Кампанія «Укртатнафта», якая належыць украінскаму алігарху Ігару Каламойскаму, зьвярнулася зь лістом да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага з патрабаваньнем абмежаваць імпарт нафтапрадуктаў з крыніц, зьвязаных з расейскімі кампаніямі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ўкраінскага ўраду.
Ліст таксама адрасаваны сакратару Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксею Данілаву і старшыні праўленьня дзяржаўнай кампаніі «Нафтогаз України» Андрэю Кобалеву.
У прыватнасьці, кампанія крытыкуе кантракт аб пастаўках нафтапрадуктаў, падпісаны між «Беларускай нафтавай кампаніяй» і прыватнай украінскай кампаніяй «Нафтогаз Ойл Трейдинг», створанай паводле рашэньня НАК «Нафтогаз України» дзяржаўным прапрыемствам «Укртранснафта» (транзытэр нафтапрадуктаў. — РС).
«Разгортваньне прыватнай дзейнасьці пад кіраўніцтвам фактычна дзяржаўных кампаній можа прывесьці да нанясеньня шкоды дзяржаўным кампаніям. Павелічэньне імпарту нафтапрадуктаў — гэта зьмяншэньне вытворчасьці нафтапрадуктаў ва Ўкраіне і скарачэньне аб’ёмаў транспартаваньня нафты», — адзначаецца ў лісьце.
У кампаніі Ігара Каламойскага перакананыя, што дзяржаўная кампанія «Укртранснафта» мусіць быць зацікаўленая ў павелічэньні абʼёмаў паставак нафты на Крэменчуцкі нафтаперапрацоўчы завод (ён таксама належыць Ігару Каламойскаму. — РС):
«Але яна стварыла прыватнае прадпрыемства і ўзгадніла безальтэрнатыўны кантракт з замежным пастаўшчыком нафтапрадуктаў, нават не зьвярнуўшыся да цэнавай прапановы айчыннага вытворцы».
«Мазырскі НПЗ, акцыянэрамі якога зьяўляюцца расейскія нафтавыя кампаніі „Роснефть“ і „Газпромнефть“, на 100% залежыць ад паставак расейскай нафты. „Роснефть“ і „Газпромнефть“ знаходзяцца пад санкцыямі, згодна з рашэньнем Рады нацбясьпекі Ўкраіны ад 2 траўня 2018 году. „Укртатнафта“ мяркуе, што згаданыя гандлёвыя апэрацыі, калі і не парушаюць наўпрост закон, то як мінімум зьяўляюцца „таксычнымі“, бо ініцыянаваныя з прадпрыемствам, што мае акцыянэрамі кампаніі, якія спрыялі анэксіі часткі тэрыторыі Ўкраіны», — заявілі ў кампаніі Ігара Каламойскага.
У красавіку 2018 году гэтая кампанія патрабавала ад Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны абмежаваць прысутнасьць беларускіх нафтапрадуктаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі алігарх Каламойскі абвясьціў вайну беларускаму палівуТады экспэрты расцанілі адпаведныя дзеяньні ўкраінскага алігарха Ігара Каламойскага як спробу ўстанавіць манаполію сваіх прадпрыемстваў на ўнутраным рынку нафтапрадуктаў.
Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны, разгледзеўшы прапановы кампаніі «Укртатнафта» аб увядзеньні абмежаваньняў на пастаўкі беларускіх нафтавых прадуктаў, адхіліла іх як немэтазгодныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінэканомікі Ўкраіны вырашыла, што абмежаваньня беларускага паліва ня будзе, бо немэтазгодна