Іран адмаўляе, што «Боінг» украінскай авіякампаніі, які разьбіўся раніцай 8 студзеня пад Тэгеранам, быў зьбіты ракетай — як заявілі напярэдадні са спасылкай на дадзеныя выведкі кіраўнікі Канады і Вялікабрытаніі, а таксама некаторыя заходнія СМІ.
У афіцыйнай заяве іранскіх уладаў, апублікаванай дзяржаўным агенцтвам IRNA, сьцьвярджэньні аб тым, што «Боінг» быў зьбіты, называюцца «добра прадуманым крокам у рамках псыхалагічных апэрацый», а таксама «вялікай хлусьнёй». Кіраўнік іранскага ведамства грамадзянскай авіяцыі Алі Абэдзадэ, у сваю чаргу, заявіў, што «з навуковага пункту гледжаньня немагчыма», каб украінскі самалёт быў зьбіты ракетай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран запрасіў амэрыканцаў расьсьледаваць крушэньне ўкраінскага «Боінга»Іранскія ўлады заявілі, што запрасілі да ўдзелу ў расьсьледаваньні прадстаўнікоў кампаніі-вытворцы самалёта — амэрыканскага «Боінга» — а таксама Канады і іншых зацікаўленых краінаў. Да ўдзелу ў расьсьледаваньні запрошаны і прадстаўнік Нацыянальнай рады ЗША па бясьпецы на транспарце.
У Іране ўжо працуюць спэцыялісты з Украіны. Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што вэрсія аб пападаньні ракеты ў самалёт не выключаецца, але пакуль не зьяўляецца пацьверджанай. Ён заклікаў ЗША, Канаду і Вялікабрытанію падзяліцца інфармацыяй аб крушэньні, якая знаходзяцца ў распараджэньні гэтых краінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі назваў вэрсію аб ракеце «непацьверджанай» і папрасіў кіраўнікоў ЗША і Канады падзяліцца інфармацыяйАфіцыйны Вашынгтон пакуль не выступаў са сьцьвярджэньнямі, што ўкраінскі самалёт быў зьбіты Іранам. Аднак шматлікія амэрыканскія СМІ, якія пішуць пра гэта, спасылаюцца на крыніцы ў выведцы ЗША і ў Пэнтагоне. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ня верыць у вэрсію аб тэхнічнай няспраўнасьці самалёта. «Хтосьці мог зьдзейсьніць памылку», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністар Канады Трудо: Украінскі самалёт зьбіла іранская ракетаПрэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо, а затым брытанскі прэм’ер Борыс Джонсан, выказаліся больш вызначана. Яны сказалі, што ёсьць вялікі аб’ём інфармацыі, які дазваляе выказаць здагадку, што авіяляйнэр быў зьбіты іранскай ракетай, — магчыма, ненаўмысна.