Уладальніца «Витебского курьера» Вольга Карач прадала незалежны інфармацыйны сайт менскаму стартап-тэхнолягу Аляксею Шаблоўскаму. Рэдакцыя ў поўным складзе пакінула выданьне. На сайце больш няма аўтарскіх матэрыялаў, яго перафарматавалі ў навінавы дайджэст, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Што за сайт?
Газэта «Витебский Курьер» існуе з 1989 году, аднайменная газэта таксама выдавалася на пачатку ХХ стагодзьдзя. У 2010 годзе наклад газэты складаў 10 тысяч асобнікаў. Пазьней выданьне друкаванай газэты прыпынілі, гэтаму папярэднічалі праблемы выдаўцоў з уладамі.
«Витебский Курьер» працягнуў працу ў сеціве. Апошнія паўгоду сайт наведвалі ў сярэднім каля 590 тысяч чалавек штомесяц, паводле аналітыкі SimilarWeb.
Што зьмянілася пасьля продажу?
Летась у верасьні «Витебский курьер» абвясьціў пра пошук партнэраў і інвэстараў. Як сказаў Свабодзе менскі стартап-тэхноляг Аляксей Шаблоўскі, угода адбылася ў кастрычніку. У колькі яму абышоўся «Витебский куръер», суразмоўца не назваў, спаслаўшыся на канфідэнцыйнасьць.
Рэдакцыйны калектыў адпрацаваў пад кіраўніцтвам новага ўласьніка толькі адзін месяц – лістапад 2019 года. У сьнежні чытачы выданьня заўважылі зьмены ў кантэнце. З сайта зьніклі журналісцкія публікацыі, матэрыялы краязнаўчай тэматыкі, артыкулы пра праблемы гарадзкога жыцьця.
Калі ў ліпені-лістападзе сайт у сярэднім наведвалі 652 тысячы карыстальнікаў штомесяц, то ў сьнежні колькасьць наведваньня ўпала да 270 тысяч, паводле дадзеных SimilarWeb.
Былая ўладальніца: «Сайту быў патрэбны новы адміністратар»
Былая ўладальніца «Витебского курьера» Вольга Карач, вядомая апазыцыйнай дзейнасьцю, патлумачыла сайту Baj.by, што абвясьціла пра продаж выданьня, бо сама не пасьпявала займацца яго справамі, «а адказнага за гэта чалавека ў нас не было».
«Рэдакцыйны калектыў за час існаваньня сайта прафэсійна вырас, але „не дацягваў“ адміністрацыйны бок», — сказала Карач.
Паводле Карач, падчас перадпрадажных сустрэч з Аляксем Шаблоўскім яны вусна дамовіліся, што «новы гаспадар пакіне на працы ўвесь калектыў рэдакцыі і будзе плаціць журналістам заробак першыя шэсьць месяцаў».
Цяпер Карач кажа, што шкадуе пра продаж рэсурсу, але паўплываць на сытуацыю ўжо ня можа.
Новы ўласьнік: сайт застаецца рэгіянальным
Новы ўласьнік сайта Аляксей Шаблоўскі жыве ў Менску і працуе дырэктарам цэнтра «Стартап Тэхналёгіі».
Ён не адмаўляе, што дамаўляўся пра супрацу з калектывам рэдакцыі і пра тое, што сайт захавае рэгіянальную тэматыку.
На думку Шаблоўскага, супрацоўніцтва не атрымалася, бо рэдактарка Вольга Радзюк адмовілася выконваць ягоныя рэкамэндацыі. Пасьля Радзюк нібыта «настроіла супраць» Шаблоўскага ўсіх журналістаў. Новы ўласьнік лічыць ранейшую рэдакцыйную стратэгію непрымальнай, бо яна не прынясе прыбытку.
«Магу сказаць цьвёрда: сайт застаецца рэгіянальным. Але з рэдакцыяй у ранейшым складзе мы супрацоўнічаць ня будзем. Будзем набіраць новую каманду, а рэдакцыйная палітыка будзе залежаць ад новага рэдактара», — сказаў Шаблоўскі.
Экс-рэдактарка: новы ўласьнік выстаўляў непрымальныя ўмовы працы
«Падчас папярэдніх перамоў мы ўсе бачылі някепскія перспэктывы. Але праз месяц ён пачаў выстаўляць непрымальныя ўмовы працы, і я сышла, — расказала былая рэдактарка «Витебского курьера» Вольга Радзюк. — На калектыў ніхто не ціснуў: кожны мог застацца працаваць на сайце. Вельмі шкада, што мясцовы рэсурс, на аўтарытэт якога мы столькі працавалі, проста спляжаны».
Вольга Радзюк кажа, што пасьля сыходу спрабавала наладзіць стасункі з уласьнікам, каб толькі захаваць рэдакцыйны склад і магчымасьць друкаваць аўтарскія матэрыялы, за якія гэты сайт палюбілі чытачы. Але Аляксей Шаблоўскі, паводле яе слоў, не пайшоў на замірэньне.