Як Сталін. 7 тэзісаў з прапановаў Пуціна

Прапановы па пераразьмеркаваньню балянсу ўлады ў Расеі, зробленыя прэзыдэнтам РФ Уладзімерам Пуціным, і магчымыя наступствы для Беларусі абмяркоўваюць Сяргей Навумчык і аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода Яраслаў Шымаў.

Яраслаў Шымаў

Сьцісла

  • Пуцін не выглядае чалавекам, які зьбіраецца сысьці з палітыкі. Калі б ён хацеў сысьці, ён бы ня ўносіў цяперашнія прапановы, а рыхтаваў бы пераемніка.
  • Канстытуцыйныя прапановы Пуціна па пераразьмеркаваньню ўлады – эскіз пляну сыходу з пасады прэзыдэнта, але не адыходу ад улады. Прычым наступны прэзыдэнт не атрымае магчымасьць абірацца двойчы запар, якой у свой час скарыстаўся Пуцін, прычым скарыстаўся двойчы.
  • Пуцін выцягнуў з палітычнага нябыту такі інстытут, як Дзяржаўная рада, куды ўваходзяць кіраўнікі рэгіёнаў. Прапанова Пуціна замацаваць яго ў Канстытуцыі дазваляе меркаваць, што гэты орган Пуцін плянуе пад сябе, ён плянуе яго ўзначаліць і ўжо ў якасьці старшыні Дзяржаўнай рады працягваць кіраваць краінай пасьля 2024 года.
  • У гісторыі СССР былі пэрыяды, калі цэнтар прыняцьця рашэньняў мяняў інстытуцыйныя формы ў залежнасьці ад палітычнай вагі асобы. На момант сваёй сьмерці Сталін быў адным зь некалькіх сакратароў ЦК КПСС, але ўзначальваў Савет міністраў СССР, і менавіта ягоны пераемнік на гэтай пасадзе Малянкоў пэўны час лічыўся кіраўніком краіны (а ня першы сакратар ЦК Хрушчоў). Аднак неўзабаве Хрушчоў адсунуў Малянкова, і цэнтар улады перамясьціўся ў кабінэт першага сакратара ЦК.
  • Прыкметна, што ў сваім пасланьні Пуцін надаў вялікую ўвагу ўнутраным праблемам Расеі – эканамічным, дэмаграфічным, сацыяльным (аж да школьнага харчаваньня). Ён ня толькі не ўздымаў тэму інтэграцыі Беларусі і Расеі, а ўвогуле адвёў зьнешняй палітыцы літаральна некалькі фразаў.
  • Прапановы Пуціна можна ацэньваць як крыж на варыянце аншлюсу Беларусі Расеяй як мэханізьме працягненьня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Пуціна (калі такі варыянт сапраўды існаваў).
  • Аднак у Крамля застаюцца эканамічныя спосабы ціску на Беларусь. Доўгі час робячы стаўку на цесны саюз з Расеяй, афіцыйны Менск паставіў сябе ў пазыцыю закладніка Крамля.