Шасьцігадовы Міхаэль Якімчык сустрэўся з мамай Людмілай ранкам 10 студзеня. Напярэдадні яго знайшлі ў расейскай Анапе.
Як расказаў каардынатар пошукавага атраду «ЦэнтарСпас» Яўген Тышчанка, Міша адчувае сябе добра. Ён адразу пазнаў маці пры сустрэчы. Апошнім часам моцна сумаваў па ёй.
Ягонага бацьку Вітальда разам з хлопчыкам, дзякуючы інфармацыі на арыентыроўках аб пошуку, пазналі мясцовыя жыхары. Яны перадалі інфармацыю ў расейскі пошукавы атрад «Надежда».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенскага хлопчыка, зь якім тата зьехаў у невядомым кірунку, знайшлі праз два месяцы ў Расеі5 студзеня расейская паліцыя затрымала Вітальда і ўзяла пад варту за гвалт над былой жонкай. У Беларусі мужчына неаднаразова біў і абражаў Людмілу. Яна напісала заяву ў міліцыю. У гэтай справе ўжо праходзілі перадсудовыя сустрэчы. Менавіта ў гэты пэрыяд Вітальд зьнік разам зь Мішам.
Бацьку экстрадуюць у Беларусь, дзе яго будуць судзіць за гвалт над былой жонкай.
Міша з 5 студзеня знаходзіўся ў дзіцячым прытулку. Яго ўжо перадалі маці. Увечары 10 студзеня мама і сын плянуюць выехаць у Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Біў галавой аб сьцяну». Мужчына зьдзекаваўся з жонкі, а потым зьнік з малым сынамБацька Вітальд Якімчык забраў малога Мішу зь дзіцячага садку 28 кастрычніка каля 11.00. Яны ў разводзе з жонкай, але ў той дзень дамаўляліся забраць Мішу разам пазьней і пагуляць з малым. Чаму Вітальд вырашыў інакш, невядома. З таго часу маці ня бачыла сына і ня ведала, дзе ён і ў якім стане. Хлопчыка з татам шукалі беларускія і расейскія праваахоўнікі і пошукавыя атрады.