Грамадзянская ініцыятыва «Наша права» сабрала больш за 2700 подпісаў пад зваротам да ўладаў з нагоды плянаванай сёлета амністыі. Падпісанты просяць прымяніць амністыю да маладых людзей, асуджаных па «наркатычным» артыкуле Крымінальнага кодэксу № 328.
Збор подпісаў стартаваў 4 студзеня. 18 студзеня зварот накіруюць у Адміністрацыю прэзыдэнта, Савет бясьпекі, Генэральную пракуратуру, МУС і Палату прадстаўнікоў.
Асуджаныя па «наркатычных» артыкулах раней не падпадалі пад амністыі. Дзякуючы намаганьням рухаў «Маці 328» і «Наша права» летась да маладых людзей упершыню за доўгі час прымянілі амністыю, скараціўшы тэрміны на 1–2 гады. Таксама актывісты дамагліся зьмякчэньня антынаркатычнага заканадаўства: мінімальны тэрмін пакараньня па частцы 2 артыкула 328 зьнізілі з 5 да 3 гадоў, па частцы 3 артыкула 328 — з 8 да 6 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні судзяць групоўку наркагандляроў, якая дзейнічала 10 годПаводле аўтараў звароту, амністыя і скарачэньне тэрмінаў «аказваюць станоўчы ўплыў на маладых людзей, асуджаных да працяглых тэрмінаў пакараньня, усяляюць у іх надзею, што яны не абыякавыя сваёй краіне, і спрыяюць кансалідацыі нашага грамадзтва ў цэлым».
Адна зь лідэрак ініцыятывы «Наша права» Джэсіка Цыдвінцава нагадала ў камэнтары Свабодзе, што многія маладыя людзі апынуліся за кратамі за «сотыя грама псыхатропных рэчываў ці наркотыкаў». Іх пакаралі вялікімі тэрмінамі (8–16 гадоў) пазбаўленьня волі.
«Знаходжаньне ў пэнітэнцыярнай сыстэме моладзі такі доўгі час не спрыяе яе разьвіцьцю і сацыялізацыі. Лягерная псыхалёгія атручвае ўсё грамадзтва, лік тых, хто прайшоў праз турэмную мясарубку, ідзе на тысячы», — выказваюцца аўтары звароту.
У звароце зазначаецца, што Крымінальна-выканаўчы кодэкс патрабуе карэкціроўкі, каб «адпавядаць духу часу і ідэям гуманізму, сучасным мэханізмам выпраўленьня».
«Хутка праводзіць адпаведныя рэформы праблематычна, у сувязі з чым у наша грамадзтва вяртаюцца азлобленыя пэсымісты, якім пры вызваленьні на практыцы не аказваецца ніякая дапамога», — пішуць заяўнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За маці мне дзякавалі на каленях». Сыны актывістак матчынага руху вярнуліся дахатыІніцыятыва «Наша права» просіць ня толькі ўключыць у законапраект аб амністыі-2020 моладзь, асуджаную па «наркатычных» артыкулах, але і перагледзець практыку прымяненьня часткі 4 артыкула 328 Крымінальнага кодэксу (незаконныя дзеяньні з наркотыкамі ў складзе групы).
«У Беларусі ня можа быць такой колькасьці арганізаваных злачынных груп, а маладыя людзі, якія трапілі пад уплыў наркагандляроў праз глябальную сетку Інтэрнэт, не павінны ў адзіночку несьці павышаную адказнасьць за міжнародныя злачынныя групы», — напісалі аўтары звароту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі Cвабоды – 2019» — «Маці 328» і ўсе тыя, хто змагаецца за правы зьняволеных паводле антынаркатычнага артыкулуПакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць
- У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
- Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
- 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.