45 сутак арышту і 2625 рублёў штрафу. Але Павал Севярынец «здавацца» не зьбіраецца

Павал Севярынец падчас пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй у Менску, 20 сьнежня 2019 году

45 сутак арышту агулам за пратэсты ў абароны незалежнасьці Беларусі атрымаў ад беларускіх уладаў палітык Павал Севярынец.

10 студзеня Паўла Севярынца вызвалілі пасьля адбыцьця 15 сутак. Яшчэ 30 сутак арышту за ўдзел у дзьвюх акцыях Павал атрымаў сёньня. Сам «здавацца» на адседку Севярынец не зьбіраецца. Кажа, буду займацца справамі на волі, колькі будзе часу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Севярынцу прысудзілі яшчэ 30 сутак пасьля 5 гадзін на волі

«Я паспрабую зрабіць тыя справы, якія трэба зрабіць на волі. Але ясна, што зьбіраюцца выканаць распараджэньне Лукашэнкі, каб не хадзілі па вуліцах, і трэба „вырубіць“, я так разумею, вулічных арганізатараў. Адначасова ідзе „кампанія-2020“ — нэўтралізацыя палітычных супернікаў, — тлумачыць Павал Севярынец у камэнтары Радыё Свабода. — З аднаго боку, Лукашэнка пасылае сыгнал Пуціну, што ён, маўляў, змагаецца з „нацыяналістамі“. З другога, ён, напэўна, хоча стабілізаваць сытуацыю перад прэзыдэнцкімі выбарамі і сур’ёзнымі размовамі з расейцамі. Зачышчае, закручвае гайкі, гэта звычайны пэрыяд рэпрэсій».

На пытаньне, якой будзе стратэгія апазыцыі для абароны незалежнасьці Беларусі на найбліжэйшы час, Севярынец адказвае:

«Буду рабіць усё, што ў маіх сілах. Я лічу, што пры самым малым намёку на тое, што Беларусь можа быць здадзеная, трэба пратэставаць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Судовы канвэер» працягнуўся: 60 сутак і звыш 14 000 рублёў за акцыі супраць інтэграцыі

Адседка перашкодзіла Севярынцу прысутнічаць на абвешчаным мітынгу за незалежнасьць 29 сьнежня. Напярэдадні лідары апазыцыі зьмянілі плян, абвешчаны Севярынцам, і замест мітынгу а 12 гадзіне абвясьцілі «ланцуг за незалежнасьць» а 15-й. Аднак людзі прыйшлі на абедзьве акцыі. Севярынец дзеяньні сваіх паплечнікаў камэнтаваць адмаўляецца.

«Ня буду казаць багата крытычных словаў. Хто што можа, той тое і робіць, — адказвае Павал. — Дзякуй усім людзям, якія прыйшлі 29-га сьнежня. І тым, хто па рэгіёнах гэта ўсё зрабіў. Я спадзяюся, што ў беларусаў дастаткова тых, хто будзе пратэставаць. І дастаткова тых, хто паспрабуе абудзіць беларускі народ. Галоўная задача — ня проста зрабіць карцінку і вывесьці тысячу ці дзесяць тысяч чалавек. Наша задача — абудзіць беларускі народ, які пакуль што „сьпіць у шапку“. А Беларусь прадаюць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогеру Ціханоўскаму ў Гомлі прысудзілі яшчэ 15 сутак арышту за менскія пратэсты

У сям’і Паўла і Вольгі Севярынцаў гадуецца малы сын Францішак. Агулам Паўлу прысудзілі 2 625 рублёў штрафу за ўдзел у мітынгах. Гэтая сума непад’ёмная для іх сямейнага бюджэту, кажа Павал. «Мая сям’я без дапамогі неабыякавых людзей проста збанкрутавала б, — кажа Павал. — Нават адзін штраф у 50 базавых большы, чым наш сямейны бюджэт. Дзякуй неабыякавым людзям, якія дапамагаюць».

Яшчэ горш для сям’і — доўгая адсутнасьць бацькі. Вользе Севярынец на час адсутнасьці Паўла дапамагаюць бацькі яе і Вольгі, і таксама сябры. Сям’я Севярынцаў вельмі ўдзячная ўсім за гэтую дапамогу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шэры кот» ня выйшаў на волю: яго пасадзілі яшчэ на 15 сутак

10 сьнежня Паўла Севярынца судзілі ў трох адміністрацыйных справах за ўдзел у мітынгах супраць інтэграцыі з Расеяй. Акрамя арышту Севярынцу раней прысудзілі штрафы ў 1275 і 1350 рублёў (на другі суд яго не даставілі з арышту). Ён сустрэў за кратамі і дзень народзінаў (30 сьнежня палітыку споўнілася 43 гады), і Новы год, і Раство.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019

  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»