Апэратар супрацьпаветранай абароны Ірана самастойна вырашыў выпусьціць крылатую ракету па самалёце «Міжнародных авіяліній Украіны», ня здолеўшы зьвязацца з камандаваньнем, заявіў на прэс-канфэрэнцыі камандуючы ваенна-касьмічнымі сіламі Амір Алі Хаджызадэ. Яго заяву распаўсюдзіла дзяржаўнае іранскае агенцтва IRNA.
Паводле генэрала, сыстэма СПА Ірана прыняла ўкраінскі самалёт за крылатую ракету, а сувязь у гэты момант была няспраўная.
«Альбо спрацавала сыстэма перашкод, альбо сетка была занятая, але ён ня змог зьвязацца. У яго была магчымасьць прыняць рашэньне цягам пяці сэкунд. На жаль, ён прыняў няправільнае рашэньне і запусьціў ракету па цэлі», — сказаў Хаджызадэ.
Хаджызадэ дадаў, што ваенныя Ірану прасілі спыніць авіязносіны на час ракетнага ўдару па вайсковых базах ЗША ў Іраку, але гэтае патрабаваньне не выканалі.
Генэрал адзначыў, што сытуацыя ў рэгіёне была напружанай пасьля нанясеньня ўдараў ЗША, а войскі СПА былі прыведзеныя ў 100%-ную боегатоўнасьць. На яго думку, у гэтай сытуацыі ўлады павінны былі абвесьціць забарону на палёты грамадзянскіх суднаў, аднак гэтага не адбылося.
Ён заявіў, што арганізацыя грамадзянскай авіяцыі Ірана аспрэчвала здагадкі пра тое, што самалёт быў зьбіты ракетай, не з-за жаданьня схаваць тое, што адбылося. Яны дзейнічалі на падставе сваіх уласных ведаў і не ведалі пра гэты інцыдэнт.
«Па іх зьвестках, калі ракета трапіла ў самалёт, ён мусіў выбухнуць ў небе, але яна была маленькай, таму самалёт ня выбухнуў і ўпаў на зямлю».
Раней прэзыдэнт Ірана Хасан Роўхані пацьвердзіў, што іранскія вайскоўцы па памылцы зьбілі пасажырскі Boeing 737 «Міжнародных авіяліній Украіны». У сваёй заяве ён распарадзіўся знайсьці вінаватых у гэтай трагедыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Ірану прызнаў, што іранскія вайскоўцы выпадкова зьбілі ўкраінскі пасажырскі самалётПрэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі напісаў у Facebook, што яго краіна чакае ад Ірану правядзеньня поўнага і адкрытага расьсьледаваньня бяз штучнага зацягваньня і прыцягненьня вінаватых да адказнасьці.
«Раніца была ня добрай, але яна прынесла праўду. Яшчэ да заканчэньня працы міжнароднай камісіі Іран прызнаў сябе вінаватым у катастрофе ўкраінскага самалёта. Але мы настойваем на поўным прызнаньні віны. Мы чакаем, што Іран будзе гатовы да поўнага і адкрытага расьсьледаваньня, прыцягнуць вінаватых да адказнасьці, вярнуць целы загінулых, выплаціць кампэнсацыю і афіцыйныя выбачэньні па дыпляматычных каналах», — напісаў Зяленскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі запатрабаваў ад Ірана «поўнага прызнаньня віны» за зьбіты самалётСамалёт Boeing 737-800 NG украінскай кампаніі МАУ, які накіроўвася ў Кіеў, пацярпеў катастрофу каля аэрапорта ў Тэгеране 8 студзеня. Загінулі 176 чалавек.
Крушэньне ўкраінскага самалёту ў Іране. Што трэба ведаць
- Самалёт Boeing 737-800 NG (рэйс PS752, рэгістрацыйны нумар UR-PSR) вылецеў каля 6:10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, зьнік з радараў празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту.
- Усе на борце загінулі. На борце было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу. Авіякампанія МАУ апублікавала сьпісы загінулых пасажыраў і чальцоў экіпажу.
- Сярод загінулых у катастрофе было найбольш грамадзян Ірану (82 чалавекі) і Канады (63 чалавекі), а таксама 11 грамадзян Украіны (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажу), 10 грамадзян Швэцыі, 4 — Аўганістану, 3 — Нямеччыны і 3 — Вялікай Брытаніі, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.
- Самалёт быў выраблены ў 2016 годзе, атрыманы МАУ непасрэдна з заводу Boeing, апошні раз прайшоў плянавае тэхнічнае абслугоўваньне 6 студзеня 2020 году. МАУ заяўляе, што гарантуе спраўнасьць сваіх самалётаў і высокую кваліфікацыю пілётаў.
- Паводле першай рэакцыі іранскага боку, самалёт разьбіўся з тэхнічных прычынаў, якія прывялі да аварыі рухавіка.
- 11 студзеня, праз 3 дні пасьля катастрофы, прэзыдэнт Ірана Хасан Роўхані прызнаў, што іранскія вайскоўцы па памылцы зьбілі пасажырскі Boeing 737 «Міжнародных авіяліній Украіны». Ён распарадзіўся знайсьці вінаватых у гэтай трагедыі.
- Камандуючы ваенна-касьмічнымі сіламі Ірана Амір Алі Хаджызадэ паведаміў, што апэратар супрацьпаветранай абароны Ірану самастойна вырашыў выпусьціць крылатую ракету па самалёце, ня здолеўшы звязацца з камандаваньнем.