Паводле чарговага ўказу Лукашэнкі з арганізацый, якія транспартуюць нафтапрадукты, будзе брацца падатак з прыбытку 50%. Тлумачым, што гэта значыць.
Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 9 «Аб падаткаабкладаньні». Цяпер з прыбытку арганізацый, якія транспартуюць нафту і нафтапрадукты, будзе спаганяцца падатак 50%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца з нафтай і далярам падчас міжнародных канфліктаў. Тлумачым з экспэртамТаксама падаткам абкладаецца транзыт нафты і нафтапрадуктаў празь Беларусь магістральнымі трубаправодамі. Падатак увялі, каб былі сродкі на выпадак аварыі на трубаправодзе ці іншых непрадбачаных сытуацый.
«Экалягічныя падаткі ёсьць шмат дзе, і гэта нармальная практыка, — кажа кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук. — Але гаворка пра транзыт нафты, і ў дамове мусяць быць палажэньні, якія гавораць, што такія рэчы трэба ўзгадняць з Расеяй. Увядзеньне падатку на будучыя паломкі ці аварыі — гэта дзіўны крок», — кажа кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.
На ягоную думку, на такі крок Беларусь пайшла, каб кампэнсаваць грошы, якіх мы не атрымаем з прычыны новых цэнаў на нафту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці сапраўды Расея хоча прадаваць Беларусі нафту па цэнах, «вышэйшых за ўсясьветныя»? Разьбіраемся з экспэртамі«Гэта інструмэнт прымушэньня Крамля яшчэ раз абмеркаваць нафтавае пытаньне», — лічыць Яраслаў Раманчук.
Тым часам расейскае дзяржаўнае агенцтва РИА Новости паведаміла са спасылкай на крыніцы ў галіне, што экалягічны падатак будзе плаціць беларускае прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба», а ўказ накіраваны на пераразьмеркаваньне прыбыткаў.
Намесьнік генэральнага дырэктара ААТ «Гомельтранснафта Дружба» Сяргей Булычоў, якому патэлефанаваў карэспандэнт Свабоды, устрымаўся ад камэнтароў.
13 сьнежня прадстаўнікі антыманапольных ведамстваў Беларусі і Расеі не дамовіліся па тарыфах на транзыт расейскай нафты і нафтапрадуктаў па тэрыторыі Беларусі. Перамовы працягнуцца ў бліжэйшы час. Пытаньне аб тарыфах павінна быць вырашана не пазьней за 15 студзеня, калі зрабіць гэтага не атрымаецца, рашэньне павінна быць прынятае да 1 лютага, адзначае МАРГ Беларусі.
З 1 студзеня Расея не пастаўляе нафты ў Беларусь, бо няма дамовы аб цане на яе. Ад гэтага беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць зь мінімальнай загрузкай. Новы падатак будзе тычыцца ў тым ліку расейскіх кампаній, якія транспартуюць нафту празь беларускія трубаправоды.
Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася
- 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
- Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
- Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
- 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
- Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
- Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
- Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
- Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
- Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
- Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
- Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
- Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.
Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст
Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі
Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі