У Магілёве 10-месячнага хлопчыка, якога сваячка выкінула з гаўбца, а таксама ягонага старэйшага брата вярнулі сям’і. Бацькі месяц пераконвалі службы апекі, што дзецям зь імі будзе бясьпечна.
Што адбылося?
Гісторыя пачалася 2 сьнежня. У гэты дзень у адным са спальных раёнаў Магілёва прахожы знайшоў пад гаўбцом шматпавярховіка 9-месячнае дзіця. Яго даставілі ў шпіталь, мэдыкі дыягнаставалі пашкоджаньні і паведамілі пра здарэньне ў міліцыю. Пазьней з паведамленьня Сьледчага камітэту стала вядома, што дзіця выкінулі зь першага паверху. У рэанімацыйным аддзяленьні яно было ў цяжкім стане, але без пагрозы жыцьцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве 9-месячнае дзіця выкінулі з кватэры. Міліцыя затрымала родзічаў маціПаводле сьледчых, у дзень здарэньня бацька хлопчыка быў на працы, а да маці прыйшлі родзічы. Зь імі яна піла. Потым з старэйшым дзіцем і стрыечнай сястрой пайшла ў краму па сьпіртное. У кватэры заставаліся яе стрыечны брат і ягоная 45-гадовая маці. Жанчына была вельмі п’яная. Патлумачыць, як дзіця апынулася на вуліцы, яна не магла.
Яе арыштавалі па падазрэньні ў замаху на забойства малалетняга, які знаходзіўся ў бездапаможным стане.
Бацька: шчасьлівы, што забраў дзяцей дамоў
Як даведалася Свабода, выкінутага з гаўбца хлопчыка Мацьвея з бальніцы адправілі ў прытулак. Туды ж зьмясьцілі і ягонага старэйшага брата Арцёма. Яму 1 год і 10 месяцаў. Па словах іхнага бацькі Васіля, вяртаньня дзяцей у сям’ю ён і жонка Анастасія дамагаліся месяц. Рашэньне на іх карысьць прыняла камісія па справах непаўналетніх. Васіль і Анастасія афіцыйна пакуль ня ў шлюбе.
«Мы выконвалі ўсе патрабаваньні і заданьні, якія ставілі перад намі органы апекі», — кажа ён. Мужчына заўважна хвалюецца, адказвае зь неахвотай. Зь дзьвярэй кватэры выглядае жонка, але да гутаркі не далучаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Але ж я ў гэтым не вінаваты». Маленькі Міша, зь якім бацька хаваўся ў Расеі, вярнуўся дадому. ФОТАНа просьбу журналіста расказаць, як ледзь не адбылася трагедыя і што кажуць сьледчыя, Васіль адказвае:
«Я быў на працы і ня бачыў. Ідзе сьледзтва. Нас пакуль не выклікалі. У канцы лютага ці на пачатку сакавіка суд».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне гвалтоўна разлучылі з дачкой. Хто мяне абароніць?» Як беларуска спрабуе вярнуць дзіця з АбхазііСуразмоўца кажа, што «шчасьлівы, забраўшы дзяцей з прытулку, і што яны здаровыя».
«Цяпер у нас будзе ўсё добра», — кажа ён і дадае, што суседзі таксама рады і за яго, і за дзяцей.
Органы апекі: Дзеці прывязаныя да бацькоў, у сям’і ім будзе лепей
Камісія ў справах непаўналетніх Магілёўскага гарвыканкаму перад вяртаньнем дзяцей у сям’ю правярала, як бацькі наведвалі дзяцей у прытулку, якія былі стасункі між імі, якія ўмовы для пражываньня, як характарызаваліся бацькі на месцы працы.
Органы апекі зрабілі выснову, што дзеці эмацыйна дужа прывязаныя да бацькоў і ў сям’і ім будзе лепей.
Публікацыя падрыхтавана пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.