Залаты запас Беларусі за 2019 год вырас на 1 тону. Колькі ён складае цяпер

За 2019 год залаты запас Беларусі вырас на 1 тону і склаў 42,2 тоны залатога эквіваленту, піша БелТА са спасылкай на інфармацыю Нацыянальнага банку Беларусі.

Залаты запас — гэта каштоўныя мэталы ў выглядзе банкаўскіх зьліткаў, якія захоўваюцца ў Цэнтральным сховішчы Нацбанку, а таксама на рахунках і ў дэпазытах за мяжой.

Наяўнасьць залатога запасу падтрымлівае давер да здольнасьці Нацбанку і ўраду краіны выконваць свае фінансавы абавязаньні і праводзіць манэтарную палітыку. Таксама каштоўныя мэталы могуць пры неабходнасьці прадавацца ці выкарыстоўвацца ў разьліках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі за год вырасьлі на траціну

Залатавалютныя рэзэрвы Беларусі на 1 студзеня склалі 9,4 мільярда даляраў і за 2019 год вырасьлі на траціну. Эканамісты тлумачаць гэта найперш тым, што насельніцтва здае больш валюты, чым купляе, і адзначаюць, што рэзэрвы ўсё адно пойдуць на сплату даўгоў.

Замежны дзяржаўны доўг Беларусі на 1 сьнежня складаў 16 596,2 млн даляраў (з пачатку году зьнізіўся амаль на 298 млн даляраў), унутраны дзяржаўны доўг — 8727 млн рублёў (з пачатку году зьменшыўся на 160 млн рублёў).

Рост золатавалютных рэзэрваў адзначаў сярод пазытыўных момантаў у беларускай эканоміцы прэм’ер-міністар Сяргей Румас. Але разам з тым ён заўважаў адставаньне ад прагнозаў тэмпаў росту эканомікі, невыкананьне плянаў у росьце прадукцыйнасьці працы, рост імпарту прадуктаў харчаваньня пры спадзе ўласных продажаў.