Партыя БНФ пазбавілася часткі памяшканьняў сядзібы на вуліцы Чарнышэўскага ў Менску. Вялікая заля апячатаная. Намесьнік старшыні партыі Аляксей Янукевіч кажа, што запазычанасьць за арэнду — некалькі тысяч даляраў.
Пра праблемы з аплатай арэнды за сядзібу БНФ у Менску на вуліцы Чарнышэўскага стала вядома ў канцы 2018 году. Тады ж быў арганізаваны збор сродкаў. Як стала вядома Свабодзе, хоць суму сабралі і значную, цалкам вырашыць праблемы з памяшканьнем кіраўніцтву БНФ не ўдалося.
«Мы змаглі сабраць каля 30 тысяч рублёў, аднак гэтага, на жаль, не хапіла для аплаты ўсіх запазычанасьцяў, вялікая заля сядзібы зараз апячатаная, — расказаў Свабодзе Аляксей Янукевіч. — Мы працягваем аплочваць арэнду часткі памяшканьняў. Цяпер сканцэнтруемся на гэтым. На жаль, сабраць сродкі на тое, каб выплаціць рэшту запазычанасьці, пакуль не атрымліваецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партыя БНФ зьвярнулася па грашовую дапамогу да вязьняў Плошчы-2010
Па словах Аляксея Янукевіча, памер запазычанасьці — некалькі тысяч даляраў. За арэнду той часткі памяшканьняў, якія цяпер выкарыстоўваюцца актывістамі, партыя плаціць прыкладна 1400 рублёў у месяц.
«Мы пераплянавалі памяшканьні, зрабілі невялікую рэарганізацыю, — кажа Янукевіч. — Можам правесьці мерапрыемства з колькасьцю ўдзельнікаў прыкладна 45 чалавек. Але вялікая заля, на жаль, каля 6 месяцаў таму была апячатаная. Нам даступная толькі частка памяшканьняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партыі БНФ зноў пагражае высяленьне: назапасіліся даўгі па арэндзеЗбор сродкаў на аплату арэнды памяшканьня на вуліцы Чарнышэўскага працягваецца. Пералічыць грошы можна праз сыстэму АРІП.
На вуліцу Чарнышэўскага цэнтральная сядзіба БНФ пераехала ў 2012 годзе, калі гарадзкая адміністрацыя адмовілася працягваць дамову аб арэндзе памяшканьня на вуліцы Варвашэні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аўтарам нашай праграмы быў Лукашэнка». Як жывуць партыі-«фантомы»