За пратэст віцябляніна аштрафавалі на 675 рублёў, менчука не змаглі асудзіць зь першага разу

Пратэст супраць інтэграцыі ў Віцебску, 29 студзеня 2019

Віцябляніна Алега Паўлава 15 студзеня аштрафавалі на 675 рублёў за ўдзел 29 сьнежня ў пратэсьце супраць інтэграцыі з Расеяй, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

Таксама 15 студзеня Кастрычніцкі суд Менску двойчы аштрафаваў на 1620 рублёў 83-гадовага Яна Грыба за ўдзел у пратэстах супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй.

Быў, але ня там і не тады

У судзе Фрунзенскага раёну Менску днём 15 студзеня працягнулі разглядаць справу Мікалая Маслоўскага — кандыдата ў дэпутаты на выбарах 2019 году ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яго, як піша «Вясна», вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту 20 студзеня.

Супрацоўнікі АМАП сьцьвярджалі, што бачылі яго на акцыі ў пэўны час. Ён жа даводзіў, што быў у той час у іншых месцах, а відэатрансьляцыю з акцыі вёў пазьней, чым напісана ў пратаколе. У якасьці доказу ён прапанаваў зьвесткі аб лякацыі ад мабільнага апэратара і відэа з вулічнай камэры назіраньня.

Судзьдзя Ала Скуратовіч спытала, ці згодны Маслоўскі, каб справу накіравалі на дапрацоўку, бо ягоныя паказаньні і кадры з камэраў відэаназіраньня супярэчаць паказаньням сьведак-міліцыянтаў. Ён жа настойваў, каб справу не дапрацоўвалі, а спынілі. Судзьдзя пастанавіла: вярнуць справу на дапрацоўку.

Падчас паседжаньня адзін з прысутных трымаў тэлефон так, нібы здымаў працэс на камэру, не пагадзіўся з заўвагай судзьдзі — у адказ судзьдзя і супрацоўнік міліцыі пакінулі залю і адмаўляліся вяртацца, пакуль гэты чалавек ня сыдзе. Хоць ён так і не сышоў, судзьдзя і міліцыянт вярнуліся і працягнулі працэс. У той жа час працэс здымаў на камэру «чалавек у цывільным» — як піша «Вясна», супрацоўнік Фрунзэнскага РАУС Куранкоў. Яму судзьдзя не рабіла заўвагаў.

Цягам сьнежня і пачатку студзеня ў гарадах Беларусі прайшлі суды за акцыі пратэсту супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй. Агульная сума штрафаў, прысуджаных пратэстоўцам, — 68,8 тысячы рублёў.

Кампанія #BY_help 10 студзеня абвясьціла збор сродкаў на дапамогу аштрафаваным і арыштаваным удзельнікам акцыяў супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі. На момант публікацыі, толькі на плятформе MolaMola і Facebook сабралі больш за 16,4 тысячы даляраў.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019

  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»