Беларусь пачала рамантаваць нафтаправод «Дружба», па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу

Ілюстрацыйнае фота. Мадэль нафтаправоду каля ўваходу на ААТ «Гомельтранснафта Дружба», Мазыр

C 14 па 17 студзеня на ўчастку нафтаправоду Мазыр — Берасьце-3, прызначаным для транзыту расейскай экспартнай нафты ў Польшчу і далей у Заходнюю Эўропу, будуць праходзіць рамонтныя работы. Пра гэта Tut.by паведамілі ў дзяржаўнай кампаніі «Гомельтранснафта Дружба».

«Гомельтранснафта Дружба» з 14 студзеня пачала работы на двух участках магістралі Мазыр — Берасьце-3, дзе ёсьць «значная колькасьць аднародных дэфэктаў у рамках адной сэкцыі трубаправоду». Плянуецца, што рамонт будзе доўжыцца да 17 студзеня.

Аб зьніжэньні ціску ў трубаправодзе і частковым прыпыненьні перапампоўваньня нафты беларускі апэратар апавясьціў расейскую трубаправодную манаполію «Транснефть».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крэмль «рэкамэндаваў» расейскім нафтавым кампаніям адмовіцца ад паставак у Беларусь, — СМІ

«Гомельтранснафта Дружба» плянуе праводзіць рамонты штомесяц, прычым іх «ажыцьцяўленьне спалучана са зьніжэньнем ціску ў трубаправодзе і частковым прыпыненьнем перапампоўваньня нафты».

У кампаніі кажуць, што ў 2019 годзе было абсьледавана 1300 км беларускай часткі нафтаправоду, па выніках міжнародная кампанія «Бэйкер Х’юз Тэхналёгіі і Трубаправодны сэрвіс» падала справаздачу з рэкамэндацыямі для рамонту дэфэктаў.

Рамонтныя работы пачаліся на фоне спрэчкі Менску і Масквы аб цане на нафту. 1 студзеня Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу. Пазьней пастаўкі аднавіліся, але пакуль нафта ў Беларусь паступае ў мінімальным абʼёме, яе пастаўляе кампанія Міхаіла Гуцэрыева, буйныя нафтавыя кампаніі Расеі адмовіліся ад паставак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі алігарх пачаў пастаўляць нафту на Мазырскі НПЗ

Размовы пра рамонт нафтаправоду «Дружба» вяліся яшчэ ў 2019 годзе. Тады Аляксандар Лукашэнка казаў, што беларускі бок пры неабходнасьці будзе закрываць нафтаправоды на рамонт, «таму што тое дабро, якое мы робім для Расейскай Фэдэрацыі, яно нам абарачаецца пастаянна злом».

Галоўны інжынэр «Гомельтранснафта Дружба» Андрэй Вярыга казаў, што плянуецца капітальны рамонт пяці ўчасткаў нафтаправоду «Дружба». Афіцыйны прадстаўнік расейскай«Транснефти» Ігар Дзёмін сьцьвярджаў, што выяўленыя дэфэкты на нафтаправодах у Беларусі не патрабуюць прыпыненьня прапампоўваньня нафты.

Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася

  • 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
  • Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
  • Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
  • 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
  • Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
  • Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
  • Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год​). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
  • Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
  • Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
  • Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
  • Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
  • Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.

Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст

Дзе браць нафту, калі не ў Расеі, і колькі страчвае Беларусь ад прыпыненьня паставак? Тлумачым разам з экспэртам

Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі