У Аўстраліі працягваюцца самыя моцныя ў гісторыі краіны пажары. У агні загінулі 25 чалавек, больш за 1 мільярд жывёлаў, зьнішчана каля 6 мільёнаў гектараў лесу, дзьве тысячы жылых дамоў.
Узровень забруджваньня паветра ў сталіцы Аўстраліі Канбэры ў 26 разоў перавысіў крытычную адзнаку.
Разам зь мясцовымі жыхарамі пакутуюць і беларусы, якія стала жывуць у Аўстраліі.
«У навагоднюю ноч Канбэру накрыў страшны чорны дым. Было 44 градусы сьпякоты»
Беларуска Алена Говар жыве ў Аўстраліі 29 гадоў. Родам яна з-пад Моўчадзі, што ў Баранавіцкім раёне. Працуе ў Канбэрскім унівэрсытэце, выкладае расейскую мову ў аўстралійскім МЗС, курыруе шмат розных праектаў. Кажа, што калі пачаліся пажары, спачатку не было адчуваньня, што гэта так сур’ёзна, бо ў Аўстраліі кожнае лета штосьці гарыць.
«Але перад самым Новым годам, 31 сьнежня а 21-й вечара, у Канбэру прыйшоў жудасны дым — чорны, страшны. Дым нагадваў канец сьвету. Неба стала аранжава-шэрым. Да мяне якраз на сьвяты прыехаў сын з Ангельшчыны, мы адкрылі інтэрнэт — пажары былі ня блізка, за 200 кілямэтраў ад нас. Аднак гэты кашмар доўжыўся 3 дні.
А падчас дыму было яшчэ 44 градусы сьпякоты. Закрылі ўстановы. Людзі кінуліся купляць маскі, яны скончыліся. А потым страшны дзень быў 5 студзеня, сьвітанку наагул не было — усё было аранжава-шэрае. Забруджанасьць паветра была такая, што зашкальвалі ўсе прыборы.
Новы год, Раство — у людзей вакацыі, адпачынкі. Канбэра не на моры, 2 гадзіны на машыне. Пажары былі ўздоўж горнага хрыбта, дзе вельмі прыгожыя месцы, зарослыя лясамі, з другога боку — акіян, курортныя мясьціны. А ў людзей лецішчы, загарадныя дамы менавіта ў той курортнай зоне, што гарыць. Калі пажар прыйшоў на самыя дарагія нашы месцы, дзе пляжы, запаведнікі, рэліктавыя лясы з прыручанымі дзікімі жывёламі — было вельмі страшна. Гараць нават вільготныя трапічныя лясы ў горных цясьнінах. Мы зразумелі, што гэта не звычайныя пажары, да якіх Аўстралія прывыкла, а сапраўдная катастрофа», — кажа Алена.
«Дзяржава была не гатовая да такіх маштабных пажараў. А прэм’ер наагул зьехаў на Гаваі»
Голас у Алены Говар вельмі хрыплы — кажа, што гэта наступствы таго страшнага дыму і забруджанага паветра. Прызнаецца, што толькі цяпер зразумела, наколькі чалавецтва ўразьлівае, а зямля кволая, і наколькі непрадказальныя пагрозы кліматычных зьменаў.
«Усе кпілі з Грэты Тунбэрг, але, мне здаецца, прынамсі ў Аўстраліі людзі пачалі разумець, як гэта ўсё сур’ёзна. Пацяпленьне на 1 градус дае непрадказальны эфэкт. А пажар — ня проста агонь, які распаўсюджваецца з дрэва на дрэва, з дома на дом, гэта як напалм.
На мой погляд, дзяржава была не гатовая да такіх маштабных пажараў. А прэм’ер-міністар наагул на вакацыі зьехаў на Гаваі.
Не хапала элемэнтарных масак. У нас вельмі мала прафэсійных пажарных. У вялікіх гарадах яны ёсьць, а ў сельскай мясцовасьці — толькі валянтэры. Аказалася, што бедзтва велічэзнага маштабу», — кажа Алена Говар.
«У Мэльбурне ёсьць крыху дыму ад пажараў, часам мы чуем пах агню ў паветры»
Тамара Субач і яе муж Мікалай нарадзіліся ў Беларусі. Калі яны былі зусім маленькія, іхнія бацькі эмігравалі. Летась абое адзначылі 70-годзьдзе прыезду сваіх сем’яў у Аўстралію. Там яны і пажаніліся.
«Мы абодва пэнсіянэры, жывём на ўскрайку Мэльбурна. Пажары бушуюць за некалькіх сотняў кілямэтраў адсюль, таму ў нас няма асабістага досьведу iх узьдзеяньня, і, на шчасьце, у нас няма ні сваякоў, ні знаёмых на пацярпелых ад пажару тэрыторыях. Таму наш „досьвед“ пажараў — гэта толькі тое, што мы бачым у навінах тэлебачаньня, якія, мне падаецца, трансьлююцца па ўсім сьвеце.
У Мэльбурне ёсьць крыху дыму ад пажараў, і часам мы можам чуць пах агню ў паветры.
Я ўпэўнена, што ў гэтых умовах улада робіць усё магчымае, але наколькі гэта дастаткова, могуць судзіць толькі людзі, якiх гэта датычыць», — кажа Тамара Субач.
«Я кашляць перастаў, толькі як зьехаў з Канбэры ў Мэльбурн»
Беларус Ян Дашкевіч стала жыве ў Канбэры, дзе ўзровень забруджваньня паветра ў 26 разоў перавысіў крытычную адзнаку «небясьпечна для жыцьця». Тыдзень таму ён на пэўны час зьехаў у Мэльбурн.
«Але тыдзень таму пах быў такі, нібыта стаіш каля вогнішча, у якім паляць лісьце. Я кашляць перастаў, толькі як зьехаў з Канбэры ў Мэльбурн», — прызнаецца Ян. Бальшыня беларусаў жыве ў буйных гарадах, таму яны пакутуюць разам з астатнімі жыхарамі, працягвае ён.
«Некаторыя гарады, да прыкладу, Сыднэй, Мэльбурн, знаходзяцца на ўзьбярэжжы, таму марскі брыз часам дае глыток чыстага паветра. Што да гарадоў, замкнутых сярод лясных масіваў (кшталту Канбэры), то дым часам стаць такі, што некаторыя працадаўцы закрываюцца на некалькі дзён», — кажа Ян Дашкевіч.
Многія дзяржаўныя ўстановы, музэі, дзіцячыя садкі, забаўляльныя цэнтры прыпынілі сваю працу ў сталіцы з прычыны моцнага смогу ад лясных пажараў, паведаміў тэлеканал SBS News.
«Пажары тут буяюць заўсёды, але сёлета іх проста «запусьцілі»
Раман Капацэвіч жыве ў Сыднэі нядаўна — паўгода таму прыехаў у Аўстралію вучыцца.
«У буйных гарадах пастаянна стаіць смог, туман, дым. Попел лётае ў паветры. Калі на бальконе пакідаеш рэчы, яны пакрываюцца попелам. Відовішча вельмі незвычайнае: неба жоўтае, сонца чырвонае. Калі брыз з акіяну, у Сыднэі яшчэ больш-менш можна дыхаць, а калі ветру няма, вельмі некамфортна сябе адчуваеш. У Канбэры яшчэ горш, бо там няма акіяну.
Сыднэй цяпер вельмі разбудаваўся ўшыр, да лясных масіваў, і на ўскраінах ужо гараць дамы. Моцны вецер пераносіць вуглі, зьяўляюцца новыя ачагі пажараў.
Пажары тут буяюць заўсёды, але сёлета іх проста, на мой погляд, «запусьцілі». Прычым самі пажарныя паляць лісьце, ачышчаюць лясы, але цяпер пажары сталі некіраваныя, некантраляваныя.
Шмат валянтэраў пайшлі вучыцца на пажарных, ім плацяць даволі прыстойныя грошы. Людзі, дабрачынныя фонды дапамагаюць, ахвяруюць шмат сродкаў і «зоркі», — кажа Раман.
Асноўная прычына пажараў — засуха, сьпякота
Прэм’ер-міністар Аўстраліі Скот Морысан назваў прычынай пажараў засуху, якая не пакідае краіну ўжо 3 гады. Паводле ягоных слоў, з прычыны сьпякоты большая частка расьлінаў на ўсходзе краіны засохла, што прывяло да самаўзгараньня і распаўсюджваньня агню. 4 студзеня ў раёне Сыднэя мэтэаролягі зафіксавалі +47,3ºС, у Канбэры +43.
Больш за ўсё ад агню пацярпелі ўсходнія штаты — Новы Паўднёвы Ўэльс і Вікторыя, адкуль ужо некалькі разоў за апошнія чатыры месяцы эвакуавалі мясцовых жыхароў.
Ад пажараў загінулі 25 чалавек, больш за 1 мільярд жывёлаў
Пра гэта паведамляе сайт паліцыі штата Новы Паўднёвы Ўэльс.
Па апошніх падліках, у краіне зьнішчана каля 6 мільёнаў гектараў лесу, дзьве тысячы жылых дамоў і тры тысячы адміністрацыйных будынкаў.
Усясьветны фонд дзікай прыроды (WWF) прыводзіць такія лічбы — па стане на 7 студзеня маглі загінуць 1,25 мільярда жывёлаў. У прыватнасьці, ахвярамі стыхіі сталі тысячы каалаў у прыбярэжных раёнах штата Новы Паўднёвы Ўэльс, а таксама кенгуру, сумчатыя ляцягі, какаду. Дым ад пажараў дасягнуў ужо Паўднёвай Амэрыкі (Бразыліі, Чылі, Аргентыны), паведамляе прыватная бразыльская мэтэаралягічная кампанія MetSul.
Валянтэры вучацца на пажарных
На барацьбу з пажарамі ўлады накіравалі каля 3,5 тысячы вайскоўцаў. Змагацца са стыхіяй дапамагаюць сотні сельскіх добраахвотнікаў, якім урад паабяцаў такія ж кампэнсацыі, як і пажарным — да 300 даляраў у дзень, агулам сама больш 6000 долараў, піша The Canberra Times.
Стыхійнае бедзтва аб’яднала нацыю: людзі ахвяруюць грошы, запісваюцца ў валянтэры, зьбіраюць сродкі на дапамогу фэрмэрам. Вядомая кіназорка Ніколь Кідман і сьпявачка Кайлі Міноўг, якія нарадзіліся ў Аўстраліі, ахвяравалі пацярпелым ад пажараў па 500 тысяч даляраў кожная.
Аўстралійцы не задаволеныя дзеяньнямі ўраду
Жыхароў Аўстраліі вельмі абурыла, што калі пачаліся пажары, прэм’ер-міністар Скот Морысан зьехаў у адпачынак на Гаваі. Калі стала вядома пра гібель дваіх валянтэраў-пажарных, ён мусіў датэрмінова вярнуцца і апраўдвацца — маўляў, пад канец мінулага тыдня сытуацыя была не такая, як сёньня.
Паказальнае відэа зьняў тэлеканал «7 News». Перад здымачнай групай спыняецца пажарная машына, і пажарны, выглянуўшы з вакна, кажа: «Вы ж з мэдыя? Перадайце прэм’еру, каб ён ішоў... (нецэнзурна)».
***
Беларуская амбасада ў Японіі перасьцерагае беларусаў ад наведваньня штатаў Новы Паўднёвы Ўэльс і Вікторыя.