Каго назвалі ляўрэатамі прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці». ФОТА
У намінацыі «Грамадзкі лідэр /лідэрка году» сёлета 2 пераможцы: Сьвятлана Гатальская і Алена Масьлюкова.
На фота — прэмію атрымлівае Сьвятлана Гатальская, адна зь лідэрак руху «Маршыруй, дзетка!», які прасоўвае прыняцьцё закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту.
Грамадзкай лідэркай году назвалі і Алену Масьлюкову, лідэрку ініцыятывы супраць запуску заводу беленай цэлюлёзы ў Сьветлагорску. Алена Масьлюкова актыўна ставіць пытаньні экалягічных правоў жыхароў свайго гораду і імкнецца кансалідаваць дзейнасьць падобных ініцыятываў на нацыянальным узроўні.
У намінацыі «Новая ініцыятыва» перамагла адукацыйная пляцоўка «Тэрыторыя правоў» — сумесная ініцыятыва Беларускага дому правоў чалавека і Праваабарончага цэнтру «Вясна», якая бясплатна дае памяшканьне для сустрэчаў грамадзкім арганізацыям.
За першы год працы на пляцоўцы прайшлі больш за 170 сустрэчаў і выставаў, у якіх паўдзельнічалі больш за 2700 чалавек.
У намінацыі «Рэгіянальная падзея» перамог праект Сашы Аўдзевіча «Інклюзіўны барыста» — навучаньне інвалідаў-вазочнікаў навыкам барысты.
З гэтым праектам Саша Аўдзевіч праехаў па рэгіёнах Беларусі. Мэта праекту — дапамагчы інвалідам-вазочнікам з працаўладкаваньнем, напрыклад адкрыць уласную кавярню.
У намінацыі «Талака году» перамагла краўдфандынгавая пляцоўка MolaMola. Сёньня плятформай карыстаюцца больш за 650 кампаніяў. Пляцоўка зрабіла збор грошай яшчэ больш даступным: новы мэханізм дазваляе зьбіраць грошы на розныя мэты наўпрост на картку аўтара ініцыятывы; інфармацыю пра кампанію можна разьмясьціць за 15 хвілінаў.
У намінацыі «Мэдыяактыўнасьць году» перамог блогер Андрэй Павук з раённага цэнтру Акцябрскага (Рудобелкі), за ягоны youtube-канал «Рудобельская паказуха», які падымае вострыя пытаньні мясцовага жыцьця ў крэатыўнай і дасьціпнай форме. Сёлета папулярнасьць каналу імкліва вырасла — на яго падпісаліся 13000 чалавек.
«Гарбуз году» за нэгатыўныя дзеяньні ў дачыненьні да арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці ды іх ініцыятываў атрымаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк за апраўданьне зносу памятных крыжоў у Курапатах і перасьледу абаронцаў мэмарыялу.
«Партнэрствам году» названае ўсталяваньне помніка Алесю Адамовічу ў Глушы, сродкі на які сабрала грамадзянская супольнасьць. Ініцыяваў збор грошай жыхар Бабруйску Андрусь Архіпенка, яму і ўручылі прэмію. Помнік падрыхтаваў скульптар Гэнік Лойка.
Журналісткай году прызналі Дзіяну Серадзюк, якая вядзе рубрыку «Грамадзтва» ў газэце «Новы Час». Яна асьвятляла значныя для грамадзтва вострыя сытуацыі і канфлікты, у тым ліку вакол Курапатаў і Вайсковых могілак, праблемы барацьбы за моўныя правы і інш.
«Кампаніяй году» названая Кампанія ўшанаваньня паўстанцаў 1863—1864 гадоў у Вільні. Дзякуючы намаганьням Беларускага грамадзкага камітэту ўшанаваньня памяці паўстанцаў, іншых ініцыятываў ды СМІ, тысячы беларусаў узялі ўдзел у цырымоніі перапахаваньня Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў.
У намінацыі «Крэатыў году» перамог Віктар Клімус, ініцыятар стварэньня мабільнай праграмы ReBrest — гэта гід па архітэктурнай спадчыне Берасьця. У ёй страчаныя архітэктурныя помнікі ажываюць з дапамогаю тэхналёгіі даданай рэчаіснасьці.