Намесьнік міністра архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Аляксандар Сідараў некалькі разоў зьбіраў воплескі аўдыторыі, запрошанай у студыю адмысловага праекту ўкраінскага тэлеканалу «НАШ», у якім абмяркоўвалася тэма даступнасьці жытла ва Ўкраіне і інвэстыцый у нерухомасьць.
Свабода сабрала выказваньні прадстаўніка беларускага міністэрства, якія найбольш спадабаліся прысутным у студыі гледачам. На пачатку праграмы ён па-ўкраінску прывітаўся з вядоўцай і іншымі ўдзельнікамі дыскусіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Індэкс братэрства: як украінцы ставяцца да беларусаў і расейцаў?Аляксандар Сідараў распавёў, як у Беларусі ствараўся індустрыяльны парк «Вялікі камень», аб спэцыяльным падатковым і візавым рэжыме для яго. Адказ на пытаньне вядоўцы аб тым, якім чынам у Беларусі замяшчаецца папаўненьне бюджэту ў сувязі зь льготным падаткаабкладаньнем паркаў высокіх тэхналёгій, вельмі спадабаўся ўкраінскай аўдыторыі:
«Гэта складанае пытаньне, бо дзяржава зьбірае падаткі з грамадзянаў, каб укладаць іх у будучыню, а будучыня складаецца з адукацыі, аховы здароўя, каб насельніцтва было здаровым. Будучыня — гэты ў тым ліку стабільная і моцная эканоміка» (воплескі).
Паводле намесьніка міністра, адначасова з паркам «Вялікі камень» будзе створаны «фактычна горад да 130 тысяч насельніцтва, пабудавана вялікая колькасьць заводаў».
«То бок інтэгральны эфэкт у будучым павінен быць вялізным. І тыя грошы (выдаткі на стварэньне парку — РС), якія сёньня гучаць як вялікая лічба — паўмільёна даляраў, насамрэч, у выглядзе будучых даходаў нашых грамадзян, пабудаваных імі кватэр, нагадаваных дзяцей — гэта насамрэч невялікія ўкладаньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь яшчэ больш адстала ад Украіны ў Рэйтынгу сацыяльнага разьвіцьцяАляксандар Сідараў заявіў, што ў Беларусі яшчэ ў 90-х гадах даступнасьць жытла была абвешчана прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі.
«На сёньня Беларусь сярод краін СНД, напэўна, на другім месцы па ўзроўні забесьпячэньня насельніцтва жытлом. Хаця ёсьць спэцыфіка, бо ў Беларусі больш увагі надавалася будаўніцтву жытла для сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва (воплескі аўдыторыі — РС). Усе гэтыя гады працягвае існаваць праграма ільготнага крэдытаваньня, яна мянялася ў залежнасьці ад фінансавых магчымасьцяў дзяржавы, мяняліся мэханізмы, маштабы гэтай дапамогі, але яна нязьменна заставалася. І аб’ёмы будаўніцтва жытла застаюцца дастаткова высокімі. З году ў год, напэўна, да чатырох мільёнаў мы не дацягваем, але да гэтага набліжаемся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шукаем, у каго яшчэ можна пазычыць, — жыльлёвыя гісторыі 4 маладых сем’яў
Намесьнік міністра таксама дадаў, што ў Беларусі вялізная ўвага надаецца, каб не дапускаць неабгрунтаванага павелічэньня цэнаў на будаўніцтва жытла.
«На дзяржаўным узроўні гэта ажыцьцяўляецца. Нельга сказаць, што кантроль, бо няма такіх мэханізмаў, мы ўсё ж такі, хаця і сацыяльна арыентаваная, але рынкавая эканоміка. Гэта пэўны маніторынг цэнаў на будаўнічыя матэрыялы, пэўны кантроль-маніторынг за праектамі ў сацыяльным будаўніцтве. То бок, каб не ўкладаць грошы ў архітэктурныя празьмернасьці. І гэта працуе. Для даступнасьці жытла трэба вырашыць зусім іншую задачу, значна больш глябальную — гэта забясьпечыць даходы насельніцтва. ... У Эўропе жытло даступнае не таму, што там яно таннае. А таму што высокія даходы дазваляюць гэта вырашаць» (воплескі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства архітэктуры абяцае спыніць рост цэнаў на жыльлёПадтрымку аўдыторыі выклікаў і адказ намесьніка міністра архітэктуры і будаўніцтва на пытаньне аб мэтах у 2020 годзе: «Хацелася б, каб у гэтым годзе ўзаемадзеяньне між Беларусьсю і Ўкраінай паляпшалася!»
Цалкам эфір праграмы можна паглядзець тут:
Інфармацыйны тэлеканал «НАШ» быў заснаваны ў 2018 годзе колішнім дэпутатам Партыі рэгіёнаў Яўгенам Мураевым.