Займацца жыльлёвым будаўніцтвам павінны прадпрыемствы, гатовыя працаваць з рэнтабэльнасьцю 5%, заявіў Аляксандар Лукашэнка 14 студзеня на нарадзе з кіраўніцтвам Савету міністраў, паведамляе БелТА.
«У нас тыя прадпрымальнікі, прыватнікі, бізнэсоўцы, якія займаюцца будоўляй, асабліва будуюць жыльлё (яны проста рвуцца ў гэтую сфэру), усе сталі як мінімум даляравымі мільянэрамі. Хутка, ва ўзросьце ад 25 да 40 гадоў. (...) Узьнікае пытаньне, адкуль так хутка разбагацелі гэтыя людзі?» — заявіў Лукашэнка і дадаў, што «багацець трэба за свой кошт», а не, «спасылаючыся на нейкую рынкавую эканоміку», за кошт тых, хто купляе гэтае жытло.
Лукашэнка нагадаў пра сваё колішняе даручэньне разабрацца з цэнаўтварэньнем на новазбудаванае жыльлё. Ён узгадаў завод эфэктыўных прамысловых канструкцый, які, паводле Лукашэнкі, пасьпяхова разьвіваецца і пры рэнтабэльнасьці ў 5%, і спытаў, чаму іншыя прадпрыемствы ня могуць працаваць пры рэнтабэльнасьці 5%.
Абноўлена. Пазьней віцэ-прэм’ер Уладзімер Кухараў паведаміў, што норма пра рэнтабэльнасьць да 5% ужо закладзеная ў праект указу Лукашэнкі, і гэты праект разглядалі на нарадзе 14 студзеня, атрымалі ўхвалу кіраўніка дзяржавы. Паводле праекту, абмежаваньне рэнтабэльнасьці будзе тычыцца жытла, што будуецца за сродкі грамадзянаў. Калі ж забудоўнік укадае ўласныя сродкі, каб пасьля прадаць гатовае жытло грамадзянам, абмежаваньняў ня будзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка патрабуе «зьліквідаваць» чаргу на жыльлё для шматдзетных сем’яў«Ня могуць — тады няхай чакаюць у чарзе: што застанецца, аддамо ім. Мы аддамо будаваць жыльлё тым, хто хоча будаваць, груба кажучы, зь пяціпрацэнтнай рэнтабэльнасьцю, зь меншымі выдаткамі, зь ніжэйшымі коштамі», — сказаў Лукашэнка.
Пры выбары забудоўніка, паводле яго, будуць глядзець не на тое, дзяржаўнае гэта прадпрыемства ці прыватнае, галоўнае — укласьціся ў цану, бо «ў нас не багатыя людзі, каб плаціць падвойны кошт за жыльлё і дапамагаць багачам набіваць кішэні».
Кіраўнік дзяржавы таксама зьвярнуў увагу, што жыльлёвым будаўніцтвам павінны займацца прадпрыемствы, у якіх ёсьць для гэтага вытворчая база — будаўнічыя арганізацыі.
Паводле праграмы будаўніцтва жыльля на 2020 год, зацьверджанай урадам, у 2020 годзе ў Беларусі ўзьвядуць 4 мільёны квадратных мэтраў жытла.