх нібыта карыстаўся беларускі памежнік. Упраўленьне контравыведкі ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны ў Ровенскай вобласьці высьветліла, што беларус выкарыстоўваў 11 мабільных нумароў.
З 2016 году стала вядома сама меней пра шэсьць выпадкаў нібыта вэрбаваньня ўкраінцаў беларускімі спэцслужбамі і яшчэ пра некалькі — расейскімі і польскімі органамі выведкі. У той жа час гэта першы выпадак, калі ва Ўкраіне завялі крымінальную справу на нібыта «вэрбавальніка».
Летась у жніўні яшчэ адзін грамадзянін Украіны паведаміў Службе бясьпекі імя свайго вэрбавальніка ў Беларусі. Ім нібыта быў супрацоўнік Упраўленьня фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Берасьцейскай вобласьці Ўладзіслаў Л.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінец, нібыта завэрбаваны ў Беларусі, здаўся ў СБУ і назваў імя куратара