Старшыня «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава і актывіст Пятро Маркелаў 9 студзеня сустрэліся з начальнікам ГУУС Менгарвыканкаму Іванам Кубраковым. Яны абмеркавалі ўтрыманьне ў ізалятары на Акрэсьціна кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на выбарах 2019 году Станіслава Шашка.
Чаму арыштавалі Шашка?
Шашка затрымалі ўвечары 26 сьнежня за ўдзел у акцыі пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. 28 сьнежня Шашка арыштавалі на 15 сутак і зьмясьцілі ў ізалятар на вуліцы Акрэсьціна ў Менску.
Што адбылося?
За час арышту адваката да Шашка пусьцілі толькі 1 раз. Прычынай нядопуску супрацоўнікі ізалятару называлі занятасьць пакояў для спатканьняў з адвакатамі.
Праваабаронцы і сваякі ня ведаюць, што адбываецца з Шашком і хвалююцца за ягонае жыцьцё і здароўе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы зьвярнуліся да міністра ўнутраных справаў і памочніка пракурора Менску
Што сказаў кіраўнік менскай міліцыі?
Паводле «Прававой ініцыятывы», Іван Кубракоў ня ўбачыў праблемы ў тым, што ўсе пакоі для сустрэч з адвакатамі ў ізалятары на працягу некалькіх дзён былі занятыя, паколькі, права на адваката ўсё ж было рэалізавана.
Кубракоў таксама прапанаваў напісаць заяву Пятру Маркелаву, якога арыштавалі ў сьнежні за відэаздымку падчас падліку галасоў на парлямэнцкіх выбарах 2019 году. Тады адвакатка не магла сустрэцца з Маркелавым цягам 4 дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арыштаваны назіральнік, які здымаў на відэа падлік галасоў, скардзіцца на ўмовы ў турме на Акрэсьціна«Прававая ініцыятыва» лічыць фармалізмам пазыцыю Кубракова і зьбіраецца сустрэцца зь міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым.
Акрамя Шашка, за пратэсты супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй арыштавалі яшчэ некалькі чалавек — Паўла Севярынца, Максіма Вінярскага, Яўгена Афнагеля, Леаніда Кулакова, Дзяніса Урбановіча, Максіма Урбановіча, Сяргея Ціханоўскага, Алеся Чахольскага, Алену Таўстую. Большасьць зь іх сустрэла Новы год за кратамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС шукала і не знайшло парушэньняў санітарных нормаў у турме на Акрэсьціна
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»