Аргкамітэт Усебеларускага кангрэса за незалежнасьць заклікаў Эўропу ўвесьці санкцыі супраць чыноўнікаў і судзьдзяў, якія перасьледуюць удзельнікаў акцый супраць інтэграцыі з Расеяй.
Пра гэта гаворыцца ў звароце, які перадаў БелаПАН старшыня аргкамітэта Ігар Рынкевіч.
«Мы патрабуем, каб кампэтэнтныя міжнародныя органы, арганізацыі, замежныя дзяржавы ўвялі пэрсанальныя санкцыі ў дачыненьні да службовых асоб: чыноўнікаў, сілавікоў, судзьдзяў Беларусі, якія палітычна перасьледуюць беларускіх грамадзян», — заклікаюць аўтары.
Аргкамітэт нагадвае пра рэпрэсіі ўладаў у дачыненьні да мірных дэманстрантаў і просіць усіх грамадзян, якія пацярпелі за ўдзел у акцыях у падтрымку незалежнасьці краіны, зьвяртацца да праваабаронцаў і перадаваць ім інфармацыю пра судзьдзяў і сілавікоў, што ўдзельнічалі ў перасьледзе, а таксама паведамляць віды адміністрацыйнага пакараньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На 66,5 тысячы рублёў агулам аштрафавалі пратэстоўцаў супраць інтэграцыі з РасеяйТаксама аргкамітэт зьвяртаецца з просьбай зрабіць усё, каб «спыніць як антызаконную „глыбокую інтэграцыю Беларусі з РФ“, так і выкліканую ёй хвалю палітычных рэпрэсій у Беларусі».
Усебеларускі кангрэс за незалежнасьць плянуецца правесьці 15 сакавіка 2020 года, у дзень Канстытуцыі. Паводле слоў арганізатараў, мерапрыемства пройдзе ў фармаце сходу прадстаўнікоў шырокіх колаў беларускага народа.